Майстар Мар’ян Скрамблевіч: “Шапэн казаў: трэба размаўляць пальцамі. Я так і раблю”

Майстар Мар’ян Скрамблевіч: “Шапэн казаў: трэба размаўляць пальцамі. Я так і раблю”

Больш за 20 гадоў майстар з Гродзенскага раёна стварае ўнікальныя інструменты. Дудкі і дуды, рагі і ражкі, жалейкі і акарыны, трашчоткі і кляшчоткі – сотні каштоўных музычных вырабаў жывуць і “спяваюць” па ўсім свеце. I кожны створаны ім інструмент – адзіны ў сваім родзе

Таму і трапіла гэтае багацце, сабранае ў музейным пакоі мясцовага Дома культуры, у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі.

Сваю майстэрню разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек абсталяваў у бацькоўскай хаце ў аграгарадку Адэльск (на мяжы з Польшчай), удалечыні ад гарадской мітусні.

У пошуках прызвання

Нарадзіўся Мар’ян Скрамблевіч у 1939 годзе.

– У Адэльску пасля вайны на 2 тысячы жыхароў прыпадала каля 30 музыкаў: гарманістаў, скрыпачоў, дудароў, – узгадвае народны ўмелец. – Іх майстэрства мне вельмі падабалася. Музыка – гэта ж пачуцці! Таму паціху вучыўся гэтаму мастацтву, цікавіўся навакольным светам, шмат чытаў. Асабліва захапляўся серыяй “Жыццё выдатных людзей”.

Пасля службы ў арміі Мар’ян Антонавіч настаўнічаў у вясковай школе. Завочна адвучыўся на аддзяленні тэорыі музыкі ўніверсітэта імя Крупскай у Маскве, скончыў курсы баяністаў у Гродне. З цеплынёй успамінае сёння гады вучобы ў Вышэйшай прафсаюзнай школе культуры ў Ленінградзе. Больш за 30 гадоў кіраваў хорам і аркестрам гродзенскага аўтапарка, быў загадчыкам клуба, захапляўся фатаграфіяй.

– Не хвалюся, але наш хор быў лепшым у горадзе, – запэўнівае спадар Мар’ян. – Толькі на радыё запісалі 4 канцэртныя праграмы. Станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі ўсесаюзных конкурсаў.

У 1990-я, пасля перабудовы, не засталося і следу ад былой магутнасці творчага калектыву –хор разваліўся. Тады і захапіўся Мар’ян Антонавіч вырабам духавых інструментаў з дрэва. Спачатку атрымлівалася не ўсё: то тэмбр не такі, то гук не той.

— Свае ўменні развіваю і сёння, – прызнаецца Скрамблевіч.

Як паслухаеш дуду, дык забудзеш пра бяду

Мар’ян Антонавіч мае грунтоўную тэарэтычную падрыхтоўку, але “не бачыў, як дудкі точаць, усё сам дадумваў”. Інструменты ён робіць з розных парод дрэва, кожнае з якіх мае свой характар і непаўторнае гучанне. Нібыта ў доказ цудоўныя свістулькі ажылі ад лёгкага подыху свайго вытворцы – заспявалі, запішчалі, зараўлі, загаласілі…

PRAS.by""

Бывае, гады мінаюць, перш чым знойдзе майстар патрэбны матэрыял і высушыць яго па спецыяльнай тэхналогіі.

– Вось гэты сук я “гадаваў” 15 гадоў, – паказвае масіўную загатоўку наш суразмоўца. – Яшчэ трохі пагарбець над ім, і магутны па гучанні рог будзе гатоў.

Звяртае ўвагу Мар’ян Скрамблевіч і на тое, у якую пару года нарыхтоўваць матэрыял:

— Цяпер, напрыклад, дрэва рэзаць нельга, бо ў ім збіраюцца атрутныя сокі супраць гнілі. А вось як ападзе лісце, то самы час — у поўню.

Адэльскаму майстру даводзілася вырабляць інструменты і з сібірскага кедру, і з інданезійскага бамбуку – “экзотыку” прывозілі знаёмыя. З Амерыкі, напрыклад, неабыякавыя людзі даслалі міндальнае масла для апрацоўкі гатовых самагудак.

– Ніхто ў Беларусі не робіць такіх і не грае, – не хаваючы расчаравання, кажа Скрамблевіч і бярэ ў рукі пяшчотную флейту Пана з беларускага трыснягу. – А ў яе такі тэмбр прыгожы! Я гадоў 10 хадзіў па балотах — шукаў, дзе зрэзаць трыснёг. Аднойчы нават пад лёд праваліўся ў мароз -20 градусаў.

Дзясяткі гадоў пайшлі і на тое, каб дабіцца звонкага “спеву” пастушковай жалейкі – драўлянай трубачкі з раструбам з каровінага рога. Вялікі паляўнічы рог умелец стварыў да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, натхніўшыся яго паэмай “Пан Тадэвуш”. А пазней убачыў ілюстрацыі да твора – інструмент атрымаўся адзін у адзін як на малюнку!

