ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
36 /1995
07 июля 2023 / Цікавыя людзі

Сучаснасць ва ўзорах мінулага

Ткаць, як нашы продкі ў Панямонні, умее жыхарка Ліды Валянціна Сільвановіч. Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, носьбітам якога з’яўляецца майстрыха, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

На вяселле і хрэсьбіны

– Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння аб’ядноўвае розныя тэхнікі. Яно адметнае тым, што ўзор тчэцца па белай аснове белымі ніткамі. У выніку атрымліваецца прыгожае палатно з далікатнай фактурай, – тлумачыць супрацоўніца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага РЦКіНТ Валянціна Сільвановіч. – Аўтэнтычным матэрыялам для такіх ручнікоў былі выбеленыя ільняныя ніткі. Пасля асаблівым «шыкам» лічылася дадаць да ільну шоўк. За ім, дарэчы, лідскія майстрыхі ездзілі ў Літву.

Суразмоўца стварыла калекцыю ручнікоў традыцыйнага белаўзорыстага ткацтва. У яе ўвайшлі як рэканструкцыі, якія ідэнтычныя «першакрыніцам» (расшыфраваны і дакладна паўтораны ўзор, матэрыял, тэхніка), так і рэплікі, падчас працы над якімі Валянціна Сільвановіч выкарыстоўвала сучасныя матэрыялы. Усяго ж за 10 гадоў, што займаецца ткацтвам, зрабіла больш за 100 разнастайных ручнікоў.

– Ёсць і паўсядзённыя ручнікі-ўцерачы, і такія, што нашы продкі вешалі на абразы, выкарыстоўвалі ў вясельных абрадах і на хрэсьбіны, – знаёміць са сваімі працамі майстрыха. – І цяпер да мяне звяртаюцца. Некалькі год таму сталая жанчына папрасіла зрабіць ручнік для ўнука. Хлопец яшчэ не планаваў жаніцца, але бабуля вырашыла паклапаціцца загадзя.

Дзіцячы ўспамін

Цікава, што працоўны шлях Валянціна Сільвановіч пачынала ў іншай сферы. Па першай адукацыі яна настаўнік працоўнага навучання. У Лідскі раён трапіла па размеркаванню. Праз час, калі атрымала дыплом філолага, стала выкладаць беларускую мову і літаратуру.

– У 2010 годзе разам з сям’ёй пераехала ў Ліду. Убачыла аб’яву, што раённы цэнтр культуры і народнай творчасці шукае майстра па шыццю. Вырашыла паспрабаваць, – успамінае Валянціна Генрыкаўна. – Тады ва ўстанове працаваў Яўген Маркевіч, які займаўся ткацтвам. Сакрэты традыцыйнага майстэртва хлопцу перадала бабуля. Ён, у сваю чаргу, дзяліўся ведамі з калегай Дар’яй Маташук. А пасля, дзесьці ў 2014–2015 годзе, за кросны прапанавалі сесці мне.

– Для чалавека, які не назіраў за ткацтвам з дзяцінства, рамяство вельмі складанае, – выказваю думку.

– Сказаць, што пазнаёмілася з ім толькі ў сталым узросце, будзе недакладна. Праз хату жыла родная сястра таты – цётка Ганна, якая займалася ткацтвам. Памятаю, калі мне было 6–7 гадоў, восенню ў вялікім пакоі ссоўвалі ўбок ложкі ды шафу і ставілі кросны. Усю зіму ў цёткі збіраліся 3–4 жанчыны з вёскі, ткалі посцілкі і ручнікі, – расказвае суразмоўца і з усмешкай дадае: – Цяпер я ведаю, што гэта двухнітовае пераборнае ткацтва, а тады для мяне была проста «тканіна ў вялікія кветкі». Са стрыечнай сястрой пастаянна каля кроснаў круціліся. Шмат лезці да іх нам не давалі, нашай справай было дапамагчы разматаць воўну.

Нітка да ніткі

Каб засвоіць рамяство і авалодаць традыцыйнымі тэхнікамі, спатрэбіўся не адзін год. Прызнаецца, поўная ўпэўненасць у сваіх здольнасцях прыйшла праз 5–6 гадоў практыкі: адчула, як гэта робіцца, зразумела схемы, стала сама складаць іх і запраўляць кросны. Цяпер ткачысе дастаткова паглядзець на ручнік, каб у дэталях яго паўтарыць.

– Самая складаная частка працы – заправіць кросны. Гэта трэба рабіць вельмі акуратна, каб нітачкі асновы пасля не правісалі, не аб’язджалі, а іх больш за 600 ў ручніку! – звяртае ўвагу Валянціна Сільвановіч. – Адразу займаліся гэтым з Яўгенам удваіх. З цягам часу налаўчылася сама. Але аднаму, нават маючы вопыт, складана. Таму раней і збіраліся гуртам па 3–4 жанчыны. Працую ў пары з Марыяй Шылкоўскай, яна ад мяне пераймае рамяство.

– Не шкадавалі, што згадзіліся на гэту «авантуру»? – цікаўлюся.

– Не, мне вельмі падабаецца. Дзякуючы сваёй цярплівасці магу доўга адной справай займацца. Калі, напрыклад, пачалі асвойваць белаўзорыстае пяцінітовае ткацтва, брала ўзор і па нітачках разбірала, чаму кожная запраўляецца ў кросны так, а не гэтак, – здзіўляе яна. – Некалькі дзён сядзела над парай радочкаў, пакуль разабрала ўзор у двухнітовым ткацтве ў дошкі: спрабавала, нічога не атрымоўвалася, раз за разам пачынала па-новаму. Дзяўчаты ўжо за галаву браліся. Але нічога, у выніку зразумела, як гэта робіцца.

Яна сапраўдны фанат сваёй справы, ткацтвам займаецца не толькі на працы, але і ў вольны час: у хаце жанчыны стаяць кросны, вечарамі садзіцца за іх і спрабуе нешта новае. З задавальненнем праводзіць у цэнтры культуры і народнай творчасці майстар-класы, расказвае пра апрацоўку ільну, выраб тканіны і паказвае сам працэс.

– Акрамя таго, вяду курсы па ткацтве. Да мяне прыходзіць хлопец, які працуе ўрачом. Ён зараз запраўляе кросны і будзе рабіць сабе палатно на штаны пад народны касцюм. Старанна вучыцца ткацтву 10-класніца Марта. Прыемна бачыць іх першыя поспехі! – шчыра радуецца Валянціна Генрыкаўна.

Алена КАЯЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