Кабета з “Лісапетам”: 72-гадовая паляшучка і сёння працягвае здзіўляць публіку

Кабета з “Лісапетам”: 72-гадовая паляшучка і сёння працягвае здзіўляць публіку

Некалькі гадоў назад інтэрнэт-прастору літаральна ўзарвала песня “Лісапет” у выкананні жыхаркі Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Лідзіі Пятрычыц падчас міжнароднага фэсту “Покліч Палесся”. 72-гадовая паляшучка і сёння працягвае выступаць фестывалях

...У актавай зале Гомельскага аб’яднання прафсаюзаў яблыку няма дзе ўпасцi – у разгары абласны міжгаліновы аматарскі фестываль мастацкай творчасці. Выступаюць працаўнікі сельскагаспадарчай галіны. Іх праграма, паводле рэжысёрскай задумкi, нагадвае гогалеўскую “Ноч перад Калядамі”. У ролі Салохі – старэйшая салістка фальклорнага ансамбля народнай песні “Верас” Верасніцкага цэнтра традыцыйнай культуры Жыткавіцкага раёна Лідзія Пятрычыц. Яна, здаецца, жыве на сцэне, чытаючы маналогі аб жаночай долі і згадваючы перыпетыі вясковага жыцця. Зала прафсаюзаў літаральна скалануецца ад смеху і гучных апладысментаў.

Так было і на нядаўніх здымках праграмы “Я магу” на тэлеканале АНТ, і на апошніх рэспубліканскіх “Дажынках”, дзе паляшучка выконвала песню пра “Запарожац” – працяг вядомага “Лісапета”. Спявачцы апладзіравалі лепшыя хлебаробы краіны. Увогуле, гумарыстычныя творы салісткі калектыву нікога не пакідаюць абыякавымі.

PRAS.by""

 “Усё ў мяне ад мамы”

Нарадзілася Лідзія Савічна на беразе хуткаплыннай Прыпяці, у прыгожай тураўскай вёсачцы Верасніца. Там вучылася, туды, атрымаўшы прафесію настаўніка, вярнулася на працу, нарадзіла і выхавала дзяцей, вывела на шырокі прастор жыцця сотні вучняў; больш за паўстагоддзе спявала разам са сваімі землякамі. Не пакінула гэты занятак і сёння.

Ветэран педагагічнай працы жыве ў маленькай бацькоўскай хаце. Тут надвячоркам і гутарым пра яе лёс.

– Я з трэцяга класа ўдзельнічала ў школьнай самадзейнасці, – распавядае Лідзія Савічна. – У вёску тады якраз маладыя настаўніцы прыехалі. Яны арганізавалі школьны хор, куды прымалі ўсіх дзетак. З сольнай песняй першы раз на сцэну выйшла ў пятым классе, а ў дзявятым удзельнічала ў калгаснай самадзейнасці. Для мяне песні ўсё, гэта маё жыццё. Цягне мяне да спеваў, не ведаю, чаму. Мабыць, душа спявае. І ад маці, канечне, перадалося: матуліны браты ўсе без выключэння музыканты, на ўсіх інструментах умелі іграць. Тады ж прастольныя святы ў вёсках правілі. На Уздзвіжанне, 27 верасня, да нас збіралася радня з усіх вёсак. Прыходзілі скрыпачы, гарманісты, барабаншчыкі. Сядуць вось тут, пад вокнамі, – і песні, музыка да глыбокай ночы...

PRAS.by""

Калі спявалі ўсе

Вялікая сіла – калгасная самадзейнасць. Тады людзі спявалі ўсюды: у полі, у лесе, на фермах, на вуліцы... Калі Лідзія Пятрычыц пачала працаваць у школе пасля інстытута, даяркі запрасілі яе на ферму: маўляў, хочам спяваць, а ніякай арганізацыі няма. І дзяўчына 7 гадкоў бегала на ферму, адшуквала песні, распытвала бабулек, ладзіла рэпетыцыі.

