ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
25 декабря 2021 / Асоба

Доктар Эсперанта

Людвіга Заменгофа можна назваць адным з галоўных рамантыкаў XIX – пачатку XX стагоддзя: ён марыў стварыць мову, зразумелую прадстаўнікам любой нацыянальнасці, і здзейсніў сваю мару. Эсперанта – менавіта яго тварэнне. Над мовай Заменгоф працаваў і ў Гродне.

Дзіцячая мара

– Людвіг Заменгоф нарадзіўся ў снежні 1859 года ў Беластоку Віленскай губерні. У той перыяд горад быў сапраўдным «плавільным катлом»: для звароту ў адміністрацыю трэба было ведаць рускую мову, каб кантактаваць з ксяндзом – польскую, прадаўцы ў крамах размаўлялі толькі на ідзіш, – распавядае дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны ГДУ імя Янкі Купалы Віталій Карнялюк. – Заменгоф не пакінуў ніякіх рэфлексій наконт таго, што натхніла яго на стварэнне штучнай мовы, але відавочна роля шматнацыянальнага асяроддзя, у якім ён выхоўваўся.

Пра новую мову Людвіг пачаў думаць яшчэ ў падлеткавым узросце. На жаль, гэта моцна замінала вучобе, і яго выключылі з Беластоцкага рэальнага вучылішча. Бацька, Марк Заменгоф, патрабаваў, каб сын паступіў на дзяржаўную службу, але той хацеў прадоўжыць навучанне. Калі сям’я пера­ехала ў Варшаву, юнак паступіў у чацвёрты клас мужчынскай гімназіі. Ён пачаў старанна вывучаць замежныя мовы і заўважыў, што некаторыя словы ў іх вельмі падобныя адно на адно. У 1878 годзе Заменгоф прадставіў сябрам свой праект Lingwe Uniwersala. Некаторыя з іх знайшлі яго цікавым, iншыя – недарэчным.

Пасля заканчэння гімназіі Людвіг планаваў працягваць працаваць над мовай, аднак яго бацька настойваў на атрыманні прафесіі ўрача ці адваката. І Заменгоф-малодшы стаў студэнтам медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, аднак ад сваёй мары не адмовіўся. Калі Марк Заменгоф даведаўся пра гэта, то так раззлаваўся на сына, што спаліў першы варыянт яго падручніка. Але ж Людвіг аднавіў запісы і нават дапоўніў іх.

Viva эсперанта!

Завяршыў стварэнне новай мовы Заменгоф у невялікім мястэчку за 160 кіламетраў ад Беластока, куды паехаў працаваць, атрымаўшы дыплом лекара-акуліста. Вярнуўшыся ў Варшаву праз пэўны час, ён задумаўся аб выданні пад­ручніка, аднак гэта вымагала вялікіх грошай. Неабходныя сродкі Заменгоф атрымаў ад бацькі сваёй нявесты Клары і знайшоў выдаўца.

Падручнік за подпісам «Д-ръ Эсперанто» пабачыў свет у ліпені 1887 года. Яго галоўную частку займаў слоўнік, аснову якога складала агульная для многіх еўрапейскіх моў лексіка, а большасць слоў, якія стварыў сам Заменгоф, былі зразумелыя без перакладу. Эсперанта даволі просты для вывучэння: граматыку і словаўтварэнне вызначаюць 50 правіл.

– Заменгофа хвалявала рэакцыя грамадства на эсперанта, і гэта быў выбух! Падручнік пераклалі на нямецкую, французскую, польскую, англійскую і іншыя мовы. Нават бацька пачаў больш лаяльна ставіцца да захаплення сына і памірыўся з ім, – дадае Віталій Карнялюк. – Людвіг заняўся перакладам на эсперанта вядомых мастацкіх твораў і напісаннем уласных, прымаў удзел у выданні часопіса «Эсперантыст», першы нумар якога выйшаў у 1889 годзе. Часопіс чыталі ва ўсім свеце.

Вялікая канкурэнцыя сярод лекараў, а таксама захапленне, якое аднімала час, не спрыялі добраму матэрыяльнаму становішчу. Забяспечваць сям’ю станавілася складана. Заменгоф вырашыў заняцца прыватнай практыкай у невялікім горадзе. Працаваў у Херсоне, а ў 1893 годзе разам з жонкай і дзецьмі пераехаў у Гродна, дзе жыў па жнівень 1897 года. Аб гэтым сведчаць архіўныя звесткі, якія адшукаў гродзенскі гісторык медыцыны Фёдар Ігнатовіч.

Гродзенскі перыяд

Заменгоф арандаваў кватэру на вуліцы Паліцэйскай (сёння – Кірава. – Заўв. аўт.). Недахопу ў пацыентах не было, аднак сям’я жыла вельмі сціпла: у прыярытэце для Людвіга па-ранейшаму заставалася эсперанта. Сярод прыхільнікаў Заменгофа знайшліся тыя, хто меў свой погляд на штучную мову і сцвярджаў, што яна патрабуе рэфармавання. У адказ на гэта ў 1894 годзе Заменгоф змясціў у часопісе «Эсперантыст» анкету. І большасць апытаных пажадалі пакінуць мову ў існуючым стане.

– У Гродне Заменгоф надрукаваў дзве кнігі аб эсперанта, працягваў выдаваць часопіс, займаўся перакладамі (пераклаў, напрыклад, «Гамлета»). Ён апублікаваў у «Эсперантысце» артыкул Льва Талстога «Вера і разважлівасць». За гэта часопіс забаранілі ўвозіць у Расію, дзе жыла пераважная колькасць падпісчыкаў. Аднак вядомы пісьменнік стаў на абарону Заменгофа, і дзякуючы яго аўтарытэту і дапамозе ўплывовых чыноўнікаў абмежаванні ўдалося зняць. І ўсё ж выданне давялося закрыць па прычыне даўгоў, – адзначае Віталій Карнялюк.


Сярод эсперантыстаў было шмат вядомых асоб, у тым ліку пісьменнік Янка Маўр.


Пры ўсёй сваёй занятасці Заменгоф знаходзіў час і для грамадскай дзейнасці. Ён, у прыватнасці, уваходзіў у склад таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. На адным з пасяджэнняў, напрыклад, звярнуў увагу калег на тое, что многія дзеці маюць праблемы са зрокам, і па даручэнні праўлення таварыства абследаваў вучняў гродзенскіх школ. Акрамя таго, Заменгоф быў прысяжным акруговага суда.

– На жаль, сям’я па-ранейшаму мела праблемы з фінансамі, і Людвігу не раз даводзілася звяртацца па дапамогу да цесця. У верасні 1897 года ён з жонкай і дзецьмі вярнуўся ў Варшаву і пасяліўся ў бедным квартале, – дадае гісторык. – У 1980-е гады ў Гродне з’явіўся гурток эсперантыстаў. У пачатку 1990-х на доме, дзе жыў Заменгоф, была ўстаноўлена памятная таблічка. У 1996 го­дзе імя лінгвіста надалі адной з вуліц абласнога цэнтра.

Алена КАЯЧ, фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц