ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
11 февраля 2022 / Людзі беларусі

Рушніковы тайнапіс

Вышыванне рушнікоў – справа сакральная: кожны колер нясе ў сабе пэўны сэнс, узоры з’яўляюцца сімваламі. «Гэта народны тайнапіс», – кажа 80-гадовая жыхарка Ганцавіцкага раёна Брэстчыны Ульяна Віннік, народны майстар Беларусі.

Усе краскі Палесся

«Ульянка, адыдзіся ад кроснаў!» – гэты вокліч з вуснаў сваёй маці Ульяна Віннік чула ў дзяцінстве не менш як тысячу разоў. Дзяўчынцы было 6 гадоў, калі яна пачала настойліва праяўляць цікавасць да ткацкага станка, які займаў амаль палову бацькоўскай хаты.

На гэтым «чартапхаі» маці вырабляла чароўныя рэчы: дзяругі з кветкамі, рушнікі з цудоўнымі ўзорамі, прыгожыя ходнікі. Ульяна была малодшай у сям’і, дзе раслі шасцёра дзяцей, і самай цікаўнай. Маці паказала малой, што трэба рабіць, каб атрымаць з нітак карысны выраб. Навучыла таксама вышываць і вязаць кручком сурвэткі, швэдары і сукенкі. Але больш за ўсё дзяўчынцы спадабалася ткацтва. Яна закрывала вочы і ўяўляла ўзор, а потым ткала. Часам – да самай раніцы…

У 17 гадоў Ульяна сабралася замуж. Аднак бацькі схапіліся за галаву, і вяселле прыйшлося на год адкласці.

– Родам я з вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна, што на Брэстчыне. Свайго Аляксандра я сустрэла на вяселлі ў Борках. Высокі, прыгожы, абыходлівы. Ну як тут было вытрымаць?! – прыгадвае сваю маладосць мая суразмоўца. – І ведаеце, я ні разочку не пашкадавала за амаль 60 гадоў сумеснага жыцця, што так рана развіталася з бесклапотнай дзявоцкай парой.

Больш за тое, Ульяна Пятроўна лічыць, што пабачыць свет, аб’ез­дзіць з канцэртамі і выставамі ўсю Беларусь, атрымаць званне народнага майстра краіны ёй удалося толькі таму, што побач заўсёды быў яе Аляксандр Дзям’янавіч. Яны ўсё рабілі разам: і дзяцей выхоўвалі (іх у Віннікаў пяцёра. – Заўв. аўт.), і вялікую гаспадарку даглядалі, і нават спявалі і танцавалі ў фальклорным калектыве, які дзейнічаў пры Боркаўскім сельскім Доме культуры.

– Спачатку мы выступалі ў сваім раёне, потым – у вобласці. Нас не раз клікалі і ў сталіцу. Часам я адмаўлялася высту­паць – дзеці ж дома адны заставаліся, гаспадарка прыходзіла ў заняпад. Аднак Дзям’янавіч мой абураўся: «Ульяна, мы ж людзей падвядзём!» І я ехала на які-не­будзь край свету, дзе чакалі нашу песню. Бывала, падчас выступленняў праходзілі і мае выставы тканых і вышытых вырабаў.

Талент краіны

Ульяну Віннік можна смела назваць зоркай экрана. Яна не раз станавілася ўдзельніцай абласных і рэспубліканскіх тэлепраектаў. Яе здымалі і як адмысловага кулінара. Напрыклад, у праграме «Кухня» Ульяна Пятроўна пякла свае фірмовыя пернікі – дужа духмяныя і незвычайныя на смак.

У 2007 годзе быў адноўлены адзін з найбуйнейшых фэстаў народнай творчасці Цэнтральнай Еўропы – Ягелонскі кірмаш рамёстваў, які існаваў з XVI стагоддзя. Віннік удзельнічала і ў гэтым мерапрыемстве.

– Спыталася ў арганізатараў: «Як вы пра мяне даведаліся?» А яны адказалі, жартуючы: «Ваш талент не мае межаў», – распавядае майстрыха. – Памятаю, павезла туды (у Польшчу) тканыя паясы і вышытыя рушнікі. Некаторыя ўдзельніцы пабачылі і сказалі: «Нічога з гэтага не прадасі – нецікавыя рэчы». А як толькі кірмаш пачаўся, да мяне чарга выстраілася. Усе свае вырабы я за адзін дзень прадала. Нават расхвалявалася, чым буду займацца ў астатні час.

У 2018 годзе на рэспубліканскай выставе «Захапленне душы» Ульяна Віннік прадставіла 95 сваіх вырабаў. Рушнікі, дываны, паясы, вышытыя сукенкі і кашулі выклікалі шчырае захапленне ў наведвальнікаў.

– На жаль, калі пайшоў з жыцця Аляксандр Дзям’янавіч, Ульяна Пятроўна нібыта страціла смак жыцця, – адзначае дырэктар Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў Ала Занька. – Аднак у мінулым годзе нам удалося ўгаварыць яе прыняць удзел у выставе, якая праходзіла ў Мінску, у філіяле прэзідэнцкай бібліятэкі. Віннік прывезла на яе свае лепшыя творы.
На той выставе я і пазнаёмілася з Ульянай Пятроўнай. Адны з яе вырабаў прыцягвалі ўвагу сваёй патаемнасцю, другія – пяшчотай, трэція – дзёрзкасцю фарбаў. Ульяна Пятроўна тады правяла майстар-клас па вырабе паясоў. Я набыла адзін – сціплы, на мой погляд, але ён пасуе да кожнай сукенкі, і дзякуючы гэтаму аксэсуару я заўсёды атрымліваю кампліменты. Хаця добра ведаю, што яны адраса­ваны ў першую чаргу Ульяне Віннік – жанчыне з залатымі рукамі і добрай душой.

Галіна СТРОЦКАЯ, фота аўтара