Педагог з 30-гадовым стажам: “Гэта вялікая авантура – зрабіць з вучня настаўніка”

Педагог з 30-гадовым стажам: “Гэта вялікая авантура – зрабіць з вучня настаўніка”

У Гомельскім педагагічным каледжы імя Выгоцкага настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Рыбакова – знакавая асоба. За больш чым трэць стагоддзя працы яна пераканалася ў тым, што прафесія педагога надзвычай складаная, але па-ранейшаму лічыць: настаўніцтва – яе стыхія

Стыхія першая. Сямейная

Яна доўга не выбірала кім быць. Маці выкладала родную мову і літаратуру ў школе (дарэчы, яна скончыла тую ж установу, у якой зараз працуе дачка). Бацька выкладаў у вучылішчы машынабудаўнікоў. І брат не мінуў настаўніцкага шляху. Педагагічная справа, такім чынам, была роднай стыхіяй для Алены Рыгораўны з дзяцінства.

У старшых класах дапамагала маці правяраць сшыткі, пісаць канспекты. Калі матуля вучылася ў педуніверсітэце, дачка выконвала разам з ёй кантрольныя работы. Памятае Алена Рыгораўна і сваю першую настаўніцу – Кацярыну Мікалаеўну Данілаву. Гэта яна прывіла любоў да слова. Вучні называлі яе Сонечнай.

– Школьнае дзяцінства было шчаслівым, – прызнаецца мая суразмоўніца. – Я дагэтуль удзячная нашаму класнаму кіраўніку Марыі Рыгораўне Еўмінай. Выкладчык ад Бога, яна так зацікавіла літаратурай, што я пачала сама пісаць вершы... У школе часта ладзілі вечарыны. Здаецца, я жыла на сцэне – удзельнічала ў конкурсах, была вядучай. Я нават не здагадвалася, як гэта ўсё мне спатрэбіцца ў жыцці.

Стыхія другая. Філалагічная

На філалагічным факультэце Гомельскага ўніверсітэта Алена Рыгораўна Рыбакова вучылася з задавальненнем – разумела, што гэта яе справа. На апошнім курсе студэнтцы трэба было ўладкавацца на працу, пажадана педагагічную. У чэрвені 1980-га лёс прывёў дзяўчыну ў педвучылішча. Тагачасны дырэктар установы Міхаіл Сувалаў рызыкнуў узяць дваццацігадовую дзяўчыну выхавальніцай у інтэрнат.

Спачатку было няпроста. Інтэрнат – з пячным ацяпленнем, усе так званыя выгоды – на вуліцы. Жылі па 6-7 чалавек у пакоі. Але ж ніхто не сумаваў. Турніры, вечарыны, спаборніцтвы розныя – жыццё было надзвычай насычаным. Праз пэўны час Алена Рыгораўна пачала выкладаць мову і літаратуру ў вучылішчы.

Алена Рыгораўна Рыбакова разам са сваімі выхаванцамі

Стыхія трэцяя. Прафсаюзная

Моладзевым прафлідарам яе выбрала адміністрацыя. Зноў дзяўчына пачула: «Атрымаецца. Так трэба!». Таленавітага прафарганізатара заўважылі і накіравалі на прафсаюзны форум у Свярдлоўск.

Напярэдадні Дня настаўніка па ініцыятыве прафкама ладзілі дні самакіравання. Навучэнцы праводзілі вучэбныя заняткі, канспекты ўрокаў пісалі разам з выкладчыкамі і адначасова рыхтавалі канцэрты для ветэранаў, настаўнікаў, выпускалі святочныя нумары газет. Прафарганізацыя занялася і валанцёрскай справай – кожная група ўдзельнічала ў дабрачынных святах. Традыцыі, якія былі закладзены моладзевым прафсаюзам, каледж працягвае і сёння.

– Многія навучэнцы, якія былі прафоргамі, зараз займаюць адказныя пасады: дырэктары школ, намеснікі па выхаваўчай рабоце, педагогі-наватары, – расказвае Алена Рыгораўна. – Яны былі моцнымі ў вучобе і вельмі актыўнымі ў грамадскім жыцці.

Стыхія чацвёртая. Адміністратарская

Яна ніколі не імкнулася да высокіх пасад, аднак, калі кіраўніцтва прапанавала стаць намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы, пагадзілася. І ўзначаліла такі складаны ўчастак. Гэта ж вялікая адказнасць – інтэрнат, сталовая, арганізацыя пазакласнай дзейнасці... Заўсёды побач з дзецьмі – 16 год найскладанейшай працы. Але яна не шкадуе.

ReeadMoreBlock

Стыхія пятая. Творчая

– Гэта вялікая авантура – зрабіць з вучня настаўніка, – разважае Алена Рыгораўна. – Яны прыходзяць у каледж у 15 гадоў. Тым не менш мы працуем мэтанакіравана, паступова. Дапамагаем, па-першае, усвядоміць вялікую адказнасць перад грамадствам. На другім курсе нашы навучэнцы пачынаюць практыкаваць класнае кіраўніцтва, прычым яшчэ не ведаючы методык. Уяўляеце! Мы іх нібыта ў пекла кідаем і трымаем за рукі. На трэцім курсе ў іх трымцяць калені, але яны ўжо сядзяць за настаўніцкім сталом, пачынаюць адчуваць смак педагагічнай працы. А на чацвёртым яны ўжо добра разумеюць, што такое настаўніцкі хлеб. Так з птушанят выспяваюць асобы.

Настаўнік павінен быць майстрам на ўсе рукі, лічыць Рыбакова. У педкаледжы дзеля гэтага створаны шматлікія творчыя калектывы. Можа стварыцца уяўленне, што яны не маюць ніякага дачынення да настаўніцкай справы. Але Алена Рыгораўна сцвярджае: «Той, хто пабыў на сцэне, набывае смеласць у зносінах з людзьмі». І сёлетнім сваім першакурскнікам яна параіла: «Запісвайцеся ў гурткі, і прыйдзеце да сваіх вучняў з вялікім багажом не толькі ведаў, але і ўменняў». На практыку Алена Рыбакова адпраўляе навучэнцаў у сваю родную школу, дзе працуюць яе выпускнікі.

Пяць год таму яна пакінула адміністрацыйную працу, але працягвае настаўнічаць. Шчыра радуецца, калі дзеці адольваюць першыя прыступкі на лесвіцы поспеху. Зусім нядаўна яе група стала найлепшай на свяце «Першакурснік-2015». Да выпуску ім яшчэ тры з паловай гады, але педагог ужо сёння пераканана, што стануць яны сапраўднымі настаўнікамі.

Фото:
поделиться в соцсетях