ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
10 января 2024 / Землякі

Народны, верхнядзвінскі

«Кінь дзіцёнка, Марыя, беражы большых. Ні Бог, ні людзі цябе не асудзяць», – гаварылі аднавяскоўцы маці нованароджанага хлопчыка, з якой разам туляліся па лесе, ратуючыся ад карнікаў. І ніхто тады не ведаў, што крыклівае малое, якога зберагла яна ў лясах Верхнядзвіншчыны, праславіць гэты край далёка за яго межамі.

Уратаваны талент

Народны артыст БССР Яўген Шыпіла нарадзіўся ў вёсцы Відокі на Асвейшчыне, у Верхнядзвінскім раёне яго ведае кожны. І хаця артыст пайшоў з жыцця занадта рана, у 1999 годзе яму было усяго 57, на малой радзіме яго памятаюць. У кастрычніку мінулага года Яўген Шыпіла адзначыў бы 80-гадовы юбілей. Прыезд у Верхнядзвінск трупы тэатра імя Якуба Коласа, дзе Шыпіла служыў з 1967 года, стаў нагодай для сустрэчы землякоў і калег. Яна адбылася ў зале Верхнядзвінскай раённай бібліятэкі імя Тараса Хадкевіча.

У бібліятэцы, ганарыцца дырэктар Людміла Кувшынава, ёсць памятка пра артыста, некалі падораныя ім чарнільніца і будзільнік. Але галоўнае – тут старанна зберагаюць памяць. Бібліятэкары паспелі запісаць успаміны Галіны Зінько, старэйшай сястры Яўгена.

– Мы жылі тады ў Відоках на папялішчы, вёскі не было, яе спалілі яшчэ ў сакавіку. Бацька наш у партызанах быў, а мы пры маме, мне – чатырнаццаць, меньшаму, Колю, сёмы пайшоў, а тры дні назад у мамы з’явілася малое. Выкупалі яго ў чыстым полі, каля былой лазні. Якое там купанне? Толькі і паспелі агледзець, што не дзеўка, а малец, – апавядала яна. – 10 кастрычніка гэта было, у 1943-м. Даведаліся, што зноў карнікі ідуць. Глядзім, бягуць людцы. Пачалі і мы збірацца, пайшлі да Расонскіх балот. Карнікі дарог трымаліся, дужа не соўгаліся ў хмызняк, але як чулі гукі, то зварочвалі і на месцы ўсіх стралялі ці адпраўлялі ў канцлагер. Гэта мы ведалі і таіліся. А з малога што возьмеш? Ён крычыць. З голаду, с холаду. Мы яму ком цеста ў рот, каб голасу не падаваў, ён сасмокча і зноў крычыць. Тады я, бывала, выламаю лазіну, засупоню яго і трымаю канцы за патыліцай. Тут ужо не пакрычыш.

Вяскоўцы прапанавалі пазбавіцца сына, але маці насуперак парадам і абставінам яго зберагла. Пасля вайны вярнуўся з партызанаў і Патафей Аляксандравіч, інтэлігентны, строгі чалавек, які загадваў Асвейскім атэлье.

Партрэт земляка

Не ў прыклад бацькоўскай грунтоўнасці, Яўген з маленства адчуваў сябе артыстам, а дома яму не пярэчылі. Лёсавызначальнай стала першая сустрэча з прафесійным тэатрам. У Асвею выязная брыгада тэатра имя Якуба Коласа прывезла спектакль «Уцёкі з ночы», і хлопец захварэў тэатрам канчаткова. У Верхнядзвінскім раённым Доме культуры гэта заўважылі, прапанавалі ўзначаліць Відокскі сельскі Дом культуры. Але калі ў красавіку 1967 года Коласаўскі тэатр аб’явіў набор у студыю, Шыпіла, не раздумваючы доўга, пакінуў працу і паехаў паступаць. Яго адразу залічылі ў дапаможны акцёрскі склад, пачалі займаць у масоўках, даваць ролі. Са спектаклямі ён часта бываў на ра­дзі­ме. Прыгадваюць, калі прыязджаў тэатр, Патафей Аляксандравіч сядаў у першы рад і з гонарам абвяшчаў землякам: «Тут мой Жонька іграе». Але Яўгену гэтага было мала.

