Вярнуць з небыцця: ці магчыма аднавіць “ідэальную гаспадарку” Сярэднявечча?

Вярнуць з небыцця: ці магчыма аднавіць “ідэальную гаспадарку” Сярэднявечча?

Ціхае правінцыяльнае жыццё ў аграгарадку Шчорсы на ўсходзе Навагрудчыны ідзе сваім чынам. Вяскоўцы займаюцца штодзённымі побытавымі справамі і рэдка звяртаюць увагу на чалавека з фотаапаратам і нататнікам: візіты цікаўных журналістаў ды турыстаў тут справа звычайная

Гэты маляўнічы куток Прынёмання скрывае нямала гістарычных таямніц, але ж мы прапаноўваем сёння даведацца пра некаторыя вядомыя факты нашага слаўнага мінулага. Яны вельмі цікавыя.

Час росквіту і надзей

На працягу пяці стагоддзяў і да пачатку Другой сусветнай вайны шчорсаўскімі землямі валодалі прадстаўнікі магутнага графскага роду Храптовічаў. Асаблівы росквіт мястэчка прыпаў на XVIII стагоддзе – час гаспадарання апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага, выбітнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, філосафа, асветніка, гуманіста і рэфарматара Іахіма Літавора Храптовіча. Менавіта ён у 1770 годзе распачаў у Шчорсах будаўніцтва палацава-паркавага комплексу. Літаральна за 6 гадоў пад кіраўніцтвам лепшых архітэктараў таго часу Джузэпэ дэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля тут паўстаў мураваны ўзор дойлідства позняга барока і ранняга класіцызму – палац і дапаможныя карпусы. Амаль 40 гектараў заняў англійскі пейзажны парк з каскадам штучных азёр.

PRAS.by""
Як першапачаткова выглядаў графскі палац у Шчорсах, можна ўбачыць на гравюры Напалеона Орды (другая палова XIX ст.). 

Падчас вандровак па Еўропе Іахім Літавор вывучаў перадавыя ідэі рацыянальнага гаспадарання і паспяхова ўкараняў лепшыя набыткі ў мястэчку. Амаль на стагоддзе апярэдзіўшы час, ён адмяніў на сваіх землях прыгоннае права, перавёў сялян з баршчыны на чынш (грашовую рэнту), упершыню ў Беларусі ўвёў севаабарот, добра аплачваў працу наёмных работнікаў.

– Граф Храптовіч стварыў у Шчорсах “ідэальную гаспадарку”, – тлумачыць загадчык сектара культуры аддзела ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко. – Тут варылі найсмачнейшае піва і пяклі хлеб, гадавалі завадскіх коней, плавілі жалеза, выраблялі фурманкі, цэглу, дрэнажныя трубы, касцявую муку для ўгнаення глебы. Працавалі вадзяная лесапілка, тры млыны, верф на Нёмане. Паркавыя сажалкі, акрамя аздаблення ландшафту, служылі для развядзення рыбы. Шчорсаўскія сыры ледзь выспявалі, як іх скупляла палова Еўропы – заяўкі на гэты прадукт былі распісаны на 2 гады наперад.

PRAS.by""
Графская вяндлярня з чырвонай цэглы і  сёння прыцягвае ўвагу круглай формай і адмысловым гонтавым дахам.

У другой палове ХIХ стагоддзя для гаспадарчых майстэрняў на ўскрайку маёнтка была пабудавана так званая мураванка Храптовічаў.

Мудры ўладальнік Шчорсаў таксама актыўна займаўся дабрачыннай і асветніцкай дзейнасцю. Пры ім у мястэчку быў урач, працавалі аптэкі, школы (у тым ліку аграрная), жаночая бальніца. Храптовіч быў галоўным фундатарам Лаўрышаўскага манастыра, матэрыяльна пад­трымліваў таленавітую моладзь.

Цэнтр культурнага жыцця

Асаблівым гонарам усіх гаспадароў маёнтка была бібліятэка, якая налічвала каля 20 тысяч каштоўных тамоў. Тут захоўваліся ўнікальныя рукапісы і папірусы, геаграфічныя карты, лісты манахаў, перапіска і дзённікі дзяржаўных дзеячаў, рэдкія выданні па гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі,
геаграфіі. У бібліятэцы плённа працавалася паэтам Яну Чачоту і Уладзіславу Сыракомлю, гісторыкам Ігнату Даніловічу і Іахіму Лелявелю, астраному Міхаілу Пачобуту.

