ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
25 декабря 2019 / Стиль жизни

У калядны час цікава будзе пабачыць прадстаўленне непаўторнай беларускай батлейкі

Паходзіць слова «батлейка» ад назвы месца, дзе нарадзіўся Хрыстос – Віфлеем, Бэтлеэм, або Бэйтлехэм. Гэты старажытны народны лялечны тэатр уяўляе сабой адну з самых цікавых старонак нашага мастацтва.

У Заходняй Еўропе тэатральныя пастаноўкі на рэлігійныя тэмы ставілі яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Потым папулярнымі сталі пераносныя лялечныя тэатры. У Беларусі батлейка з’явілася ў ХVІ стагоддзі: сюжэт пра нараджэнне Хрыста і цара-злачынца Ірада паказвалі манахі-францысканцы. Часцей за ўсё гэта адбывалася на калядныя святы і падчас кірмашоў. Запрашалі батлейшчыкаў і да двароў феадалаў.

Пераносны лялечны тэатр ствараў сам батлейшчык, вырабляючы з дрэва вялікую скрыню ў выглядзе хаткі ці вясковай царквы. «Гаспадар» батлейкі стаяў за скрыняй, кіраваў лялькамі і прамаўляў тэкст галасамі персанажаў. Нярэдка ён быў не толькі выканаўцам, але і драматургам, рэжысёрам, мастаком і музыкам у адной асобе.

Рэпертуар батлеек складаўся з двух жанраў: з «высокага» – п’ес рэлігійнай тэматыкі і «нізкага» – сатырычных сцэнак з народнага жыцця. З левага боку верхняга яруса скрыні звычайна знаходзіўся «рай», з правага боку ніжняга яруса – «пекла».

«Цар Ірад» шмат гадоў была адзінай пастаноўкай батлейкі. З цягам часу з’явіліся новыя персанажы, у якіх гледачы пазнавалі саміх сябе, сваіх суседзяў, сваякоў і знаёмых. Фанабэрыстаму шляхціцу, гультаю-п’яніцу, злодзею-прайдзісвету, лекару-шарлатану, хітраму карчмару заўсёды процістаяў селянін – працавіты, кемлівы, вясёлы. Іграліся гэтыя спектаклі шмат разоў. Вельмі папулярнымі былі драмы «Цар Максiмiліян», «Цар Мамай», «Лодка» i народныя сцэнкі «Мацей i доктар», «Антон з казой i Антонiхай», «Вольскi – купец польскi», «Рыгор i франт», «Барыня i доктар».

Бывала, што паказ суправаджаўся музыкай батлеечнага ансамбля – скрыпкі, цымбалаў, гармоніка.

Летуценнікі-батлейшчыкі вандравалі па ўсёй краіне. Сустракалі іх як дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся дзеці.

З гадамі батлейка мянялася, у камедыйных сцэнках пачалі ўдзельнічаць артысты. Гэта яшчэ больш цешыла гледачоў.

Сваю папулярнасць батлейка пачала страчваць пасля Першай сусветнай вайны. Аднак у 1915 годзе, быццам на развітанне, у Мінску было паказана 90 прадстаўленняў запар! У 1923-м у беларускім павільёне Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве пісьменнік Іларый Барашка з вялікім поспехам паказаў некалькі спектакляў батлейкі. Публічныя паказы мелі месца яшчэ ў 60-х гадах ХХ стагоддзя. Вобразы батлейкі знайшлі сваё адлюстраванне ў драматургіі Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Караткевіча.

Падрыхтаваў Сяргей КIРЫК

Фото БЕЛТА


Материал с сайта: 1prof.by
Ссылка на оригинал статьи: https://1prof.by/news/digest/kak_poyavilas_belorusskaya_batleika.html