– У 1979 годзе мы былі на гастролях у Днепрапятроўску, – прыгадвае асістэнт рэжысёра тэатра імя Якуба Коласа Святлана Дашкевіч. – На 12 гадзін быў прызначаны спектакль «Несцерка». А выканаўца галоўнай ролі народны артыст СССР Фёдар Шмакаў захварэў. Малады артыст Шыпіла вызваўся ўратаваць становішча. Аказалася, Яўген сачыў за карыфеем з-за куліс і вывучыў яго ролю. Рэжысёр Валерый Мазынскі, які на той час кіраваў тэатрам, рызыкнуў і дазволіў сыграць без рэпетыцыі.

Прэм’ера прайшла паспяхова. Увечары Фёдар Шмакаў ужо быў гатовы выйсці на сцэну. Але рэжысёр вырашыў, што малады артыст мае права замацаваць свой поспех. З таго часу яны ігралі Несцерку ў пары. Вядучы майстар коласаўскай сцэны Юрась Цвірка, які прысутнічаў на сустрэчы, прызнаўся: яму такой настойлівасці ў свой час не хапіла. Ён марыў пра гэтую ролю, але калі ўказалі на лішнюю вагу, якой не магло быць у Несцеркі, задаволіўся таксама даволі значнай роляй пана Бараноўскага. Яго памяць захавала Шыпілу як вясёлага і вельмі кампанейскага чалавека.

– Аднойчы ён паклікаў мяне на дачу, памагчы скасіць траву. Я прыехаў, а Яўген Патафеевіч найперш узяўся пачаставаць маладога калегу. Прыгатаваў абед, за якім мы вельмі шчыра і добра, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, размаўлялі. Я дзівіўся ягонай прастаце і вельмі прыгожай, спеўнай мове. Паелі, трэба працаваць. Аж гляджу, гаспадар пачаў носам кляваць і… заснуў. Пакуль ён спаў, праліўся дождж і касіць не выпадала. Дамоў жа Шыпіла прапанаваў паехаць на ровары. Я вёз яго на багажніку, а ён падбадзёрваў. Маўляў, запомні, народнага артыста вязеш.

Дарога дамоў

Дарэчы, ганаровае званне народны артыст Шыпіла атрымаў даволі рана. І здарылася гэта дзякуючы ягонай нацыянальнай самабытнасці. Тэатр Якуба Коласа гастраляваў у Маскве, у рэпертуары быў спектакль «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава (яе сюжэт добра знаёмы па фільму «Белыя Росы»). Калі пастаноўку коласаўцаў пабачыў міністр культуры СССР Пётр Дземічаў, ён адразу аддаў распараджэнне ўсім артыстам павысіць званне. І Шыпіла, які ўсяго 3 гады таму стаў заслужаным артыстам, атрымаў народнага.

Але народным, падкрэсліваюць калегі, ён быў не па званні, а па душы. Ён заўжды імкнуўся да простых людзей, да роднай зямлі. У 1999 годзе, будучы ўжо цяжка хворым, прыйшоў да свайго сябра, заслужанага артыста Беларусі Рыгора Шацько, які на той час займаў пасаду дырэктара тэатра. І папрасіў, каб паміраць яго адвезлі на радзіму. Тады Шацько аджартаваўся. А намеры Шыпілы былі самымі сур’ёзнымі. Яўген Патафеевіч выправіўся ў родную вёску да сястры, дзе праз некалькі дзён яго не стала.

На могілкі ў Відоках цяжка прыязджаць калегам, дочкам, якія жывуць у сталіцы. Але туды наведваюцца землякі самых розных пакаленняў. Артыста памятаюць, а успамінаючы, кожны раз падкрэсліваюць: ён свой, народны, блізкі.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фота з архіва НАДТ імя Якуба Коласа