ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
25 номер
10 июня / Землякі

Беларускі сакральны код

Старажытныя рамёствы і элементы народнай творчасці ператвараюцца ў творы сучаснага мастацтва, якое дапамагае асэнсаваць рэчаіснасць. Хочаце сказаць, што так не бывае? Але менавіта такім чынам мастацтвазнаўцы характарызуюць працы Наталлі Парахневіч з Браслава.

З сталiцы ў вёску

Наталля Парахневіч нарадзілася і вырасла ў Мінску, а яе мама і бабуля не ўмелі ні ткаць, ні вязаць, ні вышываць. Затое вязала родная цётка, што жыла ў Заслаўі. Туды дзяўчынка і ез­дзіла, каб браць першыя ўрокі. Як кожнае дзіця, адоранае мастацкім талентам, яна малявала. Але цягнулася да працы з ніткамі і тэкстылем.

Пасля заканчэння школы вырашыла вучыцца ў Віцебску. Мастацка-графічны факультэт тады яшчэ педагагічнага інстытута (цяпер Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава) меў добрую рэпутацыю. А ў Браслаўскі раён пасля яго заканчэння пераехала разам з мужам-аднакурснікам.

– Памяняць сталіцу на вёску было не цяжка, а нават цікава, – прыгадвае Наталля. – Для чалавека, які нараджаецца ў вёсцы, сталіца здаецца нейкім чароўным месцам. А для мінчан у ёй такое ж натуральнае жыццё, дзе няма ніякай казкі. Для мяне, наадварот, вёска выглядала як новы свет.

Калі Наталля з’язджала да свайго першага месца працы ў вёску Урбаны Браслаўскага раёна, яе мама плакала. Жанчына, якая сама прыехала з сельскай мясцовасці, прыдбала ў вялікім горадзе жыллё і атрымала працу, стварыла сям’ю і вырасціла дзяцей, не магла зразумець, чаму дачка зрабіла такі дзіўны выбар.


Працы Наталлі Парахневіч выстаўляліся ў Краславе і Наўене (Латвія), Браславе, Паставах, Мінску і Віцебску.


Вёска аказалася даволі вялі­кай, да мяжы з Латвіяй было каля двух кіламетраў, акрамя вяскоўцаў, там жылі і пагранічнікі. Дзяцей у школе хапала. Наталля і яе муж выкладалі ўсе дысцыпліны, звязаныя з выяўленчым мастацтвам: маляванне, чарчэнне, працоўнае навучанне. Тым не менш абодва былі мастакамі. Таму, прыехаўшы на Браслаўшчыну, адразу звярнуліся ў клуб майстроў народнай творчасці пры музеі традыцыйнай культуры. Маўляў, мы таксама майстры і таксама хочам удзельнічаць у мясцовых фестывалях, паказваць і прапаноўваць свае працы.

На той час Наталля захаплялася вышыўкай. Але вышываць крыжыкі па зададзенай схеме было нецікава, жанчына распрацоўвала эскізы сама, выкарыстоўвала розныя тэхнікі. І гэта падабалася гледачам, у актыве мастачкі шмат перамог на розных конкурсах: першае месца на лепшы вышываны сімвал Віцебшчыны, а таксама ў абласным конкурсе вышыўкі «Чароўная нітка» і іншых.

Невыпадковае ткацтва

Таленавітую ўдзельніцу клуба сталі клікаць у музей на працу. Згодай Наталля рашылася адказаць толькі праз дзесяць год настаўніцтва. Але цяпер пераканана: рашэнне было правільным. Стаўшы кіраўніком народнага клуба майстроў народнай творчасці і самадзейных мастакоў «Ля возера» пры Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры, яна асвоіла іншыя тэхналогіі. Умее вязаць, рабіць габелен i батык. Але самым любімым стала ткацтва – на бярдзечку, на дошчачках, на кроснах.

– Адна з маіх калег па музейнай працы на кроснах ткала ходнічкі, – прыгадвае Наталля. – Я папрасіла яе, каб саткала і мне, хацелася паслаць іх у новай хаце. Майстрыха паскардзілася на адсутнасць часу і прапанавала: а ты сядай і рабі сама. Тут я і зразумела, што аднойчы сеўшы за кросны, з-за іх так проста не выйдзеш. Ткацтва – гэта, у параўнанні з вышыўкай, іншы свет, напоўнены рознымі магчымасцямі і сэнсамі.

Тэхнікі ткацтва таксама не ўсе аднолькавыя. Ёсць складаныя, якімі валодаюць адмысловыя майстрыхі. Наталля прызнаецца, што ў яе арсенале двух- і чатырохнітовае ткацтва. І развіваць уменне ў бок засваення, да прыкладу, васьмінітовай тэхналогіі яна не плануе.

– Ёсць, напрыклад, «Саюз майстроў», які займаецца тым, што захоўвае традыцыі, – тлумачыць сваю пазіцыю мастачка. – Там адмысловыя майстры, якія
могуць найбольш дакладна паўтарыць і скапіраваць рамяство. Для мяне валоданне старажытнымі тэхналогіямі не канчатковая мэта, а інструмент для таго, каб ствараць сучаснае з апорай на традыцыйнае. Аўтэнтыка – гэта навуковая праца. А я лічу сябе найперш мастаком.

Яркім прыкладам для сябе Наталля называе сучаснае мастацтва Літвы і Латвіі, якое становіцца адметным і заўважным у свеце менавіта дзякуючы арганічна ўплеценым у яго традыцыям. Такога ж густоўнага і адметнага шляху ёй хочацца і для беларускіх творцаў.

Маштабныя творы для арт-прасторы

Мастачка, якая заўсёды імкнулася вывесці традыцыйнае мастацтва на сучасны ўзровень, заўважае: у гэтым няма ўмоўнасці і межаў, а многаварыянт­насць толькі вітаецца. Напрыклад, у касцюме. Аднаму, каб адчуць нацыянальную ідэнтычнасць, патрэбна традыцыйная вышываная кашуля, дзе прасочваюцца ўсе сакральныя сэнсы вышыўкі. Другому дастаткова стылізаванага арнаменту, нанесенага у якасці прынта на папулярную зараз вышымайку. І тое, і другое мае права на існаванне.

Праца ў музеі, акрамя авалодання любімым ткацтвам, прыўнесла ў жыццё яшчэ адну важную рэч. Гэта зносіны з цікавымі людзьмі.

– На Браслаўшчыну прыяз­джае шмат турыстаў, – гаворыць яна. – Але ў музей пойдзе далёка не кожны чалавек. Звычайна гэта вельмі зацікаўленыя людзі, ад якіх новымі ведамі, уражаннямі і настроем можна падпітацца і нам, супрацоўнікам. За 19 год працы тут я сустрэла іх нямала.

Прадметы сучаснага мастац­тва, якія робіць Наталля Парах­невіч, – для выставачных залаў. Такія рэчы набываюць рэдка, для іх патрэбны асаблівы інтэр’ер. Мастачка прызнаецца: масштабную працу з 4 палоцен «Лёс» яна і сама здолела пабачыць як цэласны аб’ект толькі дзякуючы выставе «Вясна будзе» у зале арт-прасторы Віцебска. Павесіць вялікую работу дома не было магчымасці, і тое, як яна выглядае ў інтэр’еры, стала для яе самой сваеасаблівым адкрыццём. І гэтае новае разуменне з задавальненнем дзеляць з Наталляй яе гледачы, адчуваючы ў іх абаянне народнага мастацтва, якое дапамагае асэнсаваць сучаснасць.

Вікторыя Дашкевіч
Фота з архіва Наталлі Парахневіч