ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
19 августа 2022 / Спадчына

Глыбоцкія вобразы «Алісы»

Тэатр моды «Аліса» – гордасць Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна. Ён заснаваны ў 2014 годзе і праз 3 гады стаў узорным. А сёння ўжо складана пералічыць мерапрыемствы, у якіх бралі ўдзел дзяўчаты з названага калектыву.

Мода з нацыянальным каларытам

Сакрэт поспеху тэатра моды «Аліса» – у неабыякавых выкладчыках, якія тут працуюць, і ў арыгінальных калекцыях.

– Калектывам нязменна кіруе педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аксана Шпакава, – расказвае дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Зоя Касцюкевіч. – Менавіта з яе прыходам з’явіўся тэатр.

Першую калекцыю, якую прэзентавалі гледачу, нельга было назваць сапраўдным адзеннем, бо дзяўчаты стварылі яе з гафрыраванай паперы. У папяровых спадніцах з вялікімі бантамі мадэлі нагадвалі лялек. Тым не менш касцюмы цэнтр выкарыстоўваў на працягу двух гадоў падчас розных мерапрыемстваў.

Другая калекцыя мела назву «Жамчужыны Глыбоцкага краю». Мадэлі выйшлі ў ільняных сукенках, на галовах у іх красаваліся вянкі з рамонкаў і валошак. А «фішкай» калекцыі сталі палотны з выявамі славутасцей Глыбоччыны.

– Сярод іх – знакамітыя касцёл і царква Глыбокага, вёска Мосар, возера Доўгае, дэндрасад, помнік вішні, самалёт Паўла Сухога. І канешне, герб нашага горада, – расказвае Зоя Касцюкевіч. – Нанесці контуры краявідаў дапамаглі педагогі і навучэнцы мастацкай студыі. А расфарбоўвалі ўжо ўсе разам: і навучэнкі, і кіраўнік тэатра моды, і іншыя педагогі.

Прадставілі калекцыю ў 2016 годзе на выпускным вечары. З «Жамчужын Глыбоцкага краю» пачаўся праект «Любоў да роднага краю праз творчасць», які рэалізуецца і сёння.

Натхненне ад Язэпа Драздовіча

Наступная калекцыя называлася «Родныя вобразы». Яна была распрацавана па выніках даследавання творчасці мастака Язэпа Драздовіча, якое правялі ўдзельнікі тэатра. Драздовіч, як вядома, не толькі пісаў фантастычныя жывапісныя карціны. Майстар ствараў і ўтылітарныя рэчы. Падчас вандровак ён спыняўся ў дамах сялян і ў якасці падзякі за начлег і вячэру пакідаў гаспадарам маляваныя дываны. Пейзажы, кветкі, жывёлы, казачныя персанажы, напісаныя на чорным палатне, упрыгожвалі хаты жыхароў Глыбоччыны. Яны і натхнілі на стварэнне калекцыі.

«Родныя вобразы» – гэта чорныя сукенкі з карункавым верхам. На доўгіх спадніцах – матывы 8 самых пазнавальных маляванак. З гэтай калекцыяй «Алісу» двойчы запрашалі для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі «Славянскі базар у Віцебску».

У 2020 годзе ўдзельніцы тэатра моды далучыліся да праекта «Традыцыі ў будучыню», у выніку якога з’явілася калекцыя «Глыбоцкі стыль». Цяпер дзяўчаты вырашылі прыдумаць адзенне, якое падабалася б сучаснай моладзі. Касцюмы з элементамі маляванак перамаглі на занальным і абласным этапах рэспубліканскага конкурсу праектаў «100 ідэй для Беларусі», а таксама на абласных этапах конкурсу інавацыйнай тэхнічнай творчасці і Міжнароднага конкурсу «Зялёная планета».

– Мы вельмі старанна вывучалі асаблівасці глыбоцкага нацыянальнага строю, і наступная калекцыя адзення «Глыбоцкія прыгажуні» змяшчала элементы, характэрныя для нашага рэгіёна, – заўважае Зоя Касцюкевіч. – Нават пацеркі зрабілі асаблівыя – якія замацоўваюцца на адзенні, а не надзяваюцца на шыю.

Сплюша і дзед Баюн

У рамках ініцыятывы «Любоў да роднага краю праз творчасць» тэатр моды «Аліса» рэалізаваў таксама праект «Лялька.бай» з дапамогай удзельнікаў аб’яднання па інтарэсах «Дэкаратыўны дызайн», якім кіруе педагог дадатковай адукацыі Ірына Пачкоўская. Вынік – тэкстыльныя лялькі, якія спяваюць і размаўляюць па-беларуску. Спачатку лялек было тры: Сплюша, якая выконвае калыханкі, выканаўца вясёлых песенек Весялінка і дзед Баюн – расказчык казак.

– «Ляльку.бай» мы прадставілі на раённым, абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Пазней нам прапанавалі прэзентаваць ініцыятыву на Рэспубліканскім інавацыйным конкурсе праектаў. У намінацыі «Лепшы моладзевы інавацыйны праект» мы сталі трэцімі, атрымалі сродкі на камерцыялізацыю ідэі. Цяпер лялек у нас 20, – расказвае Зоя Касцюкевіч.

Лялькі чакаюць сваіх пакупнікоў. На продаж іх плануецца прапанаваць падчас абласнога свята «Дажынкі». У цэнтры перакананы, што гэтыя работы лёгка знайшлі б аматараў і за мяжой. Напрыклад, на Міжнародным дзіцяча-юнацкім фестывалі музыкі, танца і моды «Абдымі мяне, матуля», які рэгулярна праходзіць у горадзе Дагда (Літва). Да пандэміі каранавірусу тэатр моды быў пастаянным госцем згаданага форуму.

– Ва ўдзельнікаў нашага ўзорнага калектыву яшчэ шмат яркіх ідэй, і яны абавязкова будуць рэалізаваны, – рэзюмуе дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фота з архіва Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна