ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
36 /1995
16 июля 2020 / В стране

Якую ролю адыграла ў вызваленні Гродна кавалерыя?

Правабярэжную частку горада савецкія войскі занялі 16 ліпеня 1944 года. Гэты дзень лічыцца датай вызвалення Гродна. У той жа вечар у гонар пераможцаў у Маскве былі дадзены 20 залпаў з 224 гармат.

Кавалерыя, наперад!– Гродна быў вызвалены ў выніку маштабнай наступальнай аперацыі «Баграціён», калі дакладней, то падчас Беластоцкай франтавой аперацыі, – распавядае ваенны гісторык, адзін з аўтараў кнігі «Гарачы ліпень» Дзмітрый Люцік. – Праводзілася яна сіламі 2-га Беларускага фронту – 49-й арміяй генерала Грышына і 50-й арміяй генерала Болдзіна. Што цікава: Івана Болдзіна лёс тройчы прыводзіў у Гродна. У верасні 1939 года ён штурмаваў гэты горад падчас далучэння Заходняй Беларусі да БССР, у чэрвені 1941-га яго група няўдала нанесла контрудар, і вось летам 1944 года генерал вярнуўся, каб вызваліць Гродна, – звяртае ўвагу наш суразмоўца. – Значную ролю ў баях за горад адыграў і 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус генерала Аслікоўскага. Для мяне гэта стала адкрыццём у свой час: у эпоху танкаў і самалётаў конніца падавалася анахранізмам, але жыццё даказала адваротнае.Прарыў савецкіх войскаў быў імклівым. Коннікі ішлі з боку Ліды. Каля станцыі Парэчча першай у атаку пусцілі трафейную «Пантэру». Немцы разгубіліся, убачыўшы свой танк. Да Гродна кавалерыя выйшла з поўначы. 13 ліпеня разгарнуліся першыя баі. На дапамогу падаспеў 36-ты корпус 31-й арміі 3-га Беларускага фронту. Акрамя палкоў паліцыі, у немцаў былі два разведвальна-танкавых батальёны (5-ты і 12-ты). Можна знайці звесткі аб тым, што ў баях каля Гродна яны выкарыстоўвалі танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Аднак Дзмітрый Люцік лічыць гэта памылкай – у немцаў былі толькі бронетранспарцёры.Выратавалі горад15 ліпеня з боку вёскі Вялікая Капліца ў Гродна прарваўся кавалерыйскі корпус Аслікоўскага, а з усходу (дзе зараз знаходзіцца праспект Касманаўтаў. – Заўв. аўт.) – армія Болдзіна, якая ўжо вызваліла Скідаль. Позна ўвечары пачаліся баі непасрэдна ў горадзе. Коннікаў і пяхоту падтрымліваў 1444-ты самаходны артылерыйскі полк палкоўніка Мячава. Цікава, што свае танкі былі і ў кавалерыі – англійскія Мк. III «Валентайн». Яны паступалі ў Савецкі Саюз па ленд-лізе (праграма, згодна з якой ЗША пастаўлялі сваім саюзнікам у Другой сусветнай вайне баявыя прыпасы, тэхніку, харчаванне, медыцынскае абсталяванне і іншае. – Заўв. аўт.) Падчас баёў былі падбіты дзве такія машыны, і экіпаж выкарыстоўваў іх у якасці нерухомых агнявых пунктаў, – заўважае гісторык. Разлікі савецкіх 82 мм мінамётаў узору 1941г. падчас баёў за Гродна. 16 ліпеня 1944 г.Раніцай 16 ліпеня асноўная частка горада была вызвалена, і 352-я дывізія пачала зачыстку. Адступаючы, гітлераўцы замініравалі горад. Паводле звестак радыёперахопу, камандуючы абаронай Гродна обергрупенфюрэр СС Курт фон Готберг атрымаў загад на поўнае знішчэнне. На выратаванне прыбыла 1-я гвардзейская Магілёўская асобная інжынерна-штурмавая брыгада – элітнае падраздзяленне. Яго байцы былі экіпіраваны нават стальнымі нагруднікамі – правобразамі сучасных бронекамізэлек. Радавы М. Пудчаў патрулюе вуліцу ў Гродна. 16 ліпеня 1944 г.Восем доўгіх дзёнЛевабярэжную частку Гродна вызвалілі толькі праз 8 дзён – 24 ліпеня.– Справа ў тым, што немцы паспелі ўвесці ў бой 3-ю танкавую дывізію СС «Мёртвая галава», перакінуўшы яе з Румыніі. Да таго ж у пачатку баёў за горад авіяцыйныя палкі знаходзіліся пад Мінскам. Пяхота і кавалерыя заставаліся амаль без прыкрыцця з неба. Немцы знішчалі пераправы праз Нёман і блакіравалі наступленне, – тлумачыць Дзмітрый Люцік. – Вядома, што ў камандны пункт 50-й арміі да генерала Болдзіна прыехаў маршал Жукаў, які кантраляваў дзеянні франтоў падчас аперацыі «Баграціён». Сітуацыя была вельмі напружанай. 50-я армія не магла пераадолець раку, а корпус Аслікоўскага, які фарсіраваў Нёман, адрэзалі ў Аўгустоўскіх лясах.Дарэчы, Аслікоўскі адчуваў, што тром яго дывізіям, калі яны адарвуцца ад пяхоты, давядзецца няпроста. Генерал нават прыгадваў лёс арміі Самсонава, якую немцы акружылі і знішчылі ў 1914 годзе ў Аўгустоўскіх лясах. Яго кавалерыя сапраўды трапіла ў такое ж становішча. Сувязі не было, толькі невялікія самалеты Па-2 прыляталі, каб забраць параненых салдат. Выратавалі «банду Аслікоўскага» (так немцы писалі ў сваіх улётках. – Заўв. аўт.) лясы і частыя перадыслакацыі.Пераломны момантКалі 20 ліпеня 230-я штурмавая авіядывізія перабазіравалася ў Скідаль, да баёў далучыліся штурмавікі Іл-2 (7-мы гвардзейскі і 103-ці палкі). Перад імі стаяла задача знішчыць бранетэхніку дывізіі СС «Мёртвая галава». У тых баях удзельнічаў і знакаміты лётчык, двойчы Герой Савецкага Саюза, камандзір эскадрыллі 198-га штурмавога палка капітан Аляксандр Яфімаў. 24 ліпеня яго Іл-2 збілі, але штурмавік дацягнуў да сваіх.Сітуацыя пачала кардынальна мяняцца 22–23 ліпеня, пасля таго як дывізіі 49-й арміі ўзмацнілі 50-ю і каля Гожы былі пабудаваны некалькі перапраў. Іх адразу напалову затаплялі, каб схаваць ад авіяцыі ворага. За гераічныя баі пад Гродна 17 воінскім часцям і злучэнням было прысвоена ганаровае найменне «Гродзенскія».Алена КАЯЧФота з архіву Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея и адкрытых інтэрнет-крыніц


Материал с сайта: 1prof.by
Ссылка на оригинал статьи: https://1prof.by/news/75-let-pobedy/yakuju-rolju-adygrala-vyzvalenni-grodna-kavaleryya-i-chamu-bai-za-levy-berag-njomana-do-zhylisya-nekalki-dzjon/