Ельшчына: месца, дзе жывыя традыцыі

Ельшчына: месца, дзе жывыя традыцыі

Ельская зямля багатая талентамі-самародкамі. Тут і сёння жывыя традыцыі, абрады і звычаі нашых продкаў. Бандарства, саломапляценне, ткацтва, вышыўка, паляванне, рыбалоўства, пчалярства, ганчарства, разьба па дрэве – сапраўдныя палескія промыслы тут берагуць як найвялікшую каштоўнасць

У палескую глыбінку накіраваліся турысты-“разведчыкі”: журналіст “БелЧасу” і спецыяліст філіяла Мазырскага бюро падарожжаў і экскурсій “Гомельтурыста” каб пазнаёміцца з турыстычным маршрутам “Палескія таленты”. Маршрут прадстаўлены раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на конкус “Новае аблічча Беларусі”. У ролі экскурсавода – дырэктар раённага цэнтра арганізацыі культурнага правядзення часу насельніцтва і метадычнай работы Людміла Малюк.

Ельск вядомы з пачатку XVI стагоддзя, як адно з уладанняў старадаўняга французскага роду Спадаў, якія былі змушаны эміграваць з Францыі ў сувязі з рэлігійнымі ганеннямі. На працягу стагоддзяў у Ельска былі розныя назвы. Памешчык Аскерка пераназваў яго імем сваёй дачкі Караліны. У 1915 годзе ва ўгоду цару Мікалаю ІІ мястэчка стала Мікалаевам, а воласць – Нікалаеўскай. Ды нядоўга тое праіснавала: ужо ў верасні 1917 года мястэчку была вернута спрадвечная назва Ельск, паходжанне якой згубілася ў стагоддзях, але, як мяркуюць краязнаўцы, бярэ пачатак ад уласнага прозвішча ці вытока рэчкі.

PRAS.by""

Пра герояў і традыцыі

Першая кропка маршруту – краязнаўчы музей, які знаходзіцца ў самым сэрцы 9-тысячнага гарадка. Тут турыстаў чакае першае абагуленае знаёмства з традыцыйнай культурай Ельшчыны: побыт, тканыя ручнікі, элементы кашуль, якія дасталіся цяперашняму пакаленню ельчан ад прабабуль. Кашулі з мярэжкамі, характэрнымі менавіта для гэтага рэгіёна, – архаічныя з абрадавых, вясельных і пахавальных.

Дырэктар музея Таццяна Кашэвіч распавядае пра мастака-земляка Міхася Засінца, дэманструе самабытныя палотны. З асаблівым хваляваннем знаёміць з экспанатамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне, расказвае пра подзвігі нацыянальнага героя Чэхаславацкай Рэспублікі і СССР Яна Налепкі, які з’явіўся ў Ельску, каб ахоўваць варожыя аб’екты, а стаў камандзірам партызанскага атрада.

...Абмінуць Свята-Траецкую царкву — помнік драўлянага народнага дойлідства XVIII стагоддзя, — нельга. Прыцягвае яна строгімі лініямі, зіхоткімі крыжамі, унутраным убранствам. Тут захоўваецца мясцовая святыня – копія з Васькоўскага цудатворнага абраза Божай маці, да іконы-ратавальніцы прыязджаюць людзі з усіх куткоў Беларусі.

PRAS.by""

Беларускае золата

Далей накіроўваемся ў раённы цэнтр рамёстваў. Нас гасцінна сустракаюць малодшы навуковы супрацоўнік Кацярына Нікіціна, майстры-метадысты Наталля Неўмяржыцкая і Людміла Каваленка. З рук таленавітых паляшучак выходзяць і лялькі, і абярэгі, і кветкі, і нават герб Беларусі – і усё з саломы.

– Саломай крылі дахі, кармілі жывёлу, салома “апранала” і “абувала” селяніна, была пасцеляй і ўцяпляла хату, з саломы выраблялі мэблю, палавікі, капялюшы, кошыкі, упрыгожванні для сябе і жылля. Гэты цуд завуць беларускім золатам, бо не толькі ў мінулым, але і ў нашы дні чалавек выкарыстоўвае яе для вырабу розных прыгожых рэчаў і сувеніраў, – расказвае майстар Наталля Неўмяржыцкая.

