
Фальклорныя водары «Бараболі»
Таркавіла, саладуха, коклі… Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» Вярхоўскага СДК Бешанковіцкага раённага цэнтра культуры аб’ядноўвае 15 жанчын – сапраўдных знаўцаў традыцыйных беларускіх страў.
Удзельніцы клуба ведаюць шмат рэцэптаў з бульбы. Паколькі традыцыі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў на Віцебшчыне прызнаны элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, то «смачная» размова з імі ішла пра гэтыя самабытныя стравы беларусаў.
– Якое толькі начынне можа быць у звычайных зразах! Гэта і мяса, і фасоль, грыбы, капуста, тварог з часнаком, цыбуля з салам. Некаторыя сялянскія гаспадыні раней гатавалі бульбішнікі: з таўчонай бульбы рабілі цеста, з яго ляпілі піражкі з начыннем з капусты і смажылі. Гэта была ежа беднякоў, – расказвае кіраўнік аб’яднання, загадчык Вярхоўскага СДК Наталля Асташонак.
Далей тлумачыць, што бліны з пюрэ з дабаўленнем яек і мукі – гэта таўчонікі, а бульбяныя аладкі – гэта малыя дранікі. Яшчэ адна незвычайная страва – коклі – піражкі з таркаванай бульбы з начыннем з сала і цыбулі. Мала хто зараз гатуе малочныя бульбяныя клёцкі, вылепленыя з цёртай адціснутай бульбы і абвараныя ў вадзе з дабаўленнем малака, або «лянуху» – карпа ў малацэ.
– Распаўсюджаная страва – таркавіла, яна ж мачанка ці пражонка: калі ў кацялке падсмажваюць сала (каўбасу ці рэбра), змешваюць з мукой і ў кулеш макаюць дранікі, – уключаюцца ў размову ўдзельніцы клуба Галіна Курмель, Вольга Феактыстава і Наталля Войтава і дабаўляюць, што некаторыя стравы яны гатуюць у печы і выходзіць смачней, чым на газавай пліце.
Акрамя страў з бульбы, бешанкавічанкі ведаюць многія іншыя рэцэпты продкаў, амаль зніклыя. Напрыклад, традыцыйная страва «Саладуха»: для яе прыгатавання трэба намачыць, прарасціць і змалоць жыта, потым варыць у печы. Атрымлівалася густая, салодкая, вельмі смачная каша. Другі спосаб – заліць кіпятком жытнюю муку, пакласці туды коркі хлеба, каб закісліць, і паставіць на прыпечак, у цёплае месца. Есці саладуху з цукрам, а кіслую – з бульбай.
Зараз, у Вялікі пост, жанчыны прапануюць цікавыя посныя стравы: «Фасолевік» – пюрэ з фасолі, цыбулі і алею (есці абавязкова з салёным агурком!), бліны з капустай, буракі з цыбуляй, боб, журавінны кісель. У тыя дні, калі дазваляецца рыба, можна прыгатаваць з яе юшку, клёцкі або проста пасмажыць. Штогод спіс традыцыйных рэцэптаў клуба папаўняецца, многія з іх жанчыны інтэрпрэтуюць на сучасны лад. Напрыклад, у дранікі дабаўляюць моркву, цыбулю і каўбасу. Або ў бульбяную бабку – грыбы.
– Нам, беларусам, наканавана есці стравы з бульбы. Гэта наша самабытная рыса, – весела ўсміхаецца кіраўнік аб’яднання.
Дзейнасць клуба не абмяжоўваецца толькі кухней. Жанчыны збіраюць матэрыял пра святы беларускага народнага календара, звычаі продкаў.
– Ездзім па вёсках, гаворым з жыхарамі, дзе прыказку ці прымаўку пачуем, дыялектнае слова запішам – так пакрышку папаўняем свой багаж. Дзе падораць вышыванку,
саматканку ці старую прыладу працы з хаты – імі папаўняем нашу этнаграфічную экспазіцыю, – расказвае Наталля Асташонак.
Паміж сабой бешанкавічанкі размаўляюць часцей па-беларуску, з лёгкасцю ўжываючы народныя прыказкі, прымаўкі, вядомыя ад матуль і бабуль. Сапраўдныя носьбіты жывога спрадвечна беларускага фальклору, які, на жаль, паступова адыходзіць у нябыт. Шмат цікавага жанчыны расказалі пра народныя традыцыі і прыкметы.
– «Што я, дурны за мокрую варону тапіцца?» – так гавораць, калі справа цяжкая, а вынік ад яе будзе ніякі. Аднойчы пачулі ад землякоў невядомае слова «знікля» – так называлі нябачную прамоіну на рэчцы, калі ступіш – пойдзеш на дно, – дзеляцца жанчыны фальклорнымі знаходкамі.
А яшчэ ўдзельніцы клуба праводзяць для землякоў традыцыйныя абрады і гульнёвыя праграмы ў народным стылі.
– На Каляды, Вялікдзень калядоўнічаем і валачобнічаем – ходзім па вёсках, спяваем валачобныя песні, загадваем загадкі. На Масленіцу прапануем мужчынам цягаць калодку: хто адразу згаджаецца – той неўзабаве ажэніцца, ну а хто адмовіцца – бабылём застанецца. Абрады і нават загадкі продкаў мелі глыбокі сэнс. Судзіце самі: «Еду, еду – ні дарогі, ні следу, сухім паганяю, на смерць паглядаю» – не кожны ведае адгадку. А гэта пра чалавека, які плыве ў чоўне, – тлумачыць Наталля Асташонак.
Нярэдка бешанкавічанак запрашаюць на вяселлі. Яркія, у нацыянальных касцюмах, яны дадаюць святу самабытны каларыт.
– Перагароджваем маладым дарогу, прапануем выканаць заданні, уручаем жартоўныя падарункі: нявесце – цыбулю, «каб не паказвала свякрові дулю», жаніху – «спічкі», «каб не паказваў цешчы фічкі», – расказваюць суразмоўцы.
Актыўных удзельніц «Бараболі» з іх гульнёвымі праграмамі па матывах беларускага фальклору ведаюць па ўсёй вобласці. У 2023-м клуб стаў пераможцам (сярод 17 кухань) абласнога фестывалю аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст». Штогод клуб прапануе свае пляцоўкі на «Славянскім базары ў Віцебску», на абласным фестывалі нацыянальнай кухні «Дзвінскі смак» у Музеі-сядзібе І.Я. Рэпіна «Здраўнёва». А ў мінулым годзе на фестывалі нацыянальнай кухні і традыцыі «Веліжскія бліны» у Смаленскай вобласці здзівіў журы стравай «Курнік» – блінным пірагом з розным начыннем.
Таццяна САЛАЎЁВА
Фота аўтара