ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
07 апреля 2023 / Спадчына

Шывок маёй Радзімы

Зачаравацца прыгажосцю ганцавіцкага рушніка, даведацца, які куст водзяць на Лунінетчыне і што такое мамзэлька, можна дзякуючы праекту «Культурная спадчына Беларусi». Лепшыя народныя майстры з кожнага раёна краіны з дапамогай розных тэхнік ручной вышыўкі рыхтуюць пано «Карта Беларусі», якое прадэманструе асноўныя сімвалы культурнай спадчыны.

Столінская мамзэлька

Вышываць карту Столінскага раёна было даручана Валянціне Лёгкай, якая працуе кіраўніком узорнай студыі народных промыслаў «Вышыванка» Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Яна выканала сваё даручэнне з вялікай адказнасцю, мастацкім густам і творчым падыходам. Раён вядомы сваімі ганчарамі. Таму намаганнямі вышывальшчыцы з’явіліся на карце краіны збанок і гаршчок. Апошні столінцы з любоўю называюць мамзэлькай. Цяпер пра яго будзе ведаць уся Беларусь.

Узорная дзіцячая студыя народных промыслаў, якой, дарэчы, ужо 25 гадоў, увесь час займаецца пошукам аўтэнтычных палескіх прадметаў.

– Найбольш нас цікавяць рэчы з бабуліных куфраў, – падкрэслівае Валянціна Лёгкая. – Дзякуючы ім мы даведаліся, якім было паляшуцкае адзенне. На Століншчыне традыцыйным быў раслінны арнамент, нашы бабулі не карысталіся ні сінім, ні зялёным колерам. Кашулі і фартухі вышывалі чорна-чырвонымі ніткамі.

У цэнтры ёсць вугалок этнаграфіі, дзе сабраны народны скарб. Старажытныя прадметы адзення толькі дэманструюцца, а тыя, што вышыты Валянцінай і яе паплечнікамі, могуць быць выкарыстаны. Дарэчы, кожная кашуля ці штосьці іншае вырабляецца ў двух экземплярах, адзін – для лялькі. Іх у калекцыі жанчыны шмат, кожная цэнная, бо з яе дапамогай праводзяць абрады. Ведалі б вы, колькі жадаючых купіць творы майстра, але яна нічога не прадае, збірае выставачны фонд. Для нашчадкаў.

«Густ» ганцавіцкага рушніка

Званне народнага майстра Беларусі Марыя Муха з Ганцавічаў атрымала ў лютым гэтага года. І адразу ж на яе плечы звалілася вялікая адказнасць – Марыі Іванаўне першай ў Брэсцкай вобласці даручылi пачаць вышываць карту краіны. І хоць жанчына мае багаты жыццёвы і прафесійны вопыт, усё ж хвалявалася. Ды і часу на выкананне адказнага задання было мала – усяго тры дні. Таму, смяецца, прыйшлося заняць яшчэ і тры ночы. Кажа, адразу ўспомнілася дзяцінства, калі разам з бабуляй і матуляй доўгімі зімнімі вечарамі яна, маленькая дзяўчынка, вышывала. Памятае, што сваю першую вышыванку зрабіла ў 5 гадоў, у хуткім часе стварыла рушнік, з 12 гадоў пачала вышываць гладдзю. І зараз лічыць, што гладзь дае больш прастору для творчасці, але ж падчас працы над пано традыцыйны ганцавіцкі рушнік вышывала крэсцікам.

Марыя Муха не збіралася быць працаўніком культуры. Скончыла тэхнікум лясной гаспадаркі, але цягу да творчасці маладой жанчыне не ўдалося пераадолець. Пасля выхаду з дэкрэтных адпачынкаў, а ў Марыі Іванаўны тры дачкі, яна падалася ў Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў, стала яго першым кіраўніком. Зараз там жа ўзначальвае клуб майстроў «Багач».

– Сярод жанчын раёна шмат таленавітых майстрых, – распавядае суразмоўца. – Так, Феанія Крысюк падчас выставы «Жывыя крыніцы», якая адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы, атрымала Гран-пры за лепшы традыцыйны беларускі рушнік. Мая дачка Люба таксама стала лаўрэатам гэтага конкурсу. У цэлым мы ўзялі тады 8 дыпломаў у розных намінацыях. Нашым ганцавіцкім рушнікам уласціва багатая ўзорыстая ромба-геаметрычная вышыўка. Яна заўжды падабаецца і журы, і наведвальнікам выстаў.

Як «куст водзяць»

У 2009 годзе дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці вёскі Вулька-1 Вольга Мелюх стала лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Высокая ўзнагарода дасталася за старанную дзейнасць па адраджэнню і захаванню беларускіх народных традыцый. Ва ўстанове пад кіраўніцтвам дырэктара даўно пачалі ткаць, прасці, вышываць, ствараць старадаўнія жаночыя строі, якія насілі жыхаркі Лунінетчыны, збіраць мясцовы песенны фальклор.

– Лічу, што патрэбна зберагчы для нашчадкаў культуру, лад жыцця беларусаў, нашы самабытныя рамёствы і абрады, – разважае яна.
Разам з паплечнікамі Вольга Мікалаеўна сабрала некалькі соцен абрадавых песень. Дзякуючы яе намаганням адроджаны традыцыйны народны строй на прыкладзе жаночага касцюма. Знайсці яго ў арыгінале не атрымалася, таму яшчэ ў 1987 годзе дырэктар цэнтра спачатку зрабіла яго апісанне са слоў жыхаркі вёскі Веры Багданец, а потым на працягу амаль 7 гадоў разам з калегамі шыла гэтыя строі. Усяго створана 300 касцюмаў.

– У Вульцы-1 святочны жаночы касцюм вышывалі гладдзю. Яму ўласцівы адначасова стрыманасць і яскравая прыгажосць, – распавядае майстар на ўсе рукі: яна пячэ вясельныя караваі, займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў, напрыклад, такіх нетрадыцыйных, як свята калодзежа ці абрад «Ваджэнне куста».

Каму яшчэ, як не Вользе Мелюх, маглі даверыць вышыць карту свайго раёна. Што там будзе – доўга не гадалі. Зразумела, адзін з элементаў нематэрыяльнай духоўнай спадчыны – абрад «Ваджэнне куста», які адзначалі на другі дзень Троіцы. Вольга Мелюх вышыла маладую дзяўчыну ў адзенні з зялёнага кляновага лісця на фоне старадаўняга ўзора лунінецкага рушніка.

Галіна СТРОЦКАЯ, фота з тэлеграм-канала «Брэстчына культурная»