Ілля Шульман з Гомеля — выратавальнік Радэбойля

Ілля Шульман з Гомеля — выратавальнік Радэбойля

Гэтая гісторыя адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а яе галоўны герой – гомельскі настаўнік, які вызначыўся тым, што дамовіўся з кіраўніцтвам нямецкага гарадка пра бяскроўную перадачу яго Чырвонай Арміі

Біяграфія Іллі Беніцыянавіча Шульмана звычайная, як і ва ўсіх савецкіх дзяцей. Нарадзіўся ён ў горадзе над Сожам у 1922 годзе. Вучыўся ў школе, быў піянерам, пасля камсамольцам. Паспяваў па ўсіх дысцыплінах, асаблівыя здольнасці меў да вывучэння замежных моў. Менавіта добрае веданне нямецкай мовы і стала лёсавызначальным, калі фашысцкія войскі ўварваліся ў савецкую краіну і юнака і яго пагодкаў прызвалі ў Чырвоную Армію.

Камандаванне вырашыла, што яму лепш за ўсё служыць у сувязі, і гамяльчанін стаў старшым радыстам. Ваяваў на Заходнім, Данскім, 1-м і 2-м Украінскім франтах. Удзельнічаў у Сталінградскай і Курскай бітвах, а таксама ў знакамітай танкавай бітве пад Прохараўкай. Пасля яе служыў перакладчыкам у разведцы. На ўсіх франтах адважна ваяваў, прайшоў Польшчу, Нямеччыну і Чэхаславакію, а перамогу сустрэў ў Празе. І неаднойчы Іллі Шульману даводзілася рызыкаваць жыццём, бо заўсёды быў на перадавой. Але адзін яго ўчынак заслугоўвае асаблівай павагі. Гэта адбылося перад самым завяршэннем вайны.

Калі савецкія войскі яшчэ набліжаліся да нямецкага населенага пункта Радэбойль, то нашы разведчыкі ўжо былі ў гарадку і разам з імі Ілля. Каб фашысты іх не заўважылі, яны затрымаліся ў доме №71 на Гроссенхайнер-штрассе. У маладога чалавека, які знайшоў добры кантакт з гаспадарамі, што цяпер выглядалі не такімі спалоханымі, з’явілася ідэя патэлефанаваць мэру. Ён так і зрабіў: прапанаваў таму абмеркаваць пытанне капітуляцыі і бяскроўнай перадачы горада Чырвонай Арміі. Аргументацыя была простая: вайне – канец, а ў выпадку адмовы Радэбойль падвергнецца масіраванаму абстрэлу і знішчэнню.

Аднак кіраўнік фашысцкай адміністрацыі адразу не рашыўся гэта зрабіць. Відавочна, у яго была надзея на падтрымку з боку войскаў СС і мясцовай паліцыі. Толькі пасля цяжкіх і доўгіх перамоў Іллі Шульману ўдалося пераканаць прадстаўніка ўлады, што загіне шмат людзей. Акрамя таго, горад будзе калі амаль не сцёрты з твару зямлі, то моцна разбураны і спатрэбіцца шмат часу і грошай, каб яго адбудаваць.

Будынак гарадской адміністрацыі Радэбойля. Фота wikipedia.org

І розум, нарэшце, перамог: мэр даў згоду на бяскроўную перадачу горада. На наступны дзень Чырвоная Армія спакойна ўвайшла ў Радэбойль. Гэта было 7 мая 1945 года. Дзякуючы смеламу ўчынку гамяльчаніна, савецкага разведчыка-перакладчыка Іллі Шульмана былі захаваны жыцці некалькіх соцень мірных жыхароў.

...Кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, іншых баявых узнагарод Ілля Шульман вярнуўся пасля вайны дамоў. Гомель быў зруйнаваны, але адбудоўваўся хуткімі тэмпамі. Наш герой змог працаўладкавацца толькі ў адной з сельскіх школ Бабруйскага раёна, а пасля вярнуўся дадому. І з 1948 па 1995 гады працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў школе №16 Гомеля. Больш за 40 гадоў ён не проста нёс дзецям веды па мове пераможанай у страшнай вайне краіны, але і знаёміў з цікавай культурай, традыцыямі, літаратурай далёкай Германіі. Прынамсі, асабліва пасля вайны гэта было рабіць не вельмі лёгка, таму што не кожны вучань гарэў жаданнем вывучаць мову ворагаў.

Яго калегі, настаўнікі нямецкай мовы Тамара Салавей і Алена Анішчанка, якія шмат гадоў працавалі разам у СШ №16, адзначаюць, што Ілля Беніцыянавіч быў мудрым і добрым чалавекам, спакойнага характару і прафесіяналам сваёй справы. Толькі не любіў аднаго: успамінаць пра Вялікую Айчынную, якая прынесла ўсім народам гэтулькі гора і бяды.

Дарэчы, вельмі доўгі час пра яго ваенную службу землякі ўвогуле нічога не ведалі. Толькі сапраўды геройскі ўчынак савецкага салдата, накіраваны дзеля міру і захавання жыццяў ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян, не застаўся забытым. І найперш простымі нямецкімі людзьмі. У свой час Шульман быў адзначаны адной з вышэйшых узнагарод Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ордэнам “За заслугі перад Айчынай”. А напярэдадні 40-годдзя Перамогі па рашэнні адміністрацыі Радэбойля Ілля Беніцыянавіч Шульман атрымаў званне ганаровага грамадзяніна гэтага нямецкага горада.

У гонар значнай падзеі праз нейкі час побач з домам, адкуль Ілля Шульман вёў перамовы з мэрам, была ўсталявана мемарыяльная дошка. Імя савецкага салдата-вызваліцеля назаўжды засталося ў летапісе нямецкага гарадка і сэрцах яго насельніцтва. Жыхары Радэбойля дагэтуль шануюць яго памяць, высока ацэньваючы геройскі ўчынак савецкага воіна. На афіцыйным інтэрнэт-сайце гарадка распавядаецца, як штогод у маі тут праводзяцца мітынгі ля мемарыяла, каб ушанаваць подзвіг беларускага героя Іллі Шульмана. Сюды людзі заўсёды прыходзяць з кветкамі.

Дарэчы, пра гэтую гісторыю грамадскасці Гомельшчыны нядаўна нагадаў ветэран авіяцыі Ваенна-Марскога Флоту СССР Эдуард Охціеў. Ён асабіста сябраваў з Іллёй Шульманам. На жаль, героя ўжо няма з намі: у студзені 2014 года на 91-м годзе адважны салдат пайшоў з жыцця.

А на зямлі, дзе воін нарадзіўся і пражыў амаль усё жыццё, з асаблівай цеплынёй пра яго ўспамінаюць землякі і ўдзячныя вучні-гамяльчане.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Фото:
  • з архіваў калег Іллі Шульмана і з сайта нямецкага горада Радэбойль

поделиться в соцсетях