Перуанскую флейту выразаў па памяці – пачуў аднойчы, як іграў на ёй вулічны музыка. Тры разы вырабляў і традыцыйную беларускую дуду. Адну з іх заказаў шатландскі музыкант, які прыйшоў у захапленне ад гучання беларускай “валынкі”, пачуўшы яе на святкаванні “Дажынак” у Лідзе.

Асаблівы гонар спадара Мар’яна – “сям’я” дзівосных рыбаў-акарын (гліняных свістковых флейт). Ён стаў першым у Еўропе, хто зрабіў гэты інструмент з дрэва. Для параўнання наш герой дастае арыгінальнае італьянскае “гусяня” (так перакладаецца “акарына” з італьянскай мовы. – Заўв. аўт.). Яно звонка пішчыць.

PRAS.by""

– Рэзкі гук, але ўсё роўна касмічны, – каменціруе Мар’ян Антонавіч і паказвае дудкі-паршнёўкі, якія ўмеюць пераймаць гукі птушак і жывёл. — “Цо ты наробіл!”, – крычалі на мяне польскія калегі на адным з фестываляў, але прызналі маё вынаходніцтва.

А яго гудзелкі між тым гавораць, шапочуць, дыхаюць.

— Нават дзеці супакойваюцца, калі іх чуюць, – гаворыць Скрамблевіч і паказвае дудкі-паршнёўкі, якія ўмеюць пераймаць гукі птушак і жывёл. — Цяперашнія госці акрамя зязюлі і вераб’я нікога не ведаюць…

І тут “зарохкала” чарговая свістулька з цёмнага дрэва. Аказалася — гэта зубр. А потым запелі жаўрукі, закурлыкалі жоравы, закукавалі зязюлі.

Аднойчы восенню граў майстар на сваёй паршнёўцы на вуліцы, праважаў стройны клін жураўлёў. Дык адна з птушак пачула самотны спеў дудачкі і спусцілася на падворак паглядзець, хто яе кліча…

Мар’ян Скрамблевіч рэдка прадае свае ўнікальныя вырабы: перажывае, што другога такога можа не атрымацца.

– Інструменты трэба адчуваць душой, каб яны не проста ігралі, а спявалі, — кажа ён.

Расцягні мяхі, гармонік…

Яшчэ адно захапленне майстра — аднаўленне музычных інструментаў. Рэстаўратар ён выдатны. Дзякуючы намаганням Мар’яна Антонавіча, другое жыццё атрымала старадаўняя скрыпка (яна нервова і звонка адгукнулася, патурбаваная смыком). А колькі баянаў, што “крычалі” з парванымі мяхамі і, паламанымі клавішамі, прайшло праз умелыя рукі Скрамблевіча!

— Вось гэты для танцавальнай музыкі і аперэты падыходзіць, гэты – для выканання класічных твораў. Тэмбры ў баянаў розныя, – распавядае музыка. – Шкада, гармонік загубілі —стварылі яму рэпутацыю прыдатнага толькі для выканання непрыстойных прыпевак. А бяда яго толькі ў тым, што гучыць у адной танальнасці. Мы безнадзейна адсталі ад свету: на канцэртах выкарыстоўваем адну дудку і лічым, што гэтага дастаткова. А на іншых інструментах нават іграць не можам…

PRAS.by""

Музычныя вырабы самабытнага майстра захоўваюцца ў фальклорных калектывах і музеях нашай краіны, навучальных і дыпламатычных установах, у прыватных калекцыях у ЗША, Канадзе, Францыі, Аўстрыі, Германіі. Сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнік міжнародных конкурсаў Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна, лаўрэатам прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны”. Яго імя занесена ў энцыклапедыю “Беларускі фальклор”.

– Шапэн казаў, што трэба размаўляць пальцамі. Я так і раблю, – Мар’ян Антонавіч хвілінку маўчыць і пачынае спяваць пад акампанемент баяна і дажджу пранікнёную лірычную песню.

Я ціхенька слухаю і ў думках жадаю моцнага здароўя незвычайнаму чалавеку, які знаходзіць натхненне і прыгажосць у прыродзе. Ён вырошчвае гладыёлусы і астры — для душы, а сланечнікі — на корм птушкам: у мінулым годзе, напрыклад, “сінічкі дзятла на застолле прыводзілі”. У скрамблевічавым сараі атабарылася вушастая сава з птушанятамі: палохаюць па начах вяскоўцаў – скуголяць па-сабачы. Добра жывецца разам з музыкам і сям’і вожыкаў: сустракаюцца калючыя з “гаспадаром” каля веснічак, “сакочуць, усё расказваюць пра свае прыгоды”. Прыгожай шырокай душы і вялікага сэрца Мар’яна Скрамблевіча хапае на ўсіх.

Фото:
поделиться в соцсетях