ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
03 2014
10 января 2025 / Стары Новы год

Шчодры настрой

Працаваць, калі ўсе адпачываюць, для работнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту справа звычайная. На мінулым тыдні тэатралізавана адкрылі сезон зімніх гулянняў, а на гэтыя выхадныя рыхтуюць рэканструкцыю Шчодрыка. Свята выпадае на стары Новы год.

Наперад у мінулае

Адзначым, што Музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо, што пад Мінскам, – адзі­ны ў краіне музей-скансен. Тут усё натуральна, як у былой беларускай вёсцы. Можна амаль па-сапраўднаму акунуцца ў мінулае.

– Зараз мы паказваем шмат звязанага з Калядамі, таму што гэта было адно з самых галоўных зімовых святаў. Увогуле – цэлы цыкл, – распавядае вядучы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Ермаловіч. – Пачыналіся Каляды на Раство. Затым ішоў Шчодрык, яго яшчэ называюць Шчодры вечар. Потым – Вадохрышча.

Спецыяліст паміж тым удакладняе, што тры асноўныя калядныя святы адзначалі на працягу двух тыдняў, і гэта быў такі перыяд, калі стары год скончыўся, а новы яшчэ не пачаўся.

– Дазвалялася тое, што ўвесь час было нельга, – усміхаецца ён. – Напрыклад, гадаць. Царква гэтага не дазваляла, а на Каляды сярод прастых людзей лічылася, што гэта не такі ўжо і грэх. Асабліва цікава было дзяўчатам даведацца, які будзе жаніх.

Добры вечар!

Шчодрык – вечар напярэдадні Новага года па старому стылю. На яго таксама калядавалі.

– Але тут ужо трэба казаць – шчадравалі, – падкрэслівае Сяргей Ермаловіч. – Справа ў тым, што ў перыяд галоўных зімніх святаў мяса звычайна не елі. Нават асноўная абрадавая страва, калядная куцця, была поснай. На Шчодрык усё дазвалялася.

Адсюль і яго назва. А што да сэнсу – ён заставаўся такім жа. Па хатах хадзілі шчадроўшчыкі з прадстаўленнем. У канцы трэба было іх частаваць, каб вярнуліся ў наступным годзе.

– Яны ж не проста так хадзілі. Удачу прыносілі. У асноўным – на багацце і дабрабыт: «Каб жыта, пашніца, усякая садавіца расла. Каб мелі торбу грошай, жылі ў раскошы». І, напрыклад, бацькам дарослых дзяцей жадалі: «Сыноў жаніце, дачок замуж пааддавайце». Усё у гэтым духу, – расказвае Сяргей.

Падкрэслівае, што ў адной вёсцы магло быць нават некалькі калядных гуртоў. А вось якія сярод іх шчадравалі персанажы, залежыла ад мясцовасці. Ёсць толькі адзін, які сустракаецца практычна паўсюль.

– Гэта каза. А недзе – казёл, – удакладняе суразмоўнік. – Каза была амаль у кожнай гаспадарцы, і менавіта яна стала сімвалам ураджая: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць», «Дзе каза топ-топ, там жыта сем коп». Напрыклад, лічылася, што патанчыць з ёй – на вялікую ўдачу. Мог дзесьці быць і мядзьведзь, але ён сустракаўся радзей. Мядзьведзь паказваў розныя цікавыя рэчы. Як бабы гарох збіраюць, напрыклад: скакаў па зямлі і рукамі махаў. Дзесьці былі цыгане – вялі казу і таргаваліся: «Нясі, баба, каўбасу, бо хату рогам растрасу», альбо «На кожны ражок – вешай піражок». А на Палессі, напрыклад, галоўным персанажам быў бусел Кірыла. Казалі: «Кірыла клякоча, бо блінцоў хоча!» У яго дзюба такая вялізная была з рукаяткай і вяроўкай, каб блінцы выхватваць.

Але ж самымі гумарнымі, па словах вядучага навуковага супрацоўніка, лічыліся баба і дзед. Яны таксама маглі казу вадзіць. Існуе нават і такая думка, што баба з дзедам былі сімвалам культу продкаў. Увогуле ж, на калядныя святы персанажаў больш чым хапала. І звяздар быў, і механоша – той, хто пачастункі складае.

З чаго пачынаецца ўвага

Пытаемся: «Каго ж можна будзе ўбачыць на рэканструкцыі Шчодрыка ў музеі?» Але Сяргей Ермаловіч трымае інтрыгу.

– Каб аб гэтым даведацца, трэба да нас прыехаць. У любым выпадку будзе весела. Будзем па хатах хадзіць, будуць песні калядныя. Дзяўчаты нашыя (работнікі музея. – Заўв. аўт.) прыгожа спяваюць. Я таксама люблю, але ж не ўмею, – усміхаецца суразмоўнік.

Наталля КАВАЛЁВА
Фота Ірыны ДОЛМАТ