Супрацоўнікі музея выселеных вёсак: “Людзі неслі ўсё, толькі каб памяць не згубілася”

Супрацоўнікі музея выселеных вёсак: “Людзі неслі ўсё, толькі каб памяць не згубілася”

Забыць трагедыю Чарнобыля не атрымаецца яшчэ многім пакаленням беларусаў. У гэтым пераканаўся і наш карэспандэнт, наведаўшы краязнаўчы музей у Хойніках Гомельскай вобласці

***

У першыя дні пасля аварыі на ЧАЭС у Хойніцкім раёне абязлюдзела 39 населеных пунктаў, былі эвакуіраваны прыкладна за 5 тыс. чалавек (потым адсялілі яшчэ больш за 20 тысяч. Заўв. аўт.). А праз два гады ў 30-кіламетровай зоне на тэрыторыі Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў заснавалі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Рашэнне стварыць музей у памяць аб выселеных вёсках і ліквідатарах катастрофы было прынята ў 2004 годзе. Ініцыятыву ўзяў у свае рукі тагачасны старшыня райвыканкама Мікалай Садчанка. Адначасова абвясцілі конкурс “Мой падарунак музею”.

— Трэба было бачыць, з якім энтузіязмам хайнічане аднесліся да гэтай весткі, — заўважае былы дырэктар музея “Трагедыя Чарнобыля” Валянціна Гацко. — Яны прыносілі ў райвыканкам свае ўспаміны, падарункі. Я і мае калегі Людміла Смольская і Святлана Крупіцкая стваралі выставачную экспазіцыю, вывучалі ў архівах гісторыю апусцелых вёсак, перапісваліся з землякамі, якія пакінулі сваю малую радзіму. А яшчэ з дазволу ўлад мы выязджалі ў адселеныя вёскі, дзе збіралі дакументы, фотаздымкі, прадметы быту. Людзям, у дамах якіх мы былі, стараліся паведамляць пра ўзятыя рэчы.

Людміла Смольская згадвае, як сустрэлі ў вёсцы Тульгавічы самасёлаў – людзей, якія вярнуліся дамоў, нягледзячы на забарону:

— Там, аказалася, 12 чалавек жылі і трымалі гаспадарку. Як жа яны былі нам рады! Калі даведаліся, што мы збіраем экспанаты, то неслі ўсё, нават вазоны прапаноўвалі — толькі каб памяць пра вёску не згубілася…

ReeadMoreBlock

Сярод самасёлаў была і сям’я святара Івана Бурлія, які дажыў да 91 года і памёр у 1999-м, на некалькі месяцаў перажыўшы сваю жонку.

Сёння ў Тульгавічах засталіся толькі двое старых. Успаміны аднаго з іх, Івана Іосіфавіча Шамянка, таксама захоўваюцца ў музеі. Напісаны яны некалькі гадоў таму: “Усё сваё жыццё правёў тут: і рос, і вучыўся, і працаваў у калгасе. Тут ажаніўся і вырасціў сваіх дзяцей. Іх у мяне трое. Чатыры гады назад пахаваў жонку, з якой пражыў больш за 40 гадоў. У мяне не было жадання пакінуць сваю хату, якую будаваў сваімі рукамі. Ды і дзе лепей? Мясціны ў нас прыгожыя, рака, возера. Вёска ж была багатая, калгас быў заможны, добра жылі. Нельга было нас адсяляць. Памятаю ўсіх сваіх вяскоўцаў. …Многіх ужо няма… А мы вось тут засталіся – жывём. Праўда, амаль усім за восьмы дзясятак, але трымаем гаспадарку: коней, кароў, свіней, саджаем бульбу, збожжа. Яшчэ і дзецям сваім дапамагаем. У нас тут і святло, і радыё, і тэлебачанне з тэлефонам ёсць. Два разы на тыдзень аўталаўка прыязджае, возяць газ, пенсію. Добра жывём. А вёскі шкада. Усё прыйшло ў заняпад...”

***

Пэўны час музей размяшчаўся ў Доме рамёстваў у Хойніках, затым – у былой Дварышчанскай школе і ў вёсцы Судкова, недалёка ад райцэнтра. Афармленнем займаўся мясцовы жыхар Алег Базулька. Альтанка, агароджа, цэментаваная дарожка – справа рук хайнічаніна Васіля Паўлоўскага. Ужо ў Судкова былі аформлены 5 выставачных залаў, сабрана больш за 2800 экспанатаў. Першых наведвальнікаў музей “Трагедыя Чарнобыля” прыняў 16 мая 2007 года. (Дарэчы, па выніках працы музей у Судкове быў занесены на раённую Дошку гонару.) Праводзіліся не толькі экскурсіі, але і сустрэчы з перасяленцамі, ліквідатарамі. Слёзы, радасць, пацалункі – “чарнобыльцы” сустракаліся, разумеючы, што на наступны год ужо могуць не ўбачыць адзiн аднаго...

