Як палеская вёска Пагост, што на Гомельшчыне, набыла сусветную вядомасць

Як палеская вёска Пагост, што на Гомельшчыне, набыла сусветную вядомасць

А пачалося ўсё 6 гадоў таму, калі тэлеканал CNN назваў вёску, размешчаную непадалёк ад Прыпяці, адным з дзесяці лепшых месцаў у свеце для святкавання Каляд і Новага года. Суседзямі беларускага населенага пункта ў рэйтынгу былі Лондан, Нью-Ёрк, Бостан, Зальцбург і Ганконг

PRAS.by""

Калядныя святкаванні ў Пагосце – традыцыя шматвекавая і, відавочна, звязаная з важнымі падзеямі гісторыі. Менавіта ў Пагосце спыняліся госці тураўскіх князёў, і местачковыя жыхары прымалі іх вельмі гасцінна. Існаваў, мабыць, і загад князя хораша весяліць гасцей, аднак вядома, што асновы абрадавай культуры гэтага ўнікальнага кутка Беларусі былі закладзены задоўга да стварэння Тураўскага княства.

У гэтым пераканана і 73-гадовая пагастчанка Кацярына Панчэня. Бабуля прыгадвае, што спявала з маленства, як і ўсе яе родзічы і суседзі. Жыццё пражыла цяжкае: сама і стагі кідала, і ўсю мужчынскую работу рабіла, дзяцей падымала, а потым, так распарадзіўся лёс, – і ўнукаў. Але, што б ні здаралася, заўсёды выконвала завешчаныя дзядамі і прадзедамі традыцыі. І іншых заклікала трымацца іх. Разам з верай гэта дапамагала жыць. Нядаўна, кажа Кацярына Аляксееўна, з бальніцы вярнулася. Надта цяжкая хвароба напаткала, але ж выкараскалася. Вярнулася ў сваю хатку, і зноў спяваць захацелася...

PRAS.by""

Спадарыня Панчэня 35 гадоў адпрацавала дырэктарам мясцовага Дома культуры. Дзякуючы яе энтузіязму і таленту арганізатара тутэйшых спевакоў і танцораў добра ведаюць за межамі раёна. А сэрца самой бабулі аддадзена народнаму гурту “Міжрэчча”. Яна і сёння, нягледзячы на салідны ўзрост, не развітваецца з народнымі песнямі і родным калектывам, дзе мастацкімі кіраўнікамі працуюць блізкія па духу людзі – нявестка Наталля Марозава і Святлана Смалянец. Вакол Кацярыны Аляксееўны па-ранейшаму гуртуюцца землякі, для якіх песня з’яўляецца сэнсам жыцця. Дарэчы, хата Панчэні нагадвае этнаграфічны музей: кабета дагэтуль тчэ, вышывае, выпякае найсмачнейшы пшанічны хлеб – у краме такой смакаты не купіш.

А калядаваць у Пагосце пачынаюць на першую Куццю – 7 студзеня, потым – на Шчодры вечар (13 студзеня). Гулянні, распавядае Панчэня, арганізуюцца для таго, каб распужаць злыя сілы і прывабіць у хаты шчасце і багаты ўраджай.

Кацярына Аляксееўна згадвае, як раней на Каляды пагастчане насілі па вёсцы царкоўны звон, паведамляючы пра свята. Разам са святаром спявалі псалмы-калядкі, у якіх услаўлялі Раство Хрыстова, а ў клубе ладзілі сцэнкі на біблейскую тэматыку. Усе маладзіцы апраналі вышываныя палескія строі, што надавала святу пэўны каларыт.

На Каляды ў Пагосце праходзіў і традыцыйны кірмаш, на які з’язджаліся сваякі месцічаў. Усё, што дарылася ў хатах, ніколі не лічылася заробкам (сёння, на жаль, гэты абрад набыў камерцыйнае адценне. – Заўв. аўт.). На наступны дзень пасля калядавання энтузіясты ішлі ў царкву і на ўсе грошы, ахвяраваныя гаспадарамі, набывалі свечкі і замаўлялі службы дзеля шчаслівага жыцця ўсёй вёскі. Гэтая традыцыя захоўваецца і ў наш час.

PRAS.by""

У Шчодры вечар калядоўшчыкі абавязкова вадзілі з сабой Казу: лічылася, што з яе дапамогай можна выгнаць са двара нячысцікаў, а таксама разлічваць у наступным годзе на добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і багаты ўраджай з сялянскай нівы. У песні так і спяваецца: “Дзе Каза топ-топ, там жыта сем коп”. Сярод персанажаў чароўнага вечара былі і Мядзведзь, і Воўк, і нават Буслік.

PRAS.by""

Калядаваць у Пагосце выходзяць як моладзь, так і людзі сталага веку, якія ведаюць шмат абрадавых песень. Завяршае калядныя святкаванні вечар напярэдадні Вадохрышча, калі ўлагоджваюць Мароза, каб сцішыў свой нораў і не выстуджваў сялянскія хаты. З гэтай мэтай Мароз тройчы клікаюць есці куццю, а потым усёй сям’ёй садзяцца вячэраць. Пагосцкія незамужнія дзяўчаты таксама варожаць на суджанага.

PRAS.by""

Цудоўнае надвор’е выпала на свята – і марозна, і снежна. У хаце Кацярыны Панчэні сабраліся яе каляжанкі: усе прыгожа апранутыя, у квяцістых хустках. Пасля абеду разам выйшлі з хаты. Наперадзе неслі васьміканцовую зорку – сімвал віфлеемскай, якая абвясціла людзям аб нараджэнні Сына Божага. І па зімовай утаптанай сцежцы накіраваліся да суседняй сядзібы, а потым – да кожнага ганку вялікай вёскі Пагост. Не прапусцілі нікога, бо людзі ж потым крыўдуюць, калі які двор мінуюць. Гаспадары заўсёды чакаюць, каб надарыць добрых калядных веснікаў пачастункамі. А тыя хораша спяваюць пад вокнамі старыя песні, у якіх расказваецца пра падзеі тых дзён, калі з’явіўся на свет Ісус Хрыстос.

– А як будуць здароўе і божая падтрымка, то наймём і падводу, і гарманіста, у грывы коней упляцём рознакаляровыя стужкі, упрыгожым фурманку, пакрыем зверху квяцістымі саматканымі посцілкамі, і наперад – несці радасць людзям у суседнія Чэрнічы, Тураў і Жыткавічы, – заўважыла на развітанне Кацярына Панчэня. – У гонар Каляды раней ладзілі ў клубе агульнавясковыя святы, у якіх удзельнічалі і старыя, і малыя. Гэта аб’ядноўвала. Цяпер, на жаль, няма таго размаху і энтузіязму. Моладзь сёння лёгка адмаўляецца ад свайго, захапляецца чужымі традыцыямі. Затое гасцей, якія цікавяцца нашай абраднасцю, пабольшала. Нядаўна прыязджалі педагогі нават з Ноўгарада...

Фото:
  • Владимир ГАВРИЛОВИЧ
  • аўтара, БЕЛТА, з архіву аддзела ідэалагічнага аддзела, культуры і спорту Жыткавіцкага райвыканкама

поделиться в соцсетях