ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
18 августа 2022 / Землякі

Творца з сякерай

Народны майстар Беларусі Іван Супрунчык са Століншчыны гадоў з васьмі пачаў маляваць. Аднавяскоўцы ківалі ў яго бок, маўляў, гаспадара з хлопца не выйдзе. Калі жывеш у вёсцы, патрэбна ўмець касіць, араць, а не квэцаць алоўкам па паперы. Мабыць, таму Іван навучыўся яшчэ і віртуозна валодаць сякерай: з яе дапамогай робіць скульптуры, выставы якіх прайшлі ў розных краінах свету.

Талент без працы нічога не значыць

Рэзчык па дрэву, мастак Іван Супрунчык у 2000-м атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Праз год быў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры. У 2003 годзе ўдастоены звання народнага майстра Беларусі, стаў ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна, праз 5 гадоў яму прысвоілі званне «Ганаровы паляшук». Яшчэ раней пра майстра-самавучку з вёскі Цераблічы журналісты напісалі сотні артыкулаў і знялі не адзін дзясятак перадач, яго наведала нямала знакамітых людзей, у тым ліку і Прэзідэнт краіны, якому Іван Піліпавіч уручыў некалькі сваіх скульптур, зробленых з дапамогай адной толькі сякеры. У падарунак атрымаў набор адмысловых сякер.

– Спачатку да мяне прыйшла павага ўсёй краіны, і толькі потым – аднавяскоўцаў, якія нарэшце перасталі лічыць мяне дзіваком і ацанілі тую працу, якую раблю, – зазначае суразмоўца.

Разважаем з Іванам Пілі-павічам на прадмет таго, што такое талент.

– Талент? Хто яго ведае? Як уселіцца штосьці такое… У мяне так усялілася, што ні дня не мог пражыць, каб не быць у творчым пошуку. Талент без працы нічога не значыць, – упэўнены герой матэрыялу.

Іван Супрунчык нарадзіўся ў ваенным 1942 годзе. Роўна праз два гады яго бацька загінуў, вызваляючы Польшчу ад фашыстаў. Там і пахаваны.

– Ён не ведаў граматы, быў цесляром – будаваў людзям хаты. Прытым меў творчую натуру. Сам сабе змайстраваў скрыпку і граў на ёй на вясковых вяселлях, – распавядае майстар, які лічыць, што добрае валоданне сякерай перайшло ад бацькі. Ён толькі ўдасканаліў яго.

А потым дапаўняе, што і маці Аксіння Сцяпанаўна у яго, малодшага сына, улажыла нямала. Хросная маці Арына Паўловіч таксама паўплывала на хлопчыка. Яна ведала безліч паданняў і расказвала іх Івану. Зараз Супрунчык (які акрамя ўсяго збірае яшчэ і народны эпас) шкадуе, што тады не было магчымасці ўсё запісаць на дыктафон. Старэйшы брат маці Змітрок ведаў шмат казак, Іван Піліпавіч іх памятае да сённяшняга часу. Лічыць, што ўсё гэта і падштурхнула яго да творчасці. Свае першыя творы ён зрабіў у 8–10 гадоў вугальком на белай печы. Тады ж на цэгле выдрапаў партрэт Сталіна. Як крыху падрос, пешшу хадзіў за 18 кіламетраў у Давыд-Гарадок, каб узяць у бібліятэцы кнігі пра мастакоў. Маляваць Івана ніхто не вучыў, усё прышло само.

Сэрца аддана мастацтву

У 1961 годзе хлопца прызвалі ў армію. Там ён афармляў насценгазеты. Калі вярнуўся дамоў, у родным калгасе працаваў мастаком-афарміцелем. У 1965 годзе жаніўся на прыгажуні настаўніцы пачатковых класаў Марыі Сімончык і тады ж пайшоў працаваць у бібліятэку. Тут ён апынуўся ў роднай стыхіі – кнігі, пажаданыя кнігі.