PRAS.by""

Нас запрашаюць на майстар-клас па саломапляценні “Засцярог на шчасце”. Спачатку вагаемся, але ўключаемся ў працу. Дзякуючы вопытным педагогам сваімі рукамі ствараем неблагія сувеніры. Па любым накірунку, не толькі па саломапляценні, таленавітыя майстры дадуць парады, як стварыць цудоўныя рэчы з адметным палескім стылем і матывамі. Для гасцей у цэнтры працуе выстава-продаж аўтарскіх упрыгожванняў, сувеніраў і падарункаў з розных матэрыялаў: бяросты, скуры, дрэва, тэкстылю.

Выставу-прэзентацыю “Ельскі фартушок” – бачыць!

Задаволеныя вучобай і падарункамі (выцягнулі шчаслівы квіток у бяспройгрышнай латарэі) накіроўваемся ў раённую бібліятэку, але не дзеля таго, каб выбраць цікавую кнігу.

– Населеныя пункты, як і людзі, нараджаюцца, жывуць і паміраюць. Не вярнуліся да жыцця пасля ваеннага ліхалецця тры вёскі раёна: Копанка, Круглае і Забалоцце, якія паўтарылі лёс Хатыні. Іх жыхароў спалілі ка́ты ўлетку 1942 года, – распавядаюць дырэктар бібліятэкі Надзея Суткаленка і бібліятэкар Ірына Хацько Праз 40 гадоў чарнобыльская бяда стала фатальнай яшчэ для 14 вёсак. Каб зберагчы памяць пра Ельшчыну, якая сыходзіць у нябыт, мы пачалі збіраць унікальную калекцыю, кожны экспанат якой – жывая памяць пра чалавека.

У бібліятэцы сабралі звыш 300 экспанатаў: прыгожыя абрадавыя ручнікі, фартухі, рэчы сялянскага побыту і элементы традыцыйнага палескага адзення. Двух аднолькавых фартухоў ці ручнікоў знайсці немагчыма. Фартух – засцярог жаночага пачатку. На Палессі ў пасагу кожнай нявесты павінна было быць 12 фартухоў (для 12 асноўных рэлігійных свят) і 7 ручнікоў. Найстарэйшы фартух датуецца 1897 годам, ён вытканы жыхаркай вёскі Багуцічы Людзвінай Матузко.

PRAS.by""

У кожнай мясцовасці ўзоры адрозніваліся. Яркі прыклад – вырабы майстроў з вёскі Роза Люксембург, дзе жылі этнічныя немцы. У ручніках, вытканых у гэтай вёсцы, ёсць элементы гафту вінаграда, што не характэрна для Беларусі. А ў вёсцы Карма “чырвоны кут” адрозніваецца ад традыцыйных на Ельшчыне: ён уяўляе сабою цэлае, а не разрэзанае палатно, вышыванае вяночкамі ці букецікамі кветак.

Сасна пры дарозе і гульня “У бульбачку”

На шляху да аграгарадка Кочышчы прымушае спыніцца сасна ў выглядзе своеасаблівай чары з моцным ствалом і пяццю атожылкамі. Месцічы кажуць, гэта сасна-абярэг і прапаноўваюць абавязкова да яе дакрануцца.

PRAS.by""

– У 1990-х гадах тут моцна гарэў лес. Пажар набліжаўся да вёскі, а каля гэтай хвоі спыніўся. З тых часоў існуе павер’е, што дрэва валодае магічнымі якасцямі. Да хвоі прыязджае шмат людзей, каб загадаць самыя патаемныя жаданні, – распявядае наш экскурсавод.

А вось і сучасны Качышчанскі цэнтр культуры і вольнага часу. Але, пераступіўшы парог, мы трапляем у святочную сялянскую хату ветлівых гаспадароў Мікалая і Валянціны Варановічаў. Іх суседзі – народны вакальны гурт “Сударушка” – заводзяць у наш гонар прыпеўкі пад баян.

