Таямніца тураўскіх саркафагаў

Таямніца тураўскіх саркафагаў

У 2005 годзе над руiнамі храма ХІІ стагоддзя ў Тураве была ўзведзена музейная крыпта. Пры раскопках, якія вяліся адначасова з будаўніцтвам, археолагі знайшлі падмурак саркафага. На тэрыторыi Беларусі такі від пахавання больш нідзе не выяўлены

У той час аўтар гэтых радкоў неаднаразова наведваўся па службовых справах на Замкавую гару і стаў сведкам ускрывання ўнікальнага пахавання ў прысутнасці праваслаўнага духавенства, вучоных і прадстаўнікоў мясцовай улады. Па словах кіраўніка археалагічнай экспедыцыі Пятра Лысенкі, захаваўся саркафаг няблага. Яго масіўныя цагліны мелі даўжыню 28 см, шырыню 18 см і вышыню 4 см.

PRAS.by""

Музейная крыпта была ўзведзена па спецыяльным праекце да 1025-годдзя Турава і 1000-годдзя Тураўскай епархіі. Сёння яна ўваходзіць у экспазіцыю “Старажытны Тураў”.

Цікава, што вясной 1908 года падчас капання магілы на Барысаглебскіх могілках непадалёк ад капліцы таксама была знойдзена каменная скрыня-саркафаг, аднак хто ў ёй быў пахаваны, высветліць дакладна не ўдалося. Людзі казалі, што ў саркафагу знаходзіліся астанкі малалетніх князёў Барыса і Глеба або тураўскага князя ці епіскапа. Нельга выключаць і той факт, што ў склепе мог быць пахаваны асветнік славянскай зямлі Кірыла Тураўскі. Але даследаваннямі ніхто не займаўся. Першы саркафаг даставілі ў Мінск, а ў часы гітлераўскай акупацыі ён знік бясследна.

Яшчэ тры саркафагі былі ўскрыты ў 1963 годзе, калі вядомы археолаг Міхаіл Каргер даследаваў падмуркі храма ў Тураве. У адным з іх даўжынёй прыкладна 1,8 м ляжалі астанкі мужчыны, які памёр ва ўзросце 50–52 гадоў. Навукоўцы зноў выказалі думку, што гэта княжацкая або духоўная асоба.

У 1992 годзе знайшлі яшчэ два саркафагі. Такім чынам, 13 жніўня 2005 года ў старажытным Тураве быў ускрыты сёмы саркафаг. Рэшткі людзей, знойдзеныя ў першых шасці саркафагах, былі перапахаваны на мясцовых могілках, а апошнія яшчэ не аддадзены зямлі, як таго патрабуюць хрысціянскія традыцыі.

PRAS.by""

Сёмы саркафаг, дарэчы, мае сваю адметнасць. Як адзначаюць навукоўцы, звычайна сцены скрыні, дзе ляжыць нябожчык, маналітныя, накрытыя зверху шыфернай плітой. У знойдзеным варыянце камера выкладзена чырвонымі цаглінамі, а верхняя пліта выраблена з оўручскага шыфернага сланцу (Оўруч – райцэнтр у Жытомірскай вобласці Украіны. – Заўв. аўт.). Шкілет, які знаходзіцца ўнутры, парушаны. Цагліны ў аснове саркафага крыху прыўзняты пасярэдзіне. Гэта здарылася, па меркаванні даследчыка Пятра Лысенкі, падчас землятрусу ў маі 1230 года, таму і асобныя часткі шкілета змясціліся.

Але ж адказу на пытанне, хто быў пахаваны пад сценамі храма, усё роўна няма. Ніякіх прадметаў побач не знойдзена. Аднак Лысенка зрабіў папярэднія высновы: памер магільнай камеры ўсяго 152 см – значыць, нябожчык меў невялікі рост. Пэўныя дэталі паказваюць на тое, што гэта была жанчына юнага ўзросту. Добра захаваліся абодва рады зубоў. Яшчэ адна акалічнасць: косці ў каленях значна расшыраны, што сведчыць аб хваробе ног. Адносна родавай прыналежнасці пахаванага сумнявацца не выпадае: гэта, хутчэй за ўсё, прадстаўніца княжацкага саслоўя. Магчыма, Еўдакія – адзіная дачка тураўскага (а пасля і кіеўскага) князя Ізяслава. У 16-гадовым узросце яна стала каралевай Польшчы, але пасля таго, як памёр ад атручэння яе юны муж кароль Мешка ІІІ, Еўдакія магла вярнуцца ў Тураў. Як сведчыць гісторыя, у той перыяд на працягу сотні гадоў у тураўскіх князёў, акрамя Еўдакіі, дзяўчынкі не нараджаліся. Згаданая версія, такім чынам, мае права на існаванне.

***

Музейная крыпта над руiнамі храма ХІІ стагоддзя была ўзведзена па спецыяльным праекце да 1025-годдзя Турава і 1000-годдзя Тураўскай епархіі. Сёння яна ўваходзіць у экспазіцыю “Старажытны Тураў”.

PRAS.by""

Трэба адзначыць, што тураўскі храм не саступаў па значнасці буйным культавым збудаванням Кіева, Суздаля і Пскова, пераўзыходзіў нават знакаміты Сафійскі сабор у Полацку. Стаяў ён у цэнтры гарадзішча, якое падзелена глыбокім ровам на дзве пляцоўкі: дзядзінец (75х70 м) і вакольны горад (150х100 м). Раней пляцоўкі былі ўмацаваны валамі. Рэшткі рова можна і сёння ўбачыць у некаторых месцах з боку поля. А яшчэ матэрыялы раскопак сведчаць аб тым, што адзін са старажытых гарадоў Беларусі меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Малой Азіяй, Валынню і Прыбалтыкай. Тут развіваліся жалезаапрацоўчае, ювелірнае, касцярэзнае, дрэваапрацоўчае, швейнае і ганчарнае рамёствы.

PRAS.by""

Сёння падмуркі старажытнай тураўскай царквы закансерваваны, накрыты дахам з металу і шкла і ўваходзяць у структуру мясцовага краязнаўчага музея. Гарадзішча Турава перыяду ранняга Сярэднявякоўя і вакольны горад маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі трэцяй катэгорыі. Штогод яго наведваюць 17–20 тыс. турыстаў.

Што яшчэ цікава: тураўляне захавалі паданне аб тым, як у саркафагах былі пахаваны пяцёра дачок аднаго з тураўскіх князёў, у якіх высмакталі кроў балотныя гадзюкі. Майстры зрабілі тыя саркафагі з оўручскага каменя за шэсць тыдняў. Неўзабаве памерлі княгіня і князь, а сыны, якім у спадчыну засталося княства, пачалі ваяваць паміж сабой, і княства з цягам часу страціла сілу. Ці не пра знойдзеныя сем саркафагаў тое паданне?

Фото:
поделиться в соцсетях