ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
29 июля 2022 / Адукацыя

Настаўнiкi за партамi

Цікавую форму работы для пошукаў адукацыйных рашэнняў прыдумалі настаўнікі Ушацкай сярэдняй школы Віцебскай вобласці. Эдутон (па аналогіі з ІТ-хакатонам) пад назвай «Ушацкая хваля» ўжо другі год запар збірае педагогаў з усёй Беларусі.

Аўтарамі ініцыятывы з’яўляюцца Вольга Жыткая, Уладзімір Хамёнак і Алена Марозава. Сёлета на базе летніка «Тура­сполле» 5 каманд займаліся распрацоўкай праектаў, якія будуць рэалізаваны на працягу новага навучальнага года.

Навучыцца вучыць

У межах эдутону настаўнікі працуюць пад кіраўніцтвам ментараў. Сярод іх Вольга Жыткая і Кацярына Куксо – выпускніца Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук (займаецца адукацыйнымі даследваннямі і праектамі).

– Эдутон дазваляе дасягнуць дзвюх мэт: самарэалізавацца ў новым фармаце і наладзіць стасункі, якіх настаўнікам бракавала падчас эпідэміі COVID-19, – заўважае Кацярына і звяртае ўвагу на той факт, што такая форма работы не вымушае абавязкова рэалізоўваць кожны праект, аднак педагогі, як правіла, даводзяць свае задумкі да лагічнага завяршэння.

Так, летась над праектам «Медыя-настаўнік» працавала каманда, у склад якой уваходзілі педагогі з Маладзечна, Ушачаў і супрацоўнікі аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама. Мэтай праекта было навучанне вясковых настаўнікаў камп’ютарнай пісьменнасці і этычнаму пазіцыянаванню сябе ў сацыяльных сетках. Ініцыятыва карысталася попытам, бо сярэдні ўзрост педагогаў сельскіх школ перавышае 40 гадоў.

Таксама ў мінулым годзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бабруйскай школы № 34 Людміла Крылова разам са сваёй камандай прапанавала ідэю настольных гульняў, якія дапамагаюць школьнікам лягчэй засвойваць прадмет. Выдалі «настолку» за сродкі спонсараў.

Быў рэалізаваны і праект-пераможца мінулага года «Зёлка-паці», мэта якога – прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці аднаўлення гістарычнай спадчыны. Яго аўтар – настаўніца Віцебскай гімназіі № 1 Ганна Жукава. Мерапрыемства адбылося на сядзібе батаніка-фларыста Уладзіміра Адамава недалёка ад Віцебска.

– Мая задача – дапамагчы ўдзельнікам эдутону зрабіць іх праекты рэалістычнымі, каб магчымая няўдача не адбіла жаданне працаваць далей, – гаворыць Кацярына Куксо. – Усе пяць сёлетніх праектаў можна рэалізаваць. Напрыклад, «Клуб настаўнікаў» – пляцоўку для аднадумцаў плануем арганізаваць спачатку ў Мінску, потым – у іншых гарадах.

Кацярына пераканана: такія мерапрыемствы даюць педагогам магчымасць убачыць праектную дзейнасць з іншага боку. Калі настаўнік сам ніколі не спрабаваў працаваць у камандзе, навучыць гэтаму вучня ў яго наўрад ці атрымаецца.

Ідэі на любы густ

Праекты гэтага года маюць канкрэтныя тэрміны рэалізацыі і розную мэтавую аўдыторыю. Так, аўтары ідэі клуба «Белая варона» адзначаюць, што ў сярэднестатыстычных калектывах творчыя супрацоўнікі вельмі часта не знаходзяць аднадумцаў. Клуб дапаможа вырашыць гэтую праблему праз нефармальныя зносіны. За два дні эдутону ў «Белай вароны» з’явіліся ініцыятыўная група, суполкі ў сацыяльных сетках, план работы. Першая сустрэча афлайн па тэме «Дакументаабарот» запланавана на 22 жніўня. Наступныя сустрэчы адбудуцца падчас канікул.

Для дарослых удзельнікі эдутону прапаноўваюць беларускамоўны летнік «Вяртанне, або Крок наперад», дзе можна будзе даведацца пра беларускую гісторыю, фальклор, навучыцца народным рамёствам, удасканаліць беларускую мову.

Краязнаўчыя праекты «Наперад у мінулае» і «Пада­рожжа для Жорыка» разлічаны на вучняў. А перамагла (па выніках тайнага галасавання) работа ўшацкіх педагогаў – праект «Здубавецце».

– Наша мэтавая аўдыторыя – настаўнікі, вучні, бацькі, мясцовыя ўлады, – распавядаюць Уладзімір Хамёнак і Алена Марозава. – Калі школе даручаюць прыбіраць смецце, бывае цяжка растлумачыць дзецям, чаму гэта павінны рабіць менавіта мы. Праблематычна знайсці формы для экалагічнага выхавання.

Дасягнуць гэтага настаўнікі прапаноўваюць праз гульнюквэст. Для кожнай лакацыі будуць распрацаваны за­данні, якія прадугледжваюць збор і сартаванне смецця.

Рэалізоўваць пілотны праект педагогі пачнуць гэтым летам на базе аздараўленчага летніка. У далейшых планах – агульна­школьнае, а потым – раённае мерапрыемства.

Праграма культурнага адпачынку эдутону ўключала майстар-клас па народных танцах ад настаўніцы з Бабруйска Людмілы Крыловай, мазгабойню «Варушы мазгамі» ад настаўніка Варапаеўскай школы Мікалая Атрахімовіча, кулінарнае шоу ад педагога з Мінска Марыны Бандаровіч. Усе ўдзельнікі мерапрыемства маюць намер абавязкова сустрэцца на Ушаччыне яшчэ праз год. А значыць, эдутон будзе мець працяг.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ
Фота аўтара