Старажыл пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна: “Мы і цяпер ходзім калядаваць”

Старажыл пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна: “Мы і цяпер ходзім калядаваць”

Жыхары лічаць, што захаваць самабытнасць ім дапамагае моцная вера. Дарэчы, малітва ў мясцовым храме гучала і ў савецкія часы, праўда, без святара. Тады ж не далі яны і ператварыць касцёл у спартыўную залу

Распавесці чытачам “Белчас” пра асаблівасці мясцовага святкавання Каляд пагадзіўся Станіслаў Змітровіч, які жыве ў гэтым краі ўжо сем дзясяткаў гадоў.

PRAS.by""

– Добра памятаю, з якім нецярпеннем чакалі мы Нараджэння Хрыстова ў дзяцінстве! – прыгадвае Станіслаў Іванавіч. – На вёсцы галата была ды бедната, а да свята заўсёды нешта цудоўнае і смачнае прызапашвалася, праўда, да часу хавалася ад нас, семярых дзяцей. Тата штогод прыносіў у хату тры снапы збожжа – сімвал урадлівасці – і расстаўляў іх па кутах. У чацвёртым куце сваё месца займала калядная ялінка. Цацак для ўпрыгожвання тады, канечне ж, не было, і мы развешвалі на калючыя лапкі яблыкі ды цукар, загорнуты ў паперкі. За святочную вячэру садзіліся, калі загаралася першая зорка – прыкладна а 6-й гадзіне. Дзеці звычайна пільнавалі яе з’яўленне на небе і потым з усіх ног беглі ў хату абвяшчаць пачатак доўгачаканага рытуалу.

Па словах Станіслава Змітровіча, калі сям’я збіралася за сталом, абавязкова запальвалася свечка. Бацька падымаўся і чытаў малітву. Потым кожны адламваў сабе па кавалачку ад бацькоўскай аблаткі – нязменнага сімвала Раства і абавязкова жадаў усім родным даброт.

На стале, перад тым як засцяліць яго святочным белым абрусам, раскладвалі сена і толькі пасля гэтага ставілі 12 страў, абавязкова посных (сімвал 12 апосталаў).

PRAS.by""

– Галоўнай ежай была куцця, – працягвае наш суразмоўца. – Сёння яе можна хутка прыгатаваць з рысу ці іншых круп. У нас варылі з ячменю і запраўлялі запараным макам з цукрам. Спачатку трэба было з’есці па лыжачцы куцці, а потым ужо каштаваць усе астатнія прысмакі: кісель з журавін, брусніц ці аўсянкі, боршч з грыбоў (у некаторых раёнах – грыбны квас, журачка. – Заўв. аўт.), салёныя агуркі, кіслую капусту, вараную бульбу, бліны. Цяпер гаспадыні не пякуць праснакі-ламанцы, якія таксама падаваліся з макам, а выкарыстоўваюць гатовыя абаранкі. Абавязкова на стале была рыба, перавагу аддавалі карпу – яго смажылі ці рабілі заліўное. І, што важна, алкагольныя напоі ніколі не падавалі.

Пры сервіроўцы стала адзін дадатковы прыбор пакідалі для нечаканых гасцей. Сена з-пад абруса гаспадыні выкарыстоўвалі потым для варажбы: выцягвалі па травінцы і глядзелі, які лён урадзіцца – доўгі ці кароткі. На ноч стол не прыбіралі – пакідалі для “дзядоў”. Пасля Каляд сена аддавалі свойскай жывёле.

– Так і праходзіла калядная ноч, – гаворыць Станіслаў Іванавіч. – Пасля вячэры вяскоўцы, пераважна моладзь, выходзілі на вуліцу варажыць. Дзяўчаты “абдымалі” плот, а потым лічылі штыкеціны – выбіралі лёс: “Кол, калец, кавалер, удавец”. Часта слухалі, з якога боку сабакі забрэшуць – адтуль і нарачонага чакаць. Таксама бралі навобмацак вязку дроў, прыносілі ў хату і лічылі. Калі выходзіла парная колькасць – доўга ў дзеўках не паходзіш, засталася лішка – давядзецца яшчэ пачакаць.

Раніцай у вёсцы збіраліся калядоўшчыкі.

– Пераапраналіся ўсе, маскі рабілі, – смяецца Станіслаў Змітровіч. – І Каза ў нас заўсёды была, і Чорт з віламі. Нашто яны яму? Справа ў тым, што нячысцік абавязкова павінен быў нешта скрасці ў гаспадароў. Падчэпіць віламі кольца каўбасы, што сушыцца пад столлю, – і ў мяшок. Але ніколі гэтую незаконную здабычу не забіралі, а хто, можа, і спрабаваў, то ўсё роўна рады не даваў. Я звычайна быў Гвяздарам (Зарканошам. – Заўв. аўт.), насіў у кішэні рыс ці проса, пасыпаў ім у хаце гаспадароў ды зычыў: “На шчэнсце, на здрове, на тэн новы рок! Абы вам не боляла ні глова, ні бок”.

PRAS.by""

– Мы і цяпер ходзім калядаваць, – нечакана прызнаўся суразмоўца. – Праўда, за добрыя песні і пажаданні гаспадары ў асноўным грашыма аддзячваюць. На “заробленыя” такім чынам сродкі ў Сусветны дзень хворага – 11 лютага сёстры-манашкі і настаяцель касцёла ладзяць службу для парафіян-інвалідаў, старэнькіх, нямоглых. Валанцёры, а я ў іх ліку, дапамагаюць ім дабрацца да храма. Пасля імшы і памазання кожны з прысутных атрымлівае шакаладку. Наш ксёндз Антоній Абухоўскі гаворыць, што пасля такога свята ў касцёле паўгода няма смярцей – людзі так натхняюцца высокімі пачуццямі, што пачынаюць атрымліваць асалоду ад жыцця.

Традыцыя сустрэчы аднаго з найгалоўнейшых хрысціянскіх свят перадаецца ў Сапоцкіне з пакалення ў пакаленне. Тамтэйшыя жыхары лічаць, што захаваць самабытнасць ім дапамагае моцная вера. Дарэчы, малітва ў мясцовым храме гучала і ў савецкія часы, праўда, без святара. Тады ж не далі яны і ператварыць касцёл у спартыўную залу.

– Божае Нараджэнне мы сустракаем дома ў асяроддзі блізкіх і родных, а потым сустракаемся з аднавяскоўцамі на начной імшы. Для нас, католікаў, гэта выключна хатняя традыцыя, – падкрэсліў на развітане Станіслаў Змітровіч.

Фото:
поделиться в соцсетях