Выстава “Гандаль Беларусі на шляхах гісторыі”: меч вікінгаў і… косткі паўліна

Выстава “Гандаль Беларусі на шляхах гісторыі”: меч вікінгаў і… косткі паўліна

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пры падтрымцы Міністэрства гандлю і Цэнтра вывучэння гісторыі гандлю кампаній “Менка” адкрылася тэматычная выстава, у стварэнні якой таксама ўдзельнічалі іншыя музеі і архівы краіны, установы адукацыі, прыватныя калекцыянеры

“Гандаль Беларусі на шляхах гісторыі” – гэта першая выстава ў Беларусі, якая датычыцца менавіта гэтай сферы дзейнасці ад старажытных часоў да сучаснасці. Тут паказаны вытокі гандлю на старабеларускіх землях, асаблівасці яго развіцця ў часы натуральнай гаспадаркі, у перыяд рынкавых капіталістычных адносін і сістэма гандлю ў савецкі час. Кожны чалавек на працягу жыцця шматразова сутыкаецца з гандлем, і ўнікальнасць у тым, што развіццё галіны адлюстроўваецца праз стасункі прадаўцоў і пакупнікоў.

PRAS.by""

– Аб’ектам гандлю ў розныя часы была любая рэч, якой можна абмяняцца, менавіта таму перад навукоўцамі паўстала даволі складаная задача – адабраць прадметы, што б найбольш яскрава характарызавалі розныя перыяды гандлю, – адзначыла навуковы супрацоўнік аддзела навуковых камунікацый Дар’я Астрагаловая. – З першых стагоддзяў існавання Беларусь з’яўлялася тэрыторыяй, дзе адбывалася шмат гандлёвых аперацый, таму што краіна знаходзілася ў цэнты Еўропы і праз яе праходзілі гандлёвыя шляхі.

Самы буйны і знакаміты – летапісны шлях “з варагаў у грэкі”. У экспазіцыйнай вітрыне прадстаўлены манетна-рэчавы скарб канца IX стагоддзя паходжаннем з Арабскага халіфату, які быў знойдзены на правым беразе Бярэзіны ў вёсцы Брылі Барысаўскага раёна ў 2000 годзе. У складзе знаходкі: манеты (дырхемы), срэбраная грыўна (шыйнае упрыгожванне), зламаны ў некалькіх месцах меч воіна-гандляра – вікінга.

PRAS.by""

Хутчэй за ўсё, гэтыя рычы трапілі на нашыя землі, калі скандынаўскія мараходы хадзілі па беларускіх рэках. У першую чаргу вікінгаў цікавілі рачныя шляхі, па якіх можна было дабрацца да Канстанцінопаля. Знойдзены меч, як лічаць гісторыкі, знаходзіўся сярод рэчаў скарбу. І тое, што ён быў у некалькіх месцах зламаны, сведчыць аб рытуальным пахаванні: меч ахвяравалі паганскім багам, каб ладзіўся гандаль.

На Беларусь трапляла шмат дзівосных тавараў: каляровае шкло (бусіны), метал, рэшткі бранзалетаў з арабскіх краін. Падчас археалагічных раскопкаў у Ваўкавыску знойдзены косткі паўліна, і застаецца толькі гадаць, дзеля каго была завезена ў XII стагоддзі экзатычная птушка.

У XIV стагоддзі наша краіна ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Жыхары невялічкіх гарадоў і вёсак таргавалі на кірмашах, які адбываліся некалькі разоў на год і працягваліся ад двух дзён да месяца. Тавараабарот, напрыклад, Зельвенскага кірмашу, аднаго з самых буйных на Гродзеншчыне, складаў каля мільёна расійскіх рублёў у год. Агульнагадавы абарот ВКЛ – 15 мільёнаў. Як сведчаць дакументы, на кірмаш пастаўлялі да 10 тыс. коней, з’язджаліся сельскія жыхары з садавінай і агароднінай: зернем, буракамі, капустай, мёдам і іншымі прысмакамі.

PRAS.by""

Квітнеў гандаль і ў гарадах. На выставе можна ўбачыць імправізаваны невялікі гарадскі магазінчык XIX стагоддзя: касавы апарат, цукеркі, пячэнне ў скрыначках, тытунь, капелюшы і цацкі, алкаголь. Толькі ў Полацку ў той час працавалі 56 магазінаў рознага профілю. Прычым у гандляроў-яўрэяў меўся разнастайны ўніверсальны асартымент – ад солі да панчох, а ў мясцовых жыхароў тавар у асноўным быў аднаго профілю.

PRAS.by""

На выставу з Заслаўскага музея былі дастаўлены чамаданы. Такія на пачатку XX стагоддзя выкарыстоўвалі кантрабандысты, якія ладзілі ў чамаданах, а таксамам і бочках двайное дно. Асноўнымі прадметамі кантрабанды лічыліся футра, соль і мыла. У кавалках мыла, якое спачатку растоплівалі, кантрабандысты звычайна хавалі дарагія ўпрыгожванні.

Сярод экспанатаў, акрамя археалагічных матэрыялаў, – вагі і бязмены. Побач на плакаце навочна прадстаўлены меры даўжыні: локаць, махавы сажань, крок.

PRAS.by""
PRAS.by""

Далей – плакаты пасляваеннага часу з слоганамі: “Будь культурным продавцом – покажи товар лицом” ды “Культурно торговать – почетный труд”. Такім спосабам савецкая агітацыя заклікала гандляроў пазбаўляцца ад непрыступнасці, няветлівасці і суровасці.

PRAS.by""

У часы СССР у Беларусі былі адкрыты ўнівермагі, якія працуюць да гэтага часу, у тым ліку ГУМ і ЦУМ. На выставе паказаны рэчы, якія карысталіся вялікім попытам у савецкіх пакупнікоў: тканіна, рыдыкюлі, капелюшы. Ва ўнівермагі тавары паступалі з усёй тэрыторыі Савецкага Саюза, і на паліцах можна ўбачыць літоўскія і латышскія цукеркі, чэшскі алкаголь.

PRAS.by""

Падчас выставы “Гандаль Беларусі на шляхах гісторыі” ў гістарычным музеі праходзіць шэраг імпрэз: навуковых, адукацыйных, забаўляльных. Таксама можна паглядзець падборку ўнікальных дакументальных кінастужак 1940–1950 гадоў.

Фота аўтара

поделиться в соцсетях