Артысты з Запясочча: музыка аб’яднала чатыры пакаленні сям’і Абібокаў

Артысты з Запясочча: музыка аб’яднала чатыры пакаленні сям’і Абібокаў

Удзельнікі народнага калектыву «Абібок» з тураўскай вёскі Запясочча ніколі не былі гультаямі, але спявалі і танцавалі без перапынку. Гэты сямейны ансамбль ужо больш за 15 гадоў дорыць людзям радасць сустрэчы з цудоўнай песняй

...У актавай зале Запясоцкай базавай школы – дзіцячага сада яблыку няма дзе ўпасці. Гучыць музыка: матывы палескія, спевы шчырыя, пранікнёныя. І ўсё так мілагучна, што складана вытрымаць, каб не кінуцца ў скокі. Дзятва, нібы зачараваная, не зводзіць вачэй са сцэны і гучна пляскае ў далоні артыстам пасля кожнага выкананага нумара.

Артысты ўсім добра знаёмыя: дзед Косця і бабуля Ганна, якіх з раніцы да цемры можна ўбачыць на агародзе. Па іроніі лёсу выпала ім насіць «несправядлівае» прозвішча Абібок, хаця род гэты спрадвеку быў працавітым, гультаёў у ім не вадзілася. Побач спяваюць дачка і зяць: прыгажуня цётка Валя ды яе муж-музыка – дзядзька Сяргей.

PRAS.by""

Пасля выступлення Валянціна Канстанцінаўна, кіраўнік калектыву, знаёміць нас са сваім бацькам, якому пайшоў ужо восьмы дзясятак. Менавіта ён, электрык па прафесіі, гарманіст, спявак і танцор, навучыў сваіх дачок адчуваць музыку, іграць на гармоніку, баяне, бубне і турэцкім барабане. Стары паляшук прызнаецца, што музычную спадчыну, у сваю чаргу, атрымаў таксама ад бацькі – Канстанціна-старэйшага. Быў той выдатным скрыпачом-самавукам, без яго ніводнае свята ў акрузе не абыходзілася.

Пра асаблівую любоў гэтай сям’і да музыкі сведчыць сямейная быль. У ваеннае ліхалецце Абібокам прыйшлося сысці з роднай вёскі – наступаў карны атрад, які нікога не пакідаў у жывых на сваім шляху. На агародзе паспелі зрабіць сховішча і закапалі там разам са збожжам сямейную рэліквію – гармонік. Калі ж вярнуліся ў родныя мясціны пасля вызвалення, хаты ўжо не было: ворагі разабралі яе, будуючы пераправу праз Прыпяць. Сховішча таксама нехта знайшоў. Хлеб забралі, але гармонік не кранулі, чаму Абібокі надта абрадаваліся.

Стары тульскі гармонік дапамог выжыць у пасляваенны час. Вяскоўцы пакрысе залечвалі раны вайны, пачыналі адзначаць святы і запрашалі пайграць на іх Кастуся Абібока. Непрыкметна музыкай і спевамі захапіліся яго дочкі. Валя ў пяцігадовым узросце асвоіла ігру на гармоніку. Неўзабаве бацька з дачкой пачалі выступаць дуэтам. З цягам часу на сцэну выйшла і маці – Ганна Аляксееўна, стваральніца гумарыстычных прыпевак. А потым Валянціна ўжо выступала ў пары са сваім мужам Сяргеем Страхам.

Сяргей добра спявае, віртуозна іграе на баяне, а таксама на флейце і кантрабасе. На апошнім інструменце навучыў іграць і сына Валянціны – Мікалая. Праўнучка старэйшыны калектыву – маленькая Маша – таксама хораша спявае, выконвае жартоўныя песні. Музыка, такім чынам, аб’яднала чатыры пакаленні адной сям’і.

У рэпертуары ансамбля за 15 гадоў з’явіліся сотні новых песенных і танцавальных твораў, як правіла, народных. Ёсць і адно жорсткае правіла: кожны аўтэнтычны твор даносіцца гледачам у тым выглядзе, у якім выконваўся на працягу стагоддзяў.

Штогод “Абібок” ладзіць больш за паўсотні канцэртаў. Музычная сям’я выступала ў многіх кутках Гомельшчыны, прыязджала і ў сталіцу, неаднаразова станавілася лаўрэатам конкурсаў і фэстаў рознага ўзроўню. Зусім нядаўна, напрыклад, калектыў літаральна ўзарваў залу абласнога Дома прафсаюзаў сваім выступленнем і атрымаў званне «Гомельскі майстар». Усё гэта, безумоўна, дае творчай сям’і адчуванне запатрабаванасці і карыснасці справы, якую яна робіць. Як адзначаюць Абібокі, калі яны бачаць радасныя вочы людзей, то і самі перажываюць прыемныя моманты шчасця.

PRAS.by""
Фото:
поделиться в соцсетях