Прыступка ў прафесію
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску прыдумалі эксклюзіўную форму працы, дзякуючы якой вырашаюць праблему кадраў, папаўняючы трупу мясцовай моладдзю. Гаворка ідзе пра фестываль «Школьны тэатр», які існуе больш за чвэрць стагоддзя.
Коласаўскі эксперымент
З сярэдзіны 1990-х мерапрыемства, якое з цягам часу вырашылі называть сцэнічнымі чытаннямі, не адбылося толькі адзін раз – у 2020 годзе праз пандэмію. Як з’явілася такая форма работы і ў чым сакрэт яе доўгажыхарства, нам расказала былы загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатра, цяпер памочнік рэжысёра Святлана Дашкевіч.
– Як ні дзіўна, ідэя «Школьнага тэатра» нарадзілася не зусім у тэатры, – гаворыць субяседніца. – У 1990-я гады значна павялічыўся Першамайскі раён горада. А ў раённага аддзела адукацыі было даўняе мерапрыемства – агляд школьных тэатральных калектываў. Па просьбе педагогаў да нас звярнулася Бірута Семянкова, на той час метадыст аддзела адукацыі. Яна прасіла дапамагчы прафесійна судзіць узросшую колькасць спектакляў.
Тэатр дэлегаваў у журы конкурса загадчыка літчасткі. Святлана Дашкевіч прыгадвае, што была ўражана ўзроўнем самадзейных артыстаў і прапанавала ацаніць іх талент мастацкаму кіраўніцтву тэатра. Каб прасцей было гэта арганізаваць, вырашылі запрасіць лепшыя калектывы выступіць на коласаўскай сцэне. Валерыю Маслюку, які ў той час быў мастацкім кіраўніком, супрацоўнічаць са школамі спадабалася, у 1996 годзе «Школьны тэатр» атрымаў статус фестывалю.
З тых часоў яго форма амаль не змянілася: творчыя работнікі праглядаюць школьны я спектаклі, вылучаюць лепшыя для фінальнага паказу ў тэатры. Са з’яўленнем фестываля вырасла і колькасць калектываў у школах – кожная навучальная ўстанова лічыць за гонар паставіць спектакль і прадставіць яго на суд прафесіяналаў на коласаўскай сцэне.
Новы віток развіцця «Школьны тэатр» атрымаў у 1997 годзе з прыходам на пасаду мастацкага кіраўніка Віталя Баркоўскага. Рэжысёр любіў працаваць з моладдзю, яму відавочна не хапала такіх акцёраў у пасталеўшай трупе тэатра Якуба Коласа. Баркоўскі сам узяўся праводзіць рэпетыцыі перад фестывальнымі паказамі, ставіў смелыя творчыя эксперыменты. Напрыклад, у казцы «А пры чым тут Кашчэй?» у пару з вопытнымі артыстамі прызначыў школьнікаў. Хацеў пабачыць, як старшакласнікі будуць адчуваць сябе на прафесійнай сцэне, ці здолеюць ўзаемадзейнічаць і заставацца арганічнымі. Як паказала практыка, не памыліўся. Удзельніца эксперымента Ульяна Ацясава зараз не толькі запатрабаваная ў трупе актрыса, але і сама працуе са школьнымі калектывамі.
З атэстатам – у тэатр
Тады ж усталявалася практыка запрашаць самых таленавітых дзяцей пасля заканчэння школы на працу ў тэатр. Умова адна: яны ў той жа год паступаюць завочна ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Дарэчы, у такой форме супрацоўніцтва аказалася зацікаўленай і навучальная ўстанова. Да нядаўняга часу на кожныя сцэнічныя чытанні ў Віцебск за свой кошт камандзіравала дэкана тэатральнага факультэта (на той час загадчыка кафедры майстэрства акцёра) Уладзіміра Мішчанчука, каб пабачыць патэнцыяльных абітурыентаў.
І «Школьны тэатр» сапраўды падарыў беларускаму тэатральнаму мастацтву нямала выдатных асоб. Праз яго школу прайшлі, напрыклад, артыст тэатра імя Якуба Коласа Яўген Бераснеў, які зараз з’яўляецца самым запатрабаваным у сваім пакаленні, артысты Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Дзяніс Аўхарэнка і Яўген Лук’янаў. У межах праекта свой першы спектакль паставіў выпускнік рэжысёрскага факультэта РАТМ, артыст расійскай «Студыі тэатральнага мастацтва» Данііл Обухаў.
– Былі і маладыя людзі, якія не звязалі лёс з мастацтвам, нягледзячы на нашы настойлівыя прапановы, – заўважае Святлана Дашкевіч. – Да гэтага часу мы прыгадваем выпускніка школы № 4 Яўгена Павалоцкага. Мы вельмі хацелі мець яго ў сваёй трупе, але хлопец прызнаўся: ягонай мамы не стала пасля цяжкай хваробы, і ён абяцаў ёй ратаваць жыцці. Яўген паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, але тэатр застаўся яго хобі.
І школьнікам, і артыстам
Са з’яўленнем фестываля расце і ўзровень школьнай самадзейнасці. Кіраўніцтва тэатральнымі калектывамі часта давяралі настаўнікам. Якія, дарэчы, спраўляліся з гэтым на належным узроўні. У тэатры дасюль прыгадваюць работы Галіны Мароз (школа № 4) або Зоі Таранеўскай (школа № 28). Але зараз усё часцей са школьнікамі працуюць прафесіяналы з тэатра імя Якуба Коласа. Пры гэтым да дзяцей ідуць маладыя артысты, зараджаючы іх энергіяй, энтузіазмам, любоўю да тэатральнага мастацтва.
Для вядучага майстра сцэны, былой юнай актрысы Ульяны Ацясавай праца з дзецьмі значыць многае. Яна прыгадвае: усё пачалося з таго, што пандэмія не дазволіла паехаць у адпачынак, і тады актрыса вырашыла паспрабаваць сябе ў якасці важатай, так пачалі з’яўляцца першыя пастаноўкі з дзецьмі і задавальненне ад іх.
– А потым, у 2021 годзе, мой старэйшы сын перайшоў у школу № 21, класны кіраўнік, даведаўшыся, што я актрыса, адразу прапанавала мне кіраваць «Школьным тэатрам», – прыгадвае Ульяна. – Вопыт мне падказваў, што здолею. Так я вярнулася ў школьны тэатр, але ўжо кіраўніком калектыву.
І першы ж дэбют у сцэнічных чытаннях аказаўся паспяховым. Тэатральны калектыў школы № 21 стаў уладальнікам Гран-пры ў сваім раёне і заняў 1-е месца на гарадскім фестывалі. 11-класніцу Карыну Караткевіч журы назвала выканаўцай лепшай жаночай ролі, у тым жа годзе дзяўчынка паступіла ў Віцебскі дзяржаўны коледж мастацтваў. Такі ж вынік – раённы Гран-пры і гарадское 1-е месца – паўтарыла Улляна праз год з калектывам гімназіі № 2.
– У жыцці, пэўна, кожнага артыста прыходзіць момант, калі хочацца не проста выканаць пажаданні рэжысёра, а закласці ў спектакль сваё разуменне матэрыялу, данесці яго да гледача. Я рэалізую гэта жаданне ў працы з дзецьмі. І пра тое, што ў нас атрымліваецца, сведчаць рэакцыя гледачоў і ацэнка журы. Я думаю, што наш школьны фестываль толькі першая, хоць і вельмі важная, прыступка для сапраўдных талентаў, – разважае актрыса.
Вікторыя Дашкевіч
Фота БЕЛТА