Аднойчы ў музей завітала пажылая жанчына. Увайшла ў залу і горка заплакала. Потым павярнулася да музейных работнікаў і прамовіла: “Дзеткі мае, дзякуй вам за памяць! І не крыўдуйце на мяне, старую. Дазвольце памаліцца за ўсіх, хто аддаў сваё жыццё за нас”.

>Малілася бабуля на партрэты пажарных, якія сталі першымі ахвярамі той трагедыі: Мікалай Ціцянок, Васіль Ігнаценка, Віктар Кібянок, Мікалай Вашчук, Уладзімір Цішур, Віктар Правік... Хлопцаў, якія цаной уласнага жыцця ўтаймавалі ашалелы атам, было 28. Ці застаўся з іх хто ў жывых?

— Мы знайшлі звесткі пра братоў Шаўрэяў, жыхароў нараўлянскай вёскі, — распавядае Валянціна Гацко. — Іван і Леанід служылі ў адным карауле спецыяльнай ваенізаванай пажарнай аховы атамнай станцыі, а Пётр быў інспектарам дзяржпажнагляду. Усе трое перанеслі прамянёвую хваробу, адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, і, дзякуй богу, засталіся жыць.

Прабягаю вачыма радкі з успамінаў Івана Шаўрэя: “У тую ноч я дзяжурыў разам з Лёнем. Спачатку адчуў штуршок, потым – узрыў, за ім другі. Чорнае воблака рванулася ўвысь, асвяцілася сінявата-неонавым святлом. У цэнтры ўтварыўся вялізны вогненна-чырвоны шар… Ужо праз некалькі імгненняў мы імчаліся да чацвёртага энергаблока, дзе бушавала полымя. Усе разумелі: здарылася страшнае... Схапілі ствалы і, раскручваючы пажарныя рукавы, сталі ўзбірацца па знешняй лесвіцы на дах машыннай залы. Гэта метраў семдзесят, не меней. З правалу вырываюцца агонь і пара. Зверху падаюць іскрыстыя аскепкі. З разарваных труб хвошча гарачая вада. Гарыць, булькае чорны бітум. Ногі слізгаюць. Дымяцца боты, адзенне. Але я ўсяго не заўважаю. Перада мной – агністая пачвара, якую трэба адужаць... Накіроўваю струю вады ў пашчу пачвары... у вушах стукае... Чую каманду Віці Кібянка: “Уніз! Усе ўніз!” … Кружыцца галава...”.

Ужо будучы ў бальніцы Іван даведаўся, што яго сяброў-таварышаў пахавалі ў Маскве...

***

У музейнай зале стаіць вялікі стол, за якім у свой час збіраўся штаб Савета міністраў БССР па надзвычайных сітуацыях, які каардынаваў работу па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС у пацярпелых раёнах у 1986 годзе. Кіраваў дзейнасцю штаба старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Грахоўскі.

Працаваў ён па 22 гадзіны ў суткі, неаднаразова наведваў аварыйную станцыю. У сярэдзіне мая 1986-га Аляксандр Адамавіч перажыў гіпертанічны крыз, але, атрымаўшы неабходную медыцынскую дапамогу, прадоўжыў выконваць свае службовыя абавязкі. Аднойчы ён сказаў: “У жыцці ёсць два шляхі – гарэння і тлення. Для сябе я выбраў першы”. І шлях гэты закончыўся ў 52 гады... У экспазіцыі ёсць дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы Грахоўскага, перададзеныя яго жонкай. Памяць аб Аляксандру Адамавічу хайнічане ўвекавечылі ў назве адной з вуліц райцэнтра.

***

У 2012 годзе чарнобыльская экспазіцыя стала часткай Хойніцкага краязнаўчага музея, што месціцца ў палацава-паркавым комплексе, пабудаваным напачатку ХХ стагоддзя памешчыкам Андрэем Аўраамавым.

Ёй адведзены цэлы сектар на другім паверсе: фотаздымкі, карціны, прадметы побыту, дазіметры, ахоўныя касцюмы і іншы рыштунак выратавальнікаў часоў ліквідацыі той жудаснай аварыі. Навуковы супрацоўнік установы Кацярына Дзям’яненка гаворыць, што цікавасць да экспазіцыі вялікая, шмат прыязджае замежных дэлегацый. Не раз дапамогу музею аказвалі дабрачынныя арганізацыі Расіі, Украіны, Францыі, Германіі, Італіі і Ірландыі.

Дарэчы, Валянціна Гацко праз год пасля пераезду экспазіцыі ў Хойнікі пайшла на адпачынак, але паспела зрабіць выдатны падарунак сваім землякам – падрыхтавала да друку кнігу “Памяць Чарнобыля”, якая выйшла да 25-годдзя аварыі. “Кніга – вынік працы ўсіх хайнічан, агульны голас тых, хто пацярпеў ад страшнай трагедыі і працягвае жыць”, – кажа Валянціна Афанасьеўна.

Фото:
поделиться в соцсетях