PRAS.by""
Будынак бібліятэкi сёння. 

 Госцем тут быў і апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Лічыцца, што шчорсаўскія паданні натхнілі Адама Міцкевіча на стварэнне “самай навагрудскай” паэмы “Гражына”. Да нядаўніх часоў у графскім парку рос велізарны дуб, пад якім, па чутках, і былі напісаны тыя радкі.

Сын Іахіма Храптовіча Адам, заўзяты аматар друкаванага слова, завяшчаў бібліятэку першаму ўніверсітэту, які будзе адкрыты на беларускай зямлі. Але напярэдадні Першай сусветнай вайны сваякі магнацкага роду перавезлі асноўны кніжны фонд у Кіеў, і цяпер рэдкія экзэмпляры экспануюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Украіны. Каля 3 тысяч тамоў, якія засталіся, былі нацыяналізаваны савецкай уладай і… зніклі. Бясследна страчана і больш за сотню карцін, якія ўпрыгожвалі двухпавярховы будынак шчорсаўскай бібліятэкі.

На схіле цудоўнай эпохі

Падчас Першай сусветнай прамое пападанне бомбы нанесла палацу немалую шкоду. Храптовічы пачалі яго адбудоўваць, але не паспелі давесці справу да канца: у 1939 годзе новыя гаспадары арыштавалі графскую сям’ю.

Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак апынуўся пад калгаснай апекай і паступова прыйшоў у поўны заняпад: у 1950-х гадах палац быў разбураны да падмурка, дзікім параснікам пакрыліся алеі парка, забалоціліся сажалкі (пазней некаторыя з іх аднавілі, а адну засыпалі і зрабілі на яе месцы стадыён). У мураванцы, якая нагадвала невялічкі замак, размясціўся рамонтна-механічны двор. Зніклі і “карункі” каванай агароджы маёнтка – ад яе засталіся толькі дыхтоўныя каменныя слупы.

Мурованка 1 Подпись: Час не пашкадаваў і фальварак "Мураванку Храптовічаў": паступова ён губляе "замкавыя" абрысы.

Людзі расказвалі, што мясцовыя жыхары знаходзілі раней невялічкія скрутачкі карычневага колеру, трушчылі іх і дабаўлялі ў тытунь, каб лепш курыўся. Магчыма, гэта былі каштоўныя папірусы.

Палац Храптовічаў у Шчорсах з’яўляецца помнікам архітэктуры агульнанацыянальнага значэння. Сёння мы можам убачыць добра захаваныя будынкі бібліятэкі, флігеля і карэ службовых памяшканняў (будынкі прамавугольнай замкнёнай формы. – Заўв. аўт.), падмурак і сутарэнні былога палаца, вежу-вяндлярню, руіны стайні і мураванкі, старажытны парк.

PRAS.by""
У былым карэ службовых памяшканняў да нядаўняга часу жылі людзі, таму будынкі нядрэнна захаваліся.

– У флігелі размяшчаўся дзіцячы садок, вяндлярня апынулася на тэрыторыі школы і выкарыстоўваецца сёння як склад, – працягвае аповед Наталля Жышко. – У карэ да нядаўняга часу жылі людзі, якія за дзесяцігоддзі гаспадарання значна змянілі спрадвечную архітэктуру. Дарэчы, мясцовыя жыхары для сваіх патрэб прыстасавалі і сутарэнні: захоўвалі ў іх бульбу, трымалі свойскую жывёлу. Некаторыя скляпы папросту засыпалі друзам.

Цяпер рэшткі палацава-паркавага комплексу знаходзяцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама. Па словах нашай суразмоўцы, толькі летась у Шчорсах было праведзена 8 суботнікаў. Валанцёры прыбралі горы смецця, незаконныя прыбудовы, пачысцілі парк.

PRAS.by""

Для таго каб захаваць цудам уцалелыя будынкі, маёнтак Храптовічаў будзе выстаўлены на продаж з аўкцыёну ўжо ў першым паўгоддзі гэтага года. Хочацца верыць, што ён не знікне з зямлі, а знойдзе новага руплівага гаспадара, які дапаможа вярнуць беларускаму мястэчку статус культурнага цэнтра краіны і астраўка вытанчанай цывілізацыі.

Фото:
тест
От Антарктиды до драгоценностей: что вы знаете о белорусской науке?пройти тест
поделиться в соцсетях