Воранаўшчына: па слядах апошніх язычнікаў Беларусі

Воранаўшчына: па слядах апошніх язычнікаў Беларусі

На Воранаўскай зямлі культура славян пераплялася з культурамі балтаў, яўрэяў, татар. Тут даўніна – суседка сучаснасці: апошнія язычнікі пакланяюцца культавым валунам, абраз Тракельскай Божай Маці яўляе цуды, а на магіле каханай Адама Міцкевіча заўсёды ляжаць кветкі...

Гэтыя мясціны далі свету шмат знакамiтых людзей. Сярод іх – беларуска-польскі археолаг і этнограф, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук Вандалін Шукевіч; гісторык і ваенны інжынер Тэадор Нарбут і яго старэйшы сын Людвіг, паплечнік Кастуся Каліноўскага; доктар філасофіі і багаслоўя, прафесар батанікі і заалогіі Станіслаў Юндзіл. На Воранаўшчыне жылі і тварылі вядомы мастак Міхаіл Андрыёлі і класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч.

Маршрут па Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці падрыхтаваны Воранаўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў (старшыня – Данута Бобіна) пры садзейнічанні спецыялістаў Радунскай гімназіі і Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Ліцвінская Беатрычэ

З гісторыяй раёна навечна звязана імя песняра беларускага, польскага і літоўскага Адама Міцкевіча. Тут у Больцініках жыла Марыля Верашчака-Путкамер, якая назаўжды стала каханай і музай паэта, як Беатрычэ для Дантэ, Лаура – для Петраркі.

У вершы “Да М***” Адам Міцкевіч пісаў:

Там, дзе страчаліся шчаснай парою,
Дзе расставаліся сумнай хвілінай,
Буду заўжды неразлучным з табою,
Бо ўсюды частку душы я пакінуў.

Палаца-паркавы ансамбль у вёсцы Больцінікі, які быў закладзены ў другой палове XVIII стагоддзя, вядомы сёння менавіта дзякуючы яго гаспадыні – Марылі Верашчакі-Путкамер. Да нашых дзён захаваўся сядзібны дом, пабудаваны ў 1895 годзе, пасля смерці Марылі.

Але стары парк у Больцініках, дзе жыла Марыля са сваім мужам графам Ваўжынцам Путкамерам і дзе гасціў Адам Міцкевіч, памятаюць гісторыю любоўнага трохкутніка. З аднаго боку – палаючы каханнем юнак, з другога – дзяўчына, якая з захапленнем слухала рыфмаваны шэпат маладога паэта, а з трэцяй – багаты магнат, які разбівае рамантычнае каханне аб прозу жыцця.

Марыля была сапраўднай ліцвінкай і палымянай патрыёткай. Падчас шляхецкага паўстання 1831 года разам з мужам яна дапамагала паўстанцам, за што абое былі арыштаваныя. Падчас паўстання 1863 года ў гэтых мясцінах дзейнічаў атрад пад кіраўніцтвам Людвіга Нарбута, і Марыля зноў не засталася па-за падзеямі, нягледзячы на тое, што ёй ішоў ужо сёмы дзясятак.

Марыля Верашчака-Путкамер перажыла Адама Міцкевіча на восем гадоў, яна пахавана на пагосце касцёла святога Іаана Хрысціцеля ў Беняконях. У той час, на месцы сучаснага мураванага храма, узведзенага напачатку ХХ стагоддзя, стаяў невялікі драўляны касцёл, пабудаваны ў 1634 годзе на грошы графа Яна Чаплінскага.

Пілігрымка ў Тракелі

Арыгінальным помнікам беларускага драўлянага дойлідства з элементамі стыляў барока і класіцызму з’яўляецца касцёл Прышэсця Маці Божай Тракельскай у вёсцы Тракелі. Касцёл пабудаваны ў 1809 годзе на месцы папярэдняга, узведзенага ў 1740 годзе, які належыў езуітам.

Штогод у тракельскі касцёл прыходзяць 10–15 тыс. паломнікаў з усіх куткоў Беларусі і суседніх краін, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай. У Тракелях расказваюць гісторыю пра сляпую дзяўчыну, якая стала бачыць пасля малітвы каля іконы, пра паралізаваную жанчыну, якая выйшла з касцёла на сваіх нагах, і пра жанчыну, якая 13 гадоў не мела дзяцей, а пасля паломніцтва да цудатворнага абраза нарадзіла сына. Сапраўдным цудам можна лічыць тое, што ікона ўцалела падчас пажараў, якія двойчы знішчалі касцёл амаль дашчэнту.

Радунскі Халакост

Летапіс мястэчка Радунь пішацца ўжо 7 вякоў. У мінулым асноўную частку мясцовага насельніцтва складалі яўрэі. Цяпер тут каля двух з паловай тысяч жыхароў, але яўрэяў амаль не засталося. З гісторыяй і побытам радунскага яўрэйства сёння знаёміць экспазіцыя народнага гісторыка-краязнаўчага музея ў радунскай гімназіі, які вельмі папулярны ў турыстаў з Беларусі, Германіі, Ізраіля, Літвы і Польшчы.

У музеі экспануюцца копіі прывілеяў радунскім яўрэям 1649 і 1792 гадоў, фатаграфіі паўсядзённага жыцця ХІХ–ХХ стагоддзяў, гістарычныя матэрыялы аб Халакосце ў Воранаўскім раёне. У 1942 годзе падчас поўнай ліквідацыі Радунскага гета немцы расстралялі амаль усё яўрэйскае насельніцтва Радуні і блізкіх вёсак.

У Радуні захаваўся будынак сінагогі, заснаванай талмудыстам і маралістам рабінам Ізраілем Меірам Каганам, больш вядомым як Хафец Хаім. Ён правёў большую частку свайго жыцця і памёр у Радуні.

Беларускі Стоўнхендж

Акрамя краязнаўчага музея, на тэрыторыі гімназіі ў Радуні ёсць музей ледавіковых валуноў, створаны ў 2014 годзе. Загадчык музея Іван Фясенка распавёў, што на пляцоўцы ў адзін гектар ужо месцяцца 30 камянёў.

– У Воранаўскім раёне жывуць, напэўна, апошнія язычнікі Беларусі, – гаворыць Іван Фясенка. – Яны ходзяць і ў касцёл, і да валуноў. Намоленыя камяні мы ў музей не звозім, а бяром толькі тыя, што ўжо падрыхтаваны адпаведнымі ўстановамі для знішчэння, каб разбіць на будаўнічую друзу. Такім чынам, мы захоўваем каменныя помнікі даўніны: так званыя ахвярнікі і следавікі, камяні з крыжамі, Пярун-камень ды іншыя. У некаторых камянёў нават ёсць імёны. Напрыклад, валун “Прас” з ледавіковымі “шрамамі” і выбітым збоку крыжыкам, які стаў месцам пакланення і язычнікаў, і хрысціян.

Музей валуноў складаецца з чатырох зон. Першая, з умоўнай назвай “Карта”, уяўляе сабой аб’ёмную картаграфічную выяву Воранаўскага раёна, дзе рэкі паказаны блакітнымі каменьчыкамi. Зона “Петраграфічная калекцыя” адлюстроўвае разнастайнасць ледавіковых валуноў: граніт, базальт, парфірыт, пескавік, вапняк, гнейс, кварцыт. У сектары “Форма” сабраны, адпаведна, валуны рознай канфiгурацыi: у выглядзе куба, піраміды, шара. Чацвёртая частка музея – “Культавыя валуны, камень у жыцці чалавека”, дзе прадстаўлены культавыя камяні, а таксама старажытныя і сучасныя вырабы з каменю.

Сёлета пасярод поля СВК “Гіркі” каля вёскі Дзеткі будаўнікі выпадкова знайшлі гіганцкі 50-тоннік. Выкапаць цалкам валун пакуль не змаглі, не знайшлося і тэхнікі, каб яго вывезці. Але гігантам ужо зацікавіліся ў беларуска-кітайскім індустрыяльным парку “Вялікі камень”, што будуецца ў Смалявіцскім раёне Мінскай вобласці.

Мой дом – мая крэпасць

У вёсцы Гайцюнішкі знаходзіцца ўнікальны дом-крэпасць, дзе цяпер месціцца рэспубліканская псіхіятрычная бальніца для асоб, якія здзейснілі злачынства ў стане псіхічнага расстройства. У XVII стагоддзі мястэчка належыла галоўнаму будаўніку і загадчыку каралеўскіх збудаванняў у Вільні Пятру Нонхарту, эмігранту з Фландрыі. Ён і пабудаваў тут асабістую рэзыдэнцыю, дом-крэпасць і капліцу. Дом-крэпасць вытрымаў асаду шведаў падчас Паўночнай вайны і захаваўся да нашых дзён амаль у першапачатковым выглядзе. Каб агледзіць унікальны помнік гатычна-рэнесансавай архітэктуры, неабходна заплаціць памежны збор (да Літвы адсюль 4 кіламетры) і запісацца ў журнале на вахце ў бальніцы.

***

У Воранаўскім раёне турыстычныя маршруты распрацоўваюць школы, музеі, цэнтры культуры. Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці прапануе маршрут “Дарогаю продкаў”. Ён пачынаецца з наведвання касцёла святога Георгія ў вёсцы Асава. Наступны пункт – аграгарадок Пагародна з помнікам дзяўчатам-сувязісткам, каля якога ладзяць літаратурна-музычную замалёўку “Их было четверо девчат”, і фрагмент парка канца XVIII стагоддзя, які з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Завяршаецца экскурсія ў музейным пакоі Пагародзенскага цэнтра культуры майстар-класам па ткацтве на кроснах, а для груп пры жаданні – праграмай узорнага тэатра-студыі гульні “Гульнёвы кірмаш”.

поделиться в соцсетях