PRAS.by""
PRAS.by""

Вольнай хвілінкі ў гасцей няма – захоплівае тэатралізаваны экскурс “Калейдаскоп сялянскага жыцця”, выступленне “Сударушкі”, а жанчынка Дамавічка уцягвае ў майстар-клас народных гульняў і побытавых танцаў.

– Я ведаю шмат, за год не пераспяваць, не ператанцаваць, не перагуляць, – кажа акампаніятар Наталля Клабук. – Але ёсць у мяне вельмі просценькая вяселая гульня “У бульбачку”, у якую нашы продкі любілі гуляць падчас вячорак.

Што зробіш – даводіцца танцаваць з бульбінай на галаве.

Дзе каза Ліза прайшла

Наступны прыпынак – ля Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Гасцінна сустракаюць дырэктар Уладзімір Невяроўскі і мастацкі калектыў “Весялухі”. Пад песню “За гарою козы пасла” адна з жанчын вядзе прыфанабэраную, з бантамі, казу Лізу. Каза здаўна лічыцца сімвалам пладавітасці і дабрабыту, адганяе нядобрую сілу. Гаспадыня водзіць казу па крузе, дэманструе горшчык масла з казінага малака. Нечакана аказваемся ў карагодзе і мы. Паслся частуемся дужа смачнымі варэнікамі з сырам. Варэнік мае форму месяца – “маладзіка”, а “маладзік” – сімвал сілы, маладосці і здароўя.

У невялікім этнамузеі мы таўклі грэчку ў ступе, а каларытная паляшучка Любоў Уласенка вучыла нас прасці.

PRAS.by""

Тут можна было б паставіць кропку, але ж трэба ведаць палешукоў! Нас чакаюць яшчэ “Старасёлскія забабоны”. Гаспадар знаёміць нас з цёткай Тэкляй (у яе ролі – мастацкі кіраўнік “Весялухі” Валянціна Ляўкоўская). Яна ведае столькі рэцэптаў прыгатавання лячэбных настояў, колькі дзён у годзе. Тут ёсць настоі і “Для мужчынскай сілы!”, і для жанчын, каб хутчэй знайсці другую палавінку. Кожнаму наведвальніку прапануюць паспрабаваць настоі і абавязкова дораць мяшочкі з духмянымі травамі “ад усіх хвораў”.

PRAS.by""

Наперадзе гасцей чакае знаёмства з вышывальшчыцамі. Майстар-клас нам правялі Тамара Яцухно і Марыя Рудніцкая. Тамара 30 гадоў працавала загадчыкам дзіцячага садка, а на пенсіі стала вышываць, як і яе мама. Украінка Марыя прыехаўшы на Ельчшыну за мужам-беларусам, перанесла родныя матывы на беларускую глебу, а цяпер перадае вопыт ўнучцы Яне.

PRAS.by""

Ты часам “Весялухі” напаўголаса спяваюць старадаўнія песні, а пасля прапануюць весяліцца разам. Тут і майстар-клас па танцам, ігры на бубне, і народныя скокі з качаргой і вілкамі.

PRAS.by""

Пасля скокаў – дэгустацыя страў, прыгатаваных па мясцовых рэцэптах. “Ешце, ешце, госцейкі шаноўныя, не саромейцеся, будзьце, як дома, але не забывайцеся, што ў гасцях”, – жартоўна папярэджае гаспадар Уладзімір Невяроўскі і з гонарам дадае, што палескія стравы тут каштавалі паслы Японіі і Славакіі:– Так што выходзім на міжнародны ўзровень!”.

Мядовы рай

Завяршаецца турыстычны маршрут у аграсядзібе “У залатой пчолкі”. Аказваецца, тут “прапісана” козачка Ліза, а гаспадарыць ўжо знаёмая нам Любоў Уласенка.

PRAS.by""

На сядзібе можна і пераначаваць, і свята сямейнае правесці. Мы ж, удзячныя, ад’язджаем у Ельск. Пяць гадзін праляцелі як адно імгненне. Жанчыны спяваюць на развітанне. Іх шматгалоссе кранае, і такое адчуванне, нібыта пераносішся ў іншы час, дзе жылі і працавалі, мірыліся з лёсам і спадзяваліся на лепшае нашы продкі.

Фота аўтара

поделиться в соцсетях