Колькасць беларусаў у прафсаюзных санаторыях Гомельшчыны павялічылася да 40%

Колькасць беларусаў у прафсаюзных санаторыях Гомельшчыны павялічылася да 40%

Здраўніцы рэгіёна сёлета ўжо прынялі звыш 64 тыс. чалавек. Аднак бюджэтных сродкаў недастаткова для таго, каб забяспечыць патрэбы ўсіх жадаючых. Прафсаюзныя санаторыі гатовы даць “зялёнае святло” растэрміноўцы аплаты за пуцёўкі

Гомельскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў правяло нараду з удзелам кіраўнікоў абкамаў галіновых прафсаюзаў, галоўнага спецыяліста УП “Белпрафсаюзкурорт” ФПБ Марыі Шут, дырэктара санаторыя “Чонкі” Сяргея Мазепіна і галоўнага ўрача санаторыя “Прыдняпроўскі” Яўгена Волкава. Прайшло мерапрыемства на базе санаторыя “Чонкі”, які знаходзіцца ў 3 км ад Гомеля ў жывапісным сасновым бары на беразе Сожа. Дзякуючы падтрымцы ФПБ, у тым ліку і фінансавай, за апошнія 10 гадоў на ўсіх аб’ектах санаторыя “Чонкі” быў зроблены добры рамонт. Здраўніца карыстаецца попытам і загружана сёння больш чым на 90%. Адпачываючым тут прапаноўваюць звыш 500 працэдур. Сёлета гэтую прафсаюзную здраўніцу i санаторый “Прыдняпроўскі”, самы вялікі ў краіне па колькасці месцаў – звыш 800, жыхары Гомельшчыны выбіралі для адпачынку з вялікім жаданнем. Калі ў 2014 годзе адпачываючых тут беларусаў налічвалася ўсяго 15%, то ў 2015-м гэтая лічба вырасла да 40%.

Аздараўленне жыхароў рэгіёна стала галоўнай тэмай абмеркавання падчас сустрэчы. Адзначалася, што члены прафсаюза бываюць недастаткова праінфармаваны па пэўных пытаннях. Як сведчыць маркетынгавая служба аздараўленчых устаноў, нярэдка бывае так, што пра 25-працэнтную скідку на кошт пуцёўкі, устаноўленую ФПБ, людзі даведваюцца толькі па прыбыцці ў санаторый. Адпачываючы тэрмінова звяртаецца ў свой прафкам за даведкай, каб яму зрабілі потым пераразлік. Чаму так здараецца? Пастанова ФПБ прынята даўно, значыць, чалавека не праінфармавалі ў прафкаме па месцы працы.

Удзельнікі нарады абмеркавалі таксама праблему напаўняльнасці санаторыяў у асенне-зімовы перыяд. Гэтае пытанне не можа не хваляваць прафсаюзы, бо аздараўленне работнікаў – адзін з важных кірункаў іх дзейнасці. На думку старшыні Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леаніда Барабанава, кожная з 3,5 тыс. прафарганізацый вобласці павінна знайсці сябе ў гэтай справе. Калі разам з наймальникам будзе прынята рашэнне аб дадатковым аздараўленні некалькіх работнікаў свайго калектыву, а прафкам стане актыўна прапагандаваць свае санаторыі, то і людзі скажуць дзякуй.

ReeadMoreBlock

Такую пазіцыю падзяляе і начальнік прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Сяргей Бандарэнка. Ён канстатаваў, што здраўніцы рэгіёна сёлета прынялі звыш 64 тыс. чалавек. Аднак бюджэтных сродкаў недастаткова для таго, каб забяспечыць патрэбы ўсіх жадаючых, нават па сацыяльных праграмах. На думку Сяргея Бандарэнкі, неабходна, каб ініцыятыву прафсаюзаў падтрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Адначасова ён параіў кіраўнікам санаторыяў выпрацоўваць гібкую сістэму цэнаўтварэння і сістэму скідак, не засяроджваючыся толькі на прыбытку.

– Час падумаць і аб растэрміноўцы аплаты за пуцёўку, каб член прафсаюза мог разлічыцца за яе на працягу трох месяцаў, напрыклад. А гарантыю яму дасць прафкам, бо слова прафсаюзнае дастаткова аўтарытэтнае, – заўважыла, у сваю чаргу, старшыня абкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных органаў i iншых устаноў Марына Бондар. – Мы цяпер кампенсуем 10% кошту пуцёвак дарослым і 20% – дзецям. 25% скідка ФПБ – гэта тыя ж самыя прафсаюзныя грошы. Далучыцца адміністрацыя – будзе яшчэ плюс.

Дарэчы, дырэктар “Чонак” Сяргей Мазепін не прамінуў адзначыць, што растэрміноўкам неўзабаве будзе дадзена “зялёнае святло”, і здраўніца пачне больш актыўна інфармаваць сваіх партнёраў і насельніцтва аб акцыях.

поделиться в соцсетях