У хуткім часе Іван зразумеў, што яго сэрца ўсё ж аддана мастацтву, і яму патрэбна ўдасканальвацца ў гэтым накірунку. Завочна пайшоў вучыцца ва Усесаюзны народны універсітэт мастацтва на факультэт малюнка і жывапісу. Некалькі гадоў з Церабліч у Маскву ішлі бандэролі з малюнкамі Івана Супрунчыка. Яго мадэлямі былі маці, жонка, сваякі, аднавяскоўцы. Ужо тады ён быў здольны перадаць не толькі знешнія рысы твару, але і псіхалагічны настрой чалавека, яго характар. У любую вольную хвіліну Іван рысаваў. Дарэчы, звычка рабіць накіды засталася на ўсё жыццё. Адначасова Іван Супрунчык займаецца і разбярствам, прычым сур’ёзна. Удзельнічае ў выставах, пленэрах, семінарах. У сваіх родных Цераблічах паставіў 7 помнікаў загінуўшым падчас вайны аднавяскоўцам. Дарэчы, калі сышла з жыцця яго маці, то і ёй сам зрабіў помнік: з развілкі галін дуба выходзіць выява галавы жанчыны ў хустцы, над ёй – крыж. Аксіння Сцяпанаўна і сёння глядзіць сваімі добрымі вачамі на малодшага сына, якому гэтай восенню споўніцца 80 гадоў.

Жывыя крыніцы творчасці

Церабліцкі Цэнтр драўлянай творчасці з’явіўся ў вёсцы ў 1996 годзе. Створаны ён Іванам Піліпавічам з той нагоды, каб сабраць разам усе свае творы, якія засталіся «жыць» на Століншчыне, бо многія раз’ехаліся па розных гарадах і краінах. Экскурсію па музею народны майстар заўсёды пачынае з падарожжа ў гісторыю вёскі.

З парога гасцей сустракаюць фігуры мясцовых жыхароў. Гэта – роданачальнікі мясцовых прозвішч, якіх налічваецца 16.

– Я сам з рода Стральцоў, а яшчэ былі Ліхваны, Мельнікі, Каўбасы і іншыя, – рапавядае Іван Піліпавіч.

Наведвальнікаў музея ён вядзе ад кампазіцыі да кампазіцыі, як па коле жыцця чалавека. На ўсе тэмы ёсць інсталяцыі. Праз дрэва майстар паказаў і важныя падзеі – палёт у космас, развал Савецкага Саюза, Алімпійскія гульні. І нават тое, як інтэрнэт уплывае на людзей. Але музей не толькі месца, дзе сабраны творы скульптара. Захапленне этнаграфіяй вылілася ў калекцыю прадметаў сялянскага побыту. Сярод экспанатаў нямала цікавых. Напрыклад, якар, знойдзены сярод палескіх балот. І човен з моранага дубу, які невядома колькі часу праляжаў затоплены ў рэчцы. І ўсё ж найбольшую цікавасць выклікаюць «людзі з-пад сякеры». Яны хоць і драўляныя, але маюць характар, лёс і… будучыню, бо з’яўляюцца адзінымі ў свеце.

Тое, што Іван Супрунчык стварае з дрэва з дапамогай адной толькі сякеры, ён называе «сякернай пластыкай». І толькі ён у нашай краіне ёй валодае. Такому не навучыцца. Можна ўмець секчы дровы. Скульптура ж нараджаецца не з сякерных зарубак. Яна невытлумачальна паўстае з памкненняў душы, мастацкай здольнасці мысліць вобразамі, адштурхоўвацца ад асацыяцый, энергія якіх і надае мастаку найвышэйшую ступень валодання інструментам. Іван Супрунчык не раз даваў майстар-класы, сек на вачах здіўленых талентам палескага самародка скульптуру за скульптурай. У майстра было шмат вучняў, але ўсе яны ў адзін голас кажуць, што навучыцца высякаць скульптуры так, як Супрунчык, немагчыма.

Галіна СТРОЦКАЯ
Фота аўтара