– Праз нейкі час нас запрасілі ў клуб, бо людзі і з сяла пажадалі далучыцца, – згадвае суразмоўца. – То ж была весялуха – выйдзем, песняка як дадзім, душа нанава нараджалася! Такія былі галасы, божанька мой!

Трэба любіць сваё

Выступалі неяк артысты “Вераса” разам з іншымі калектывамі перад прафесарамі-фалькларыстамі з Мінска. Пасля канцэрта гледачы ўсе як адзін прыйшлі за кулісы да верасніцкіх артыстаў і сказалі: усе няблага паказалі праграму, але “Верас” – найлепшы. Дзеля такой ацэнкі, пераканана Лідзія Савічна, і трэба працаваць, нягледзячы на настрой і надвор’е:

– Куды б нас ні пазвалі – ідзём. І на дажынкі, і на зажынкі. Аднавілі нават мясцовы вясельны абрад. Сапраўдных вясельных песень сёння ўжо нідзе не спяваюць, а мы пастараліся зрабіць “рэанімацыю”, і нашы маладыя цяпер адчуваюць повязь з продкамі. А без повязі хіба ж мы будзем як народ? Трэба шанаваць і любіць сваё, і будуць нашы людзі больш шчаслівымі.

Самадзейная спявачка клапоціцца аб тым, каб традыцыя спеваў не сышла ў нябыт. Вучыць гэтаму майстэрству і моладзь, што прыходзіць у калектыў. Піша і выконвае свае прыпеўкі, якіх, кажа, ужо з добры том назбіралася.

Асаблівыя апладысменты

Штогод вераснёўцы прывозяць шмат дыпломаў і падзяк з розных фестываляў і конкурсаў. Падзеяй года ў фальклорным мастацтве ў свой час прызналі выступленні Лiдзii Пятрычыц і “Вераса” арганізатары і ўдзельнікі свята гумару “Аўцюкі”, а таксама міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Тое выступленне таленавітай палескай спявачкі і жартаўніцы высока ацаніў і кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Даспадобы яму асабліва прыйшлася песня “Лісапет”: «Больш за ўсё на свеце люблю я ездзіць на лісапеце. І гэта праўда: і ў клуб, і ў сяльпо, і ў тураўскія далі – усюды жму я на педалі...»

Мая гераіня не згодная з меркаваннем аб тым, што росквіт народнай песні мінуў:

– Скажу шчыра: калі б такіх людзей, што прагнуць гэтым займацца, больш падтрымліваць, то многае можна захаваць. З жывымі традыцыямі, як мне бачыцца, у нас праблемы. Цяпер больш увагі скіравана на платныя паслугі. Зразумела, грошы патрэбны ўстановам культуры, але каб у пагоні за грашыма не выкінуць і “дзіця” на сметнік... Чаму б працу культработнікаў не ацэньваць яшчэ і па колькасці захаваных традыцый?

Песня гадкі прыбаўляе

Нагадваю Лідзіі Савічне пра гады: можа б, лішні раз пасядзелі, адпачнулі?

Усміхаецца толькі ў адказ:

– Правільна кажаце, даражэнькі. Бывае, і здароўе падводзіць, але ж жаданне спяваць перамагае і хваробы, якія прыкідваюцца. У непагадзь і сапраўды пасядзець бы, бо да клуба ісці далёка, але не, спяшаюся на рэпетыцыю – жанчынкі ж мае прыдуць. Мы ўжо як адна сям’я – гэтак здружыліся за дзесяцігоддзі. Часам і так збяромся ў нядзельку, на прызбе ці ў хаце – сумна ж проста так сядзець. І ўсе размовы пра песні. Думаю, яны нам, старым, і гадкі прыбаўляюць.

Зімуючы неяк у сына ва Украіне, артыстка склала верш “Край мой сельскі”. Добрыя радкі атрымаліся. Напявала сама сабе, каб не забыць, а вярнуўшыся ў Верасніцу, пайшла адразу да акампаніятара, каб падабраў мелодыю. Ён хлопец здольны – з ходу падхапіў. Так нарадзіўся не адзін твор. А самая любімая песня Пятрычыц – “Жывы будзем – не памром”.

Фото:
поделиться в соцсетях