
Геаметрыя лідскіх «зубоў»
«Калі выткала свой першы ручнік, для ўпрыгожвання ніжняга краю палатна купіла карункі, але яны, фабрычныя, мне зусім не спадабаліся. Вырашыла паспрабаваць звязаць так званыя «зубы» сама, як калісьці рабілі нашы бабулі. Так паступова асвоіла яшчэ адзін напрамак народнай творчасці», – расказвае майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасцi (ЦКіНТ) Марыя Шылкоўская.
За некалькі гадоў Марыя Мікалаеўна не проста авалодала тэхнікай, а падчас даследавання ручнікоў сваёй мясцовасці пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя расшыфравала аўтэнтычныя ўзоры і стварыла калекцыю традыцыйных карунак. Сёння ў майстра каля двух дзясяткаў разнастайных варыянтаў «зубоў», якія адлюстроўваюць асаблівасці бытавання ад пачатку распаўсюджвання да спаду папулярнасці ў 1970-я гады.
Творчы пошук
– Мая асноўная спецыялізацыя, якую атрымала ў тэхнікуме, – інкрустацыя і роспіс, доўгі час таксама займалася саломапляценнем і стварала з беларускага «золата» самыя розныя вырабы, – расказвае Марыя Шылкоўская. – Вязаць умела яшчэ са школы, але ніяк не думала, што гэта стане важнай часткай прафесіі. Аднак калі ў 2018 годзе пасля нараджэння малодшага сына вярнулася ў цэнтр культуры, патрабаваўся памочнік па ткацтве, і мне прапанавалі папрацаваць з Валянцінай Сільвановіч. Так пачала вывучаць працэс стварэння ручнікоў і вязанай аздобы да іх.
Раней карункі, да прыкладу, знакамітае валагодскае пляценне, якое стваралася з дапамогай каклюшак, каштавалі вялікіх грошай. Простыя жанчыны не маглі дазволіць сабе такую раскошу. Таму каб упрыгожыць свой побыт, вязалі кручком ў тэхніцы філе (яна дазваляе ствараць сеткаватае ажурнае палатно). «Зубамі» дэкаравалі падузоры, што выглядалі з-пад посцілак, падушкі, ручнікі. Нярэдка вузкія палоскі карунак – прошвы – можна было ўбачыць у абрусах: кросны звычайна былі невялікія, і на выхадзе атрымлівалі палотна шырынёй каля 70 сантыметраў, якія трэба было прыгожа паміж самой злучыць.
Арнамент для першых «зубоў» суразмоўца шукала ў інтэрнэце, каб проста паспрабаваць вязаць нешта падобнае і атрымаць агульнае ўяўленне. Потым, наведваючы выставы-кірмашы, стала прыглядацца да ажуру на мясцовых ручніках, фатаграфавала і дома па гэтых здымках малявала схемы. Для гэтага нават завяла асобны сшытак, які клапатліва захоўвае па сённяшні дзень. Асабліва ўважліва вывучала ручнікі з роднай Лідчыны, распытвала пра традыцыі мясцовых старажылаў.
– На адным з мерапрыемстваў пазнаёмілася з жанчынамі фальклорнай групы з вёскі Збляны. Яе ўдзельніцы выходзілі на сцэну ў шыкоўных народных строях. Аказалася, гэтыя канцэртныя касцюмы бабулі рабілі самі: шылі, вязалі, вышывалі – усё сваімі рукамі. І такімі таленавітымі майстрыхамі былі амаль усе жыхаркі гэтай вескі, – працягвае Марыя Мікалаеўна. – Яны падзяліліся традыцыямі майстэрства і перадалі нам прадметы этнаграфіі, якія дапамаглі вывучыць мясцовыя асаблівасці. Дзякуючы гэтаму сёння маем грунтоўны «пасаг».
– Ад вашых бабуль нічога не засталося? – пытаюся.
– Кросна ніколі ў іх дамах не бачыла, таму, думаю, яны не ткалі. Але памятаю, што бабулі часта нешта вязалі, вышывалі. На ложках былі ажурныя посцілкі, на падушках – накідкі. На жаль, нічога з гэтага не захавалася.
Глыбокія сэнсы
Традыцыйна карункі вязалі з белай ільняной, а пасля – баваўнянай ніткі. Адна з асаблівасцяў лідскіх «зубоў» была ў тым, што ім часта рабілі чырвоную, зялёную, чорную або чорна-чырвоную акантоўку. Адрознівалася і шырыня: мясцовыя жыхаркі аддавалі перавагу вялікім, каля 25–30 сантыметраў, ажурам. У арнаменце часта сустракаліся птушкі.
– Галубы сімвалізавалі пару: каб яна жыла ў каханні і згодзе, трэба было размясціць птушак адзін насупраць аднаго. Да сямейных знакаў таксама належаць лебедзі і ластаўкі, – тлумачыць Марыя Мікалаеўна. – Пеўнікаў звычайна вязалі для мужчынскіх ручнікоў, каб той, хто імі карыстаецца, быў моцным і мужным. Павы – сімвал жаноцкасці, прыгажосці і маладосці. Акрамя таго, распаўсюджаны раслінныя і геаметрычныя матывы.
– Геаметрыю вязаць хутчэй і прасцей, чым птушак? – выказваю меркаванне.
– На мой погляд, не. Толькі, бадай што, птушак больш цікава, – кажа майстар. – Трэба разумець, што гэта ў любым выпадку не хуткі працэс. Каб карункі атрымалiся далікатнымі, патрэбныя тонкія ніткі і кручок. Вязанне пары традыцыйных шырокіх лідскіх «зубоў» займае каля тыдня.
Нават пры наяўнасці вопыту даводзіцца памыляцца. Бывае, ужо на сярэдзіне ці амаль у канцы вырабу Марыя Мікалаеўна заўважае, што прапусціла пару вочак і ўзор не складваецца. Распускае палатно і… пачынае нанова. Для яе важна, каб праца, у якую ўкладвае душу, была ідэальнай. Заўсёды старанна падбірае арнамент карунак да тканага ўзору ручніка, каб яны не спрачаліся паміж сабой.
Традыцыйныя ручнікі цалкам захапілі майстра. Плануе і далей развівацца ў гэтым напрамку. Тым больш цікавасць да яго ў Беларусі апошнія гады толькі расце. У дадатак да таго, што стварае шэдэўры белаўзорыстага ткацтва і карункапляцення, Марыя Шылкоўская перадае свае веды іншым і вядзе ў ЦКіНТ гурток вязання. Канешне, яго ўдзельнікі асвойваюць і тэхніку філе.
– Адна з вучаніц ездзіць на заняткі з суседняга раёна: хоча сваімі рукамі стварыць «зубы» для ручнікоў, якія засталіся ад бабулі. Ёсць у групе і некалькі хлапчукоў. Даведаўшыся, што яны вучацца вязаць, да нас далучыўся і мой малодшы сын, – усміхаецца суразмоўца.
Алена КАЯЧ
Фота аўтара