Самадзейная дынастыя Клімовічаў : агульны стаж працы ў галіне культуры – 83 гады

Самадзейная дынастыя Клімовічаў : агульны стаж працы ў галіне культуры – 83 гады

“Музыкальную” сям’ю Клімовічаў ведаюць не толькі ў родным Бярэзінскім раёне, але і за яго межамі

Ніна Клімовіч музыкай зацікавілася з дзяцінства. Маці яе добра спявала ды й песень шмат ведала. Бацька быў першым гарманістам у вёсцы Пуцькава Бярэзінскага раёна. Хаця пасля вайны, атрымаўшы траўму рукі, ужо менш браўся за інструмент, аднак цалкам музыку не кінуў. Ніна Дзмітрыеўна прыгадвае, што малая разам с іншымі дзецьмі так намагалася падпяваць дарослым, што амаль зрывала голас. З тых самых часоў народная творчасць трывала замацавалася ў яе жыцці.

kl-mov-cha

“Калі надышоў час выбіраць прафесію, я нават не ведала, куды паступаць, – расказвае Ніна Клімовіч. – Вырашыла замест універсітэта пайсці працаваць у школу піянерважатай. Арганізоўваць канцэрты я пачала менавіта там, з дзецьмі. Сама пела. Калі выйшла замуж, то свякроў параіла паспрабаваць сябе ў народна-этнаграфічным ансамблi “Лявоніха”, што збіраўся ў адной з вёсак нашага раёна. З імі я выступала некалькі гадоў, нават была салісткай”.

Разам цягнуць “Каляду на дуба”

У 1981 годзе Клімовічы прыехалі ў вёску Новіны, куды размеркавалі галаву сям’і Анатолія, па спецыяльнасці ветэрынарнага ўрача. Ніна Дзмітрыеўна пайшла працаваць на камбінат бытавога абслугоўвання. Народная творчасць у яе жыцці адышла на другі план. Але калі сельскаму Дому культуры спатрэбіўся кіраўнік, загадчыца аддзела культуры ўспомніла пра галасістую Ніну Клімовіч і прапанавала ёй заняць гэтую пасаду. На сямейным савеце абмеркавалі і вырашылі – трэба пагаджацца.

“Прыйшла я сюды ў студзені 1983 года. Дагэтуль мы ўжо два гады жылі ў Новінах, так што мясцовых я добра ведала, тым больш, хто можа пець, а хто не. Але набірала да сябе ўсіх жадаючых, – прызнаецца Ніна Дзмітрыеўна. – Хаця праз некаторы час людзі мяняліся: адныя пакiдалi нас, іншыя прыходзілі. Пачынаць было не вельмі цяжка, бо я ўжо займалася ў самадзейнасці. Вырашыла, што трэба стварыць калектыў. І ўжо праз чатыры месяцы наша “Крынічанька” паказала канцэртную праграму, прысвечаную 9 Мая. Нават касцюмы ў Магілёве пашылі”.

Аднак без складанасцей не абышлося. Некаторы час Ніна Клімовіч працавала без музыкаў. Жанчыне дапамагаў знаёмы выкладчык Бярэзінскай музычнай школы: яна напявае, ён – запісвае ноты і спрабуе іграць. Здаралася, што толькі падабралі мелодыю – і адразу на сцэну, без рэпетыці. Але, на шчасце, такія форс-мажорныя сітуацыі складваліся нячаста. Ездзілі з выступленнямі па іншых вёсках, па фермах. Па словах Ніны Дзмітрыеўны, не было і тыдня, каб дзе-небудзь не спелі.

Акрамя песень, праводзілі народныя абрады. Пачыналі з Калядавання, першымі ў раёне арганiзавалi Купалле. З цягам часу з’вiўся вопыт.

Аснову для новых абрадаў Ніна Клімовіч з калектывам бралі ў вясковых жыхароў: хадзілі па хатах, запісвалі ўспаміны. Некаторыя мясцовыя забытыя абрады атрымалася адрадзіць. Напрыклад, “Каляду на дуба”, які цяпер уключаны ў Спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі.

“Праводзяць яго ў апошні дзень калядных святкаванняў. У нас гэта 21 студзеня. Абрад заключаецца ў тым, што для ўдачы і ўраджаю трэба зацягнуць на дуба Каляду – звычайна сноп ці кола, але некаторыя бралі і барану, яе разам з павозкай спачатку ўпрыгожваюць, – тлумачыць Ніна Дзмітрыеўна. – Тым часам гаспадыні па хатах ставяць на сталы прысмакі, а таксама бяруць стары венік і сякуць яго дзеля пазбаўлення ад грахоў. Тое, што засталося, выкідаюць на скрыжаваннi. Мужчыны вязуць на санях Каляду, з якой еду я, да шматстагадовага дуба. Следам ідуць жыхары вёскі і спяваюць святочныя песні. Зацягнуць жа Каляду на дрэва даручаюць самаму дужаму хлопцу”.

У гэты дзень, адзначае Ніна Клімовіч, у Новінах гуляюць не толькі ўсе мясцовыя – прыязджае шмат гасцей і журналістаў.

Маміны акампаніятары

Абодва сыны Клімовічаў – Анатолій і Дзмітрый таксама звязалi сваё жыццё з культурай. З маленства пачалі наведваць самадзейныя гурткi. Маці заўважыла: ёсць не толькі цікавасць, але і схільнасць да музыкі, спеваў. Старэйшага Анатолія адправілі вучыцца ў Бярэзінскую музычную школу па класе баяна. Хаця бацькам прыйшлося цяжкавата – хлопчыка трэба было самім вазіць у райцэнтр. Калі на аўтобусе, а калі на спадарожнай машыне. Затое часткова вырашылася праблема з акампаніятарам – Толік падыгрываў на выступленнях у Доме культуры.

“Адвучыўся я ў музычнай школе пяць гадоў. Калі ўзнікла пытанне, куды паступаць, выбраў Мінскае культасветвучылішча (Гэтую навучальную ўстанову скончыла і заснавальніца дынастыі Клімовічаў. – заўвага аўтара). Іншых варыянтаў, мабыць, тады і не было, – адзначае Анатолій. – І вось с 1996 года іграю на баяне ў нашым Доме культуры”.

Цяпер Анатолій Клімовіч – не толькі баяніст-віртуоз, але і мастацкі кіраўнік Новінаўскага сельскага ДК, а яго жонка Святлана займае пасаду дырэктара. Пазнаёміліся яны дзякуючы самадзейнасці.

“Мы з сям’ёй пераехалі ў Новіны з Магілёўскай вобласці, – прыгадвае Святлана. – У школе я пазнаёмілася з Нінай Дзмітрыеўнай, якая ў нас спевы выкладала. А потым бачу, дзеці бегаюць у клуб займацца. І я таксама запісалася. Слухаць такога прафесіянала, як Ніна Дзмітрыеўна, было вельмі цікава. Калі пасля школы не атрымалася паступіць, яна прапанавала папрацаваць у Доме культуры. А потым я ўцягнулася – вучылася ў Магілёўскім культасветвучылішчы, сталічным Інстытуце культуры. Але галоўным настаўнікам у маім жыцці ўсё ж такі лічу любімую свякроў”.

Малодшы сын Ніны Клімовіч Дзмітрый іграў на балалайцы і разам з братам акампанаваў маці на канцэртах. Таму не дзіўна, што ён працягнуў сямейную традыцыю. Цяпер Дзімітрый Клімовіч узначальвае сельскі Дом культуры у вёсцы Уша Бярэзінскага раёна, а яго жонка, таксама Святлана, працуе там мастацкім кіраўніком.

kl-mov-cha

Сямейны спеў

Яшчэ адна жыццёвая справа Ніны Клімовіч – народны сямейны гульнявы абрадавы калектыў “Радзіна”. Яго ўдзельнікаў аб’ядноўвае не толькі любоў да творчасці, але і сваяцкія адносіны. У калектыве – браты, сёстры, суседзі, кумы...

“Спачатку, яшчэ ў “Крынічаньцы”, з усіх сваякоў была адна я. Так праіснаваў наш ансамбль да 2007 года. Вырашылі атрымаць званне народнага, – расказвае Ніна Дзмітрыеўна. – Падрыхтаваліся, запрасілі камісію і выступілі перад імі з кірмашовай праграмай. Але на тот момант у калектыве былі ўжо дзеці, нявесткі, сваты, унукі. Таму і далі яшчэ статус сямейнага”.

kl-mov-cha

Пачалі думаць над назвай. Вырашылі звязаць яе з прозвішчам – “Сям’я Клімовічаў”. Але Ніна Дзмітрыеўна гэты варыянт не прыняла, бо сярод удзельнікаў былі не толькі Клімовічы. Тады яна ўспомніла, як яшчэ дзяўчынкай разам з бацькамі і сваякамі прыязджала ў госці да сваёй цёткi, тая заўсёды ўсклікала: “Уся мая радзіначка сабралася!”. На гэтым і пагадзіліся.

Цяпер “Радзіну” ведаюць як у Бярэзінскім раёне, так і ў Чэрвеньскім, Барысаўскім, Клічаўскім, iншых рэгіёнах. Як гаворыцца, спяваюць, дзе толькі можна: выступаюць на районных святах, напрыклад, Дажынках і Зажынках, абслугоўваюць маланаселеныя вёскі, нават тыя, дзе па 3–4 жылыя хаты засталіся.

А то і за аўтакрамамі едуць. Пакуль людзі штосьці выбіраюць, купляюць, “Радзіна” ім спявае. І абавязкова – візітную картку “Увесь мой род гуляе...”.

Калектыў можа пахваліцца і поспехамі на вялікай сцэне. Ужо чатыры разы “Радзіна” прымала ўдзел у абласным фестывалі сямейнай творчасці “У добрым родзе – усё ў згодзе!”. Выступалі таксама на фестывалі народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”. І заўсёды вярталiся з дыпломамі. Сама Ніна Дзмітрыеўна – лаўрэат прэміі Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Народная творчасць”. Увогуле райкам прафсаюза падтрымлівае як калектыў, у прыватнасці, так і ўсіх работнікаў культуры. Калі дзе які конкурс, заўсёды дапамогуць прыняць удзел.

Юныя прадаўжальнікі

Акрамя “Радзіны” у Новінах ёсць фальклорны дзіцячы гурт “Валошкі”, які напрыканцы 2014 года атрымаў званне ўзорнага аматарскага калектыву.

kl-mov-cha

Так, малодшае пакаленне сям’і Клімовічаў падтрымлівае творчую традыцыю. Унукі, акрамя самых маленькіх, спяваюць, танцуюць, іграюць на музычных інструментах. Школьнікі Яна і Аляксей пакуль толькі на аматарскім узроўні. Лёша скончыў музычную школу па класе баяна, Яна іграе на фартэпіяна і яшчэ танцуе. Старэйшая Анастасія вырашыла займацца харэаграфіяй прафесійна і паступіла ў Мінскі каледж мастацтваў (раней – Мінскае культасветвучылішча). І пасля заканчэння па накіраваннi вернецца ў свой Бярэзінскі раён. Ніна Дзмітрыеўна рада, што ёсць прадаўжальнікі: “Хочацца, каб наша справа жыла!”.

Фота з архіва сям’і Клімовічаў

поделиться в соцсетях