Тут жыў Быкаў
Больш за 40 месцаў у Гродне так ці інакш звязаны з імем Васіля Быкава. У горад над Нёманам будучы пісьменнік прыехаў у 1947 годзе і жыў там да 1978 года (за выключэннем некалькіх гадоў службы на Далёкім Усходзе).
– Пасля вайны Васіль Быкаў мог вярнуцца на сваю родную Віцебшчыну або пасяліцца ў Мінску. Абсалютна чужы горад ён выбраў па парадзе жывапісца Івана Ахрэмчыка, каб пачаць кар’еру мастака. Быкаву тады было 23 гады. Пэўны час ён працаваў у майстэрнях, што знаходзіліся на вуліцы Дамініканскай (сёння – Клары Цэткін. – Заўв. аўт.), потым працаўладкаваўся ў газету «Гродзенская праўда», – распавядае дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Віталь Карнялюк. – У Гродне Быкаў ажаніўся з Надзеяй Кулагінай, стаў бацькам і, галоўнае, – вядомым пісьменнікам, атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР і званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Знакаміты сусед
У гэтым горадзе вядомы пісьменнік змяніў шмат адрасоў: вуліцы Ажэшкі, Рабочая, Ласасянская, Пажарскага (там, дарэчы, нарадзіўся малодшы сын Васіль) і іншыя. Яго сям’я 10 гадоў жыла ў трохпавярховым доме пад нумарам 28 на Вялікай Траецкай (у той час – Алега Кашавога. – Заўв. аўт.).
– Тут былі напісаны многія вядомыя творы, у тым ліку «Дажыць да світання», дзе аўтар кранальна апісвае Гродна. Сёлета аповесці спаўняецца 50 гадоў. Яе галоўны герой – лейтэнант Іваноўскі ўзгадвае ў сваіх успамінах і Каложу, і Стары Замак, і Нёман, – заўважае Віталь Карнялюк.
У 1974 годзе пісьменнік пераехаў на вуліцу Свярдлова. У двары дома № 9 і сёння расце дуб, некалі пасаджаны Быкавым. Тут гасціла рэжысёр, сцэнарыст і актрыса Ларыса Шапіцька – падчас здымак фільма «Узыходжанне» па аповесці «Сотнікаў». Зорку ўсесаюзнай велічыні сустракалі жыхары ўсяго дома. Прэм’ера карціны адбылася ў кінатэатры, у памяшканні якога цяпер месціцца моладзевы цэнтр «Гродна».
«Нёманскі шлях»
Да пісьменніка часта завітвалі і знакамітыя літаратары, у тым ліку Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Сярод гродзенскіх сяброў Быкава былi пісьменнік Аляксей Карпюк, гісторык Барыс Клейн, урач Уладзімір Калкун, мастак Валянцін Чэкін. Яны любілі вандраваць разам на маторных лодках, асабліва па маршруце, які пачынаўся ля Старога маста на Нёмане і заканчваўся на рацэ Чорная Ганча. Віталь Карнялюк лічыць, што гэты маршрут трэба назваць «Быкаўскім нёманскім шляхам». (З такой прапановай гісторык нават звярнуўся да адной з турфірм абласнога цэнтра.)
– Быкаў, па словах яго сына Васіля, быў аматарам тэхнікі, – працягвае Віталь Карнялюк. – Спачатку ён ездзіў на «Жыгулях», потым набыў статусную «Волгу». Яна каштавала вялікіх грошай, але пісьменнік мог сабе дазволіць такую пакупку: суседзі ўзгадвалі, як пасля выхаду чарговай кнігі паштовыя касіры прыносілі яму «мяшкі» з ганарарам. Быкаў любіў бавіць час з «жалязякамі» ў сваім гаражы, які знаходзіўся насупраць былога піўзавода на левым беразе Нёмана. Там стаялі машыны і лодкі.
Асаблівы кліент
Яшчэ нядаўна на вуліцы Савецкай у Гродне працавала цырульня «Антэй» (самая старая ў горадзе – існавала з 1927 года. – Заўв. аўт.), якую наведваў пісьменнік. Месца каля акна там называлі «быкаўскім». Абслугоўваў літаратара адзін з найбольш вядомых майстроў – Меяровіч.
У будынку былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў на Савецкай плошчы Васіля Быкава віншавалі з яго 50-гадовым юбілеем і атрыманнем Дзяржаўнай прэміі СССР.
Варта згадаць адрасы Савецкая, 8 і Паліграфістаў, 2 – месцы «прапіскі» рэдакцыі «Гродзенскай праўды». Шмат часу Быкаў праводзіў і ў будынку, які займала Гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР (так званы Дом Элізы Ажэшкі. – Заўв. аўт.). У доме № 31 на вуліцы Савецкай на працягу 15 гадоў працаваў музейны пакой, прысвечаны Быкаву. Яго экспанаты цяпер захоўваюцца ў літаратурным аддзеле Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (вядомы як Музей Багдановіча).
– Гродзенскі журналіст Вадзім Жураўлёў напісаў кнігу пра Васіля Быкава. Выдадзены ўспаміны Дануты Бічэль, Аляксея Пяткевіча, Аляксея Карпюка, а таксама двухтомнік Сяргея Шапрана, але грунтоўная праца па Быкаву ў белетрыстычным фармаце, напэўна, яшчэ наперадзе. У кантэксце Года гістарычнай памяці варта згадаць, што памяць фарміруецца рукатворна: Гродна не хапае вуліцы Быкава, помніка і памятных дошак у гонар пісьменніка (Пушкіну ў адным Пецярбургу іх больш за 12). Наш горад над Нёманам быў і застанецца горадам Быкава, – лічыць Віталь Карнялюк.
Алена КАЯЧ, фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц