Заархівуйце мяне ў летапіс, ці Дзе працуе беларускі Індзіяна Джонс

Заархівуйце мяне ў летапіс, ці Дзе працуе беларускі Індзіяна Джонс

Чаму працаваць у архіў ідуць авантурныя рамантыкі і чым цікавяць мікрабіёлагаў кніжныя паліцы – на гэтыя і іншыя пытанні адказалі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва, якія 6 кастрычніка адзначаюць прафесійнае свята.

Сёння ў сховішчах беларускіх архіваў знаходзіцца больш за 12 мільёнаў дакументаў. Звыш мільёна захоўвае Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. У яго сховах шматлікія паперы, справы, заявы, граматы, кнігі – усё, што мае дачыненне да грамадскага і асабістага жыцця жыхароў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў дасавецкага перыяду, а таксама Брэсцкага, Віцебскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага і Полацкага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага. Самы старажытны дакумент на архіўнай паліцы – Пацвярджальны прывілей падольскіх князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў 1391 года.

Амаль пра кожную і, здавалася б, зусім нязначную паперку гадзінамі могуць распавядаць супрацоўнікі архіва. А аповед сапраўды будзе доўгім і аргументаваным – Нацыянальны гістарычныы архіў з’яўляецца своеасаблівым рэкардсменам сярод беларускіх сховішчаў па колькасці навуковых супрацоўнікаў у штаце. І шлейф навуковых званняў, як аказалася, зусім не перашкода пачуццю гумару. Звілістыя праходы архіва ўтойваюць шмат цікавых гісторый. Некаторымі з іх напярэдадні прафесійнага свята падзяліліся гісторыкі – намеснік дырэктара Дзяніс Лісейчыкаў і галоўны архівіст Уладзімір Дзянісаў.

Блакітную кроў з пальца не выціснеш

“Пачынаючы з канца мінулага стагоддзя да нас звяртаецца шмат людзей з генеалагічнымі запытамі. І многія хочуць даказаць, што яны паходзяць са шляхты, а іх продкі былі амаль што князі, – пасмейваючыся ў вусы, пачынае Уладзімір Дзянісаў. – Ёсць адзін беларускі мастак, які пакрыўдзіўся і нават абразіўся, што мы знайшлі запіс у рэвізскай казцы (дакумент, у якім адлюстраваны вынікі рэвізіі падатнага насельніцтва Расійскай імперыі.  –Прым. аўт.), які сведчыў аб сялянскім паходжанні яго роду”.

ReeadMoreBlock

Аднак не ўсе наведвальнікі чытальнай залы архіва мараць пагрэцца ў промнях добрай славы продкаў. Прыкладна 10 гадоў таму да спецыялістаў звярнуліся вяскоўцы па прозвішчы Шварц. Гавораць: “Нас у вёсцы ўсе дражняць яўрэямі. Калі гэта сапраўды так, мы знойдзем сваякоў і эмігрыруем у Ізраіль”. Архівісты пачалі разбірацца. Высветлілася, што гэтыя Шварцы – нашчадкі ваеннапалонных немцаў, якія былі ў арміі Напалеона і, трапіўшы ў палон, аселі на тэрыторыі Беларусі. “Калі сям’я прыйшла за вынікамі даследавання, мы пажартавалі, што яны цяпер могуць ехаць не ў Ізраіль, а ў Германію і патрабаваць кампенсацыю за тое, што іх продкі пакутавалі ў палоне з 1812 года і да сённяшніх дзён”, – з усмешкай успамінае галоўны архівіст.

Дарэчы, некалькі стагоддзяў таму людзі таксама імкнуліся знайсці пасведчанне аб ганаровых дзядах. А не знайшоўшы, ішлі нават на злачынства. “У нас захоўваецца шэраг фальсіфікацый яшчэ XVII стагоддзя. У адной з іх шляхціч спрабаваў падрабіць дакумент пра сваіх продкаў з ліку пінскіх баяр, стылізаваўшы ліст пад пазамінулае стагоддзе. Магчыма, ён думаў, што варта яму змяніць Пінск на Пенск (па прыкладзе варыянтаў назвы Мінск і Менск) – і падман атрымаецца”, – расказвае Дзяніс Лісейчыкаў, які ўвачавідкі бачыў фальсіфікаваную паперу. Па словах намесніка дырэктара, цяпер у ашуканцаў мінулых стагоддзяў не атрымаецца падмануць спецыялістаў – сёння супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва праводзяць мэтанакіраваную працу па выяўленні фальсіфікацый і даследуюць іх: так ці інакш, падробка XVII стагоддзя – адлюстраванне эпохі.

“Твая карова маю не разумее” і іншыя старажытна-суседскія скаргі

У Нацыянальным гістарычным архіве ёсць адзіны ва ўсёй рэспубліцы аддзел старажытных актаў. Тут апрацоўваюць актавыя кнігі судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага.

PRAS.by""

“Самым любімым заняткам шляхцічаў у тыя гады былі скаргі. Па адной справе яны маглі судзіцца год, два, дзесяць… Па некаторых маёмасных пытаннях працягвалі судзіцца нашчадкі”, – расказвае гісторык. Пачацца такая судовая справа магла звычайна: уноч сусед падкрадаўся да межавога знака вакол маёнтка і адносіў гэтую купу-камянюку трошкі ў бок. Сапраўды, знаёмая сітуацыя?

Прыводзім яшчэ адну сугучную з рэаліямі нашага часу справу XIX стагоддзя, якая трапіла да Уладзіміра Дзянісава. У Слуцкі павятовы суд паступіла скарга: двое мяшчан пайшлі на рэчку купацца, там на іх з кулакамі накінуліся пан Дубіцкі з братам, цягалі за валасы, забралі 9 рублёў, дзве брытвы і грабеньчык. Захаваўся адказ на скаргу паноў Дубіцкіх: “Я раніцай выйшаў на ганак, гляжу – у садзе два злодзеі трасуць мае вішні! Тут яшчэ мая малалетняя дачка падняла лямант,што яны хочуць яе згвалціць! Пакуль мы чакалі паліцыю, злодзеі збеглі”. На гэтым справа была скончана.

Сярод старажытных дакументаў гісторыкі знаходзяць шмат цікавага, і гэта не толькі жыццёвыя гісторыі, але і цалкам сабе матэрыяльныя рэчы. Часта гэта мухі, мімаволі трапіўшыя паміж старонак стагоддзі таму, ці пісчае пер’е, якое неяк пакінуў стомлены пісар. Архівісты знаходзілі сцізорык нямецкай фірмы, пакецік з галандскай какавай, зладзейскую адмычку і кавалак барады (!) уякасці рэчдоказу… А ў адной асабліва тоўстай справе нават апынулася куля пачатку XIX стагоддзя – так вызначылі крыміналісты!

ReeadMoreBlock

Шмат сярод архіўных дакументаў і рэчаў, нябачных вокам. Менавіта імі некалькі гадоў таму зацікавіліся навукоўцы з Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі. Даследчыкі вынайшлі, што гісторыкі працуюць у архіве не адны, а у “кампаніі” старажытных мікраарганізмаў. Дарэчы, мікрабіолагі вызначылі наяўнасць спор некалькі дзясяткаў відаў грыбкоў. Не хвалюйцеся, здароўю сурацоўнікаў і наведвальнікаў архіва нічога не пагражае – у сховішчы падтрымліваюцца асаблівыя ўмовы, у якіх грыбкі мінулых стагоддзяў развівацца не могуць.

Што ні дзень – то старонка прыгодніцкага рамана

“Праца любога гісторыка і наогул даследчыка нагадвае пошукі скарба. Архівіст, нібыта калекцыянер, збірае ў сваё ўласнае “сховішча” выпіскі з цікавымі фактамі, байкамі. Пасля мы іх апрацоўваем, і выходзяць навуковыя працы(жартуе). Таму, калі ў чалавека крыху авантурны характар, сумна ў архіве яму сапраўды не будзе”, – запэўнівае Дзяніс Васільевіч.

Па-рознаму ў архіў часам трапляюць дакументы. То беражлівая жанчына возьме з макулатуры, то знойдуць на гарышчы ці нават у царкоўным аргане– магчыма, святар схаваў стопку дакументаўпадчас аблавы. Дарэчы, гісторыкі Віленскага цэнтральнага архіва старажытных актаў знайшлі свой даўнейшы дакумент падчас рэстаўрацыі актавай кнігі – у якасці скуранога карэньчыка да вокладкі, з унутранага боку пакрытага надпісамі на лацінскай мове ажно XIII стагоддзя!

Для галоўнага архівіста Уладзіміра Дзянісава, які працуе са старажытнымі дакументамі больш за 20 гадоў, самае цікавае ў працы –нечаканыя знаходкі: калі шукаеш матэрыял па адной справе, а трапляецца па іншай, зусім забытай і занядбанай працы. Так, раптоўна гісторыкамі былі знодзены звесткі аб сапраўдным месцы нараджэння Яна Баршчэўскага (вёска Нявёдра, а не Мурагі, як лічылася); фотаздымак і аўтабіяграфія Кадрата Крапівы, якія пісьменнік прынёс, уладкоўваючыся на пасаду настаўніка; звесткі аб хрышчэнні бацькі Максіма Багдановіча, Адама Ягоравіча; афіша адной з першых пастановак п’есы “Рэкруцкі набор” Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску.

Нечаканыя знаходкі, старажытныя пісьмовыя скарбы, гісторыі захапляюць нават звычайных наведвальнікаў архіва настолькі, што некаторыя атрымлівалі другую адукацыю і распачыналі ўласную навуковую працу. Няхай ваша даследаванне будзе прысвечана толькі абмежаванай мясцовасці ці аднаму дому – гэта будзе ваш асабісты ўклад у гісторыю горада. І вы абавязкова адчуеце сябе крышачку Індзіянай Джонсам і, магчыма, зусім хутка захочаце адправіцца ў наступныя гістарычныя прыгоды…

Фото:
поделиться в соцсетях