Музычны партал «Тузін Гітоў» прадставіў 100 найвялікшых беларускіх песень

Музычны партал «Тузін Гітоў» прадставіў 100 найвялікшых беларускіх песень

Каб скласці рэйтынг, Tuzin.fm правёў апытанне сярод 90 экспертаў: музыкаў, літаратараў, мастакоў, рэжысёраў, прадзюсараў, крытыкаў і журналістаў розных пакаленняў

«Рэйтынг не прэтэндуе на ўсеахопнасць, але можа даць уяўленне пра найлепшыя здабыткі беларускай музыкі. І мы спадзяемся, што з дапамогай яго слухач адкрые для сябе практычна нязведаны яшчэ беларускі музычны космас», – адзначыў галоўны рэдактар партала «Тузіна Гітоў» Сяргей Будкін.

Топ-100 найвялікшых беларускіх песень склалі на падставе апытання экспертаў, кожнаму з якіх прапанавалі назваць адвольную колькасць вартых кампазіцый, запісаных беларускімі выканаўцамі. Месца ў рэйтынгу вызначалася па колькасці згадак у анкетах. Абмежаванняў па часе не было, эксперты маглі згадаць любую песню ад моманту з’яўлення гуказапісу на Беларусі ў 1930-ыя гады да сучаснасці.

У выніку ў рэйтынг трапілі музычныя творы рознай стылёвай накіраванасці: эстрадныя і аўтарскія песні, рок, джаз, фолк, электроніка і метал, а таксама кампазіцыі, створаныя на мяжы стыляў. Такім чынам у топ-100 аказаліся і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», якую прапаноўвалі ў якасці гімна Беларусі ў 1991 годзе, і «Калыханка» Змітра Яўтуховіча на словы Леаніда Пранчака. У спіс найвялікшых беларускіх песень увайшлі, напрыклад, «Па-над белым пухам вішняў» у выкананні Алены Саўленайтэ – фрагэмнт з поп-оперы «Максім», якую кампазытар Ігар Палівода напісаў да стагодздзя Максіма Багдановіча, і «Чёрный бумер» рэпера Сярогі, і «Здравствуй, чужая милая» Аляксандара Саладухі, і народная «Рэчанька». Укладальнікі рэйтынгу не толькі пералічылі 100 песень, але і далі да кожнага трэку каментар, прыгадалі гісторыю стварэння ці запісу.

Топ-10 найвялікшых айчынных песень па версіі Tuzin.fm замыкае «Белавежская пушча», якая трапіла ў рэпертуар «Песняроў» у 1976 годзе. Далей – песня «Радыё Свабода» рок-гурту Ulis, «Я нарадзіўся тут» Лявона Вольскага з аднайменнага праекта, «Бяжы хлопец» гурту «Крама» і «Шуміце бярозы» ў выкананні ВІА «Сябры». На пятае месца эксперты паставілі яшчэ адну песню Лявона Вольскага – «Паветраны шар» з альбома рок-гурту N.R.M 1996 года. Чацвёртую пазіцыю аддалі народнай песні «Касіў Ясь канюшыну» ў апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна, на трэцяй ступені – «Завіруха», якую выконваў ВІА «Верасы». Амаль самай вялікай беларускай песняй стала «Тры чарапахі» – твор Лявона Вольскага і гурту N.R.M. дабраўся да другога радка топ-100. Найвялікшай беларускай песняй усіх часоў абрана незабыўная «Александрына» з рэпертуару легендарных «Песняроў».

Поўны рэйтынг «100 найвялікшых беларускіх песень» з фота выканаўцаў, відэа- і аўдыёзапісамі, у тым ліку рэдкімі, даступны на партале Tuzin.fm.

поделиться в соцсетях