ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
28 ноября 2021 / Спадчына

У пошуках артэфактаў

У самым сэрцы старажытнага Полацка на тэрыторыі Верхняга замка археолагі сёння вядуць раскопкі. Яны ўжо дайшлі да ўзроўню XIV стагоддзя – дасягнулі глыбіні прыкладна 4 метры. Такіх глыбокіх раскопаў у горадзе не было некалькі дзесяцігоддзяў. У планах – даследаваць культурны слой да Х стагоддзя.

Не страціць гісторыю

Работы пачаліся 30 верасня. Спецыялісты называюць іх аўральнымі, бо скончыць распачатую справу трэба максімальна хутка. На гэтым месцы некалі знаходзіўся бальнічны гарадок, яго будынкі вырашана прыстасаваць для патрэб Полацкага кадэцкага вучылі­шча. З’явяцца і новыя пабудовы. Зараз гісторыкі вывучаюць культурны слой, пакуль ён не знішчаны.

– Пачынаць капаць варта было яшчэ ў маі, – адзначае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў, які кіруе раскопкамі. – Але мы чакалі, пакуль з’явяцца ўмацаванні падмуркаў дамоў, што знаходзяцца побач. Каб цалкам саступіць пляцоўку будаўнікам, патрэбна каля 5 месяцаў.

Позні старт раскопак нязручны па многіх прычынах. Адна з іх – некамфортнае надвор’е. Першыя дні лістапада выдаліся сонечнымі, а да гэтага раскоп паліваў дождж. Тэнт дапамагаў, але ж пры моцным ветры карысці ад гэтай канструкцыі няшмат. Работы працягнуцца, пакуль тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за мінус 5 градусаў. Потым давядзецца чакаць да вясны.

Складана восенню і з валанцёрамі. Чатыры тыдні на раскопках адпрацавалі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, на змену ім прыйшлі навучэнцы Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, а таксама аматары, якія працуюць па дагаворы падраду.

Марат Клімаў заўважае: археалагічную навуку рабочыя спасцігаюць прама на раскопе. Каб навучыцца акуратна здымаць слой зямлі, адрозніваць кавалак дрэва ад косткі, вызначаць прыкметы пажару і разумець, якую знаходку нельга чапаць рукамі, пакуль на яе не пагля­дзіць археолаг, павінна прайсці не менш як тры дні.

На раскопкі людзі прыходзяць часцей за ўсё свядома. Арцём, напрыклад, – рамеснік, вырабляе ўпрыгажэнні з дрэва. Раскопкі вабяць яго магчