Народная артыстка Беларусі Галіна Паўлянок: «Маё асноўнае захапленне – цікавыя людзі»

Народная артыстка Беларусі Галіна Паўлянок: «Маё асноўнае захапленне – цікавыя людзі»

Заслужаная народная. Так называюць землякі салістку і мастацкага кіраўніка Гомельскай абласной філармоніі, народную артыстку Беларусі Галіну Паўлянок. Яе таленту апладзіруюць аматары музыкі ў Германіі, Італіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Францыі, Швецыі, у краінах СНД

– О, я такі захоплены чалавек! – кажа ўладальніца чароўнага меца-сапрана. – Мне ўсё цікава. А яшчэ надта перажываю за нашых людзей: чаму яны сябе нічым не турбуюць? Як можна прапусціць сустрэчу з сапраўдным мастацтвам, паэзіяй, музыкай? Чаму знікла патрэба ў гэтым? Я ж хачу і скрыпку пачуць, і вершы добрыя паслухаць. Дапытлівасці ў нас цяпер, на жаль, мала; вельмі ўсё побытавым стала...

– Чым найбольш захапляецеся?

– Маё асноўнае захапленне – цікавыя людзі. Радуюся, калі сустракаю ці бачу па тэлевізары неардынарнага чалавека, прафесіянала (няма розніцы, у якой галіне). І такіх цікавых людзей у нас шмат, толькі рот раскрый і слухай. Для мяне, здаецца, так было заўсёды. Нават калі ў дзяцінстве бегала ў Палац піянераў на заняткі ў хоры, мне ўсе падаваліся цікавымі.

– Значыць, пачыналі спяваць яшчэ ў дзяцінстве?

– А як жа! Першапачаткова было жаданне спяваць, а не стаць артысткай. Лічу, што менавіта хор даў мне штуршок да вялікай сцэны. Памятаю, пайшла на праслухоўванне ў дарослы харавы калектыў Палаца культуры чыгуначнікаў Гомеля. Было мне тады 15–16 гадоў, але ў хор прынялі – за моцны, чысты голас. Спевы ў хоры – важная прыступка ў развіцці музыканта і вакаліста. Ён гарманічна развівае асобу. А сёння хораў у нас амаль што няма. Шкада...

– А што яшчэ прымусіла зрабіць выбар на карысць акадэмічнай музыкі?

– Радыё: я з вялікай увагай і трапятаннем слухала Лемешава, Абухаву, Ляўко, Вішнеўскую, Уцёсава. Маці мая таксама добра спявала. Ды і асяроддзе тагачаснае выхоўвала. Якія толькі артысты не перабывалі ў Гомелі! Канечне, дзяцінства было цяжкае… Тата памёр рана, мама гадавала мяне адна. Дарэчы, яна прайшла праз выпрабаванні вайны, была вывезена на чатыры гады ў Германію... У нас не было, як кажуць, ні кала, ні двара. Жылі ў сямейным інтэрнаце, у адным пакоі з чужымі людзьмі. Здаецца, пра якое вялікае мастацтва тут весці гутарку?! Але ж былі рамантычныя мары і дзіўнае адчуванне таго, што музыка – гэта вельмі прыгожа і незвычайна. Яна пранікала ў душу.

– Марылі пра спевы, а пасля школы паступілі ў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча. Чаму менавіта туды?

– Ох, спачатку вырашыла, што зрабіла памылку. Я ж не ведала, што там будуць і дырыжыраванне, і акардэон, і фартэпіяна, і яшчэ шмат чаго іншага! Не разумела, што ўсе гэтыя прадметы “працуюць” на далейшую музычную адукацыю. Веды, атрыманыя ў вучылішчы, у будучым сталі добрай базай для вучобы ў Ленінградскай кансерваторыі, куды я паступіла, праспяваўшы толькі адну песню.

PRAS.by""

– Нават так?!

– Ногі дрыжалі, калі стаяла перад экзаменацыйнай камісіяй, якую ўзначальваў сам рэктар Павел Серабракоў. Вельмі хвалявалася, але праспявала няблага. І мне падзякавалі. Потым падышоў загадчык кафедры: “Ну што, галубачка, у жніўні прыязджай”. Уяўляеце – такое пачуць?! Выйшла з кансерваторыі і адчула: усё навокал нібыта прасякнута мастацтвам. Не магла паверыць, што буду тут вучыцца!.. Вельмі хацелася трапіць у клас вакалу да прафесара Антаніны Грыгор’евай, у якой вучылася мая ўлюбёная Алена Абразцова, і Божачка паспрыяў – я стала яе студэнткай.

– І атрымалі дыплом з адзнакай у выніку?

– Так, але не спынілася на гэтым: папрасіла ў рэктара застацца яшчэ на год, каб вучыцца толькі вакалу. Ён доўга думаў, аднак пагадзіўся, і на працягу года раз у два месяцы нават аказваў дапамогу ў памеры стыпендыі – выплачваў 47 рублёў. Акрамя таго, я яшчэ і на канцэрты выязджала. Так і жыла. Галоўнае – вучылася ў сапраўды ў вялікіх людзей! Наўрад ці сёння такое магчыма... А потым апынулася ў Сібіры. Па добрай волі. Там таксама ўсё добра складвалася: была салісткай Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, выконвала цікавыя партыі ў многіх операх; працавала ў кансерваторыі, філармоніі, з аркестрам рускіх народных інструментаў радыё і тэлебачання. Хацелася паспрабаваць сябе ва ўсім.

– У Гомель калі вярнуліся?

– Праз пяць гадоў, бо зразумела, што хачу спяваць сола. На маё шчасце, у Гомелі на той момант ужо адкрылі абласную філармонію. Мастацкім кіраўніком быў выдатны музыкант, скрыпач Андрэй Яўтуховіч. Ён праслухаў мяне і запытаўся: «Што гэтая дзяўчынка будзе тут рабіць?» І ўсё ж дапамог мне адбыцца як сольнай спявачцы. Я выконвала класіку (заходнюю, рускую, беларускую) і народныя песні. І неўзабаве пачаліся гастролі, запісы, запрашэнні на мерапрыемствы – прыйшла папулярнасць.

– Як вы сталі вядомы на ўвесь Савецкі Саюз?

– У Новасібірск аднойчы прыехала прымаць іспыты ў студэнтаў філармоніі вядомая піяністка Вера Гарнастаева. Прыйшла ў канцэртмейстарскі клас, а я працавала ў суседнім пакоі. Музыкантка пачула мае спевы і запыталася, хто гэта спявае за сцяной. “Ды з опернага тэатра, малады спецыяліст”, – адказалі ёй. Так мы пазнаёміліся. “Дзяўчынка ты мая, а ці ведаеш пра такую перадачу, як “Музычны абанемент”? Так, кажу, чула. “А як глядзіш на тое, каб запісацца на Цэнтральным тэлебачанні?”. “Вядома ж, выдатна!” – адказваю.

Не прызнаўшыся нікому, паехала ў Маскву запісвацца. Калі запіс скончыўся, уся студыя прыбегла на мяне паглядзець. “Чаму вочы блішчаць так, што нават камеры не вытрымліваюць?” – пыталіся ў мяне работнікі тэлестудыі. Я ж на мове арыгінала – нямецкай – спявала! А я ў адказ: “Таму што гэта Шуман: яго інакш проста нельга выконваць! Спявала я на мове арыгінала, але ж мне паведамілі, што трэба будзе зрабіць яшчэ адзін запіс, ужо на рускай мове. У Маскву, такім чынам, я паляцела і ў другі раз. Гарнастаева сустрэла мяне як родную, запрасіла спыніцца ў яе. Дома мы правялі рэпетыцыю, а потым паехалі на тэлебачанне. Перадача адразу пайшла ў эфір. Так увесь Саюз упершыню пра мяне і даведаўся.

Між тым, я ніколі не жыла дзеля высокіх ацэнак, дыхала толькі музыкай. Аднойчы сказала сама сабе: “Цябе Бог адзначыў, даў адукацыю, таму нясі людзям высокую музыку!” І цяпер гэта маё крэда. Я шчаслівая, таму што знайшла сваё прызванне ў жыцці.

PRAS.by""
Галіна Паўлянок і пераможца конкурсу ФПБ “Новыя галасы – для любімай краіны!” Яўгенія Крохіна

У 2014 годзе Галіна Паўлянок атрымала званне народнай артыскі Беларусі. Адной з першых стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”. Сёння яна кіруе абласным аддзяленнем Беларускага саюза музычных дзеячаў. Штогод артыстка ўзначальвае журы на абласных прафсаюзных конкурсах мастацкай самадзейнасці, якія арганізуе Гомельскае абласное аб’яднанне.Самадзейнасць павінна жыць, – кажа яна. – Конкурсу, які прыдумаў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанід Барабанаў, аналагаў у Беларусі няма. Мяне радуе, што колькасць удзельнікаў расце”.

Фото:
поделиться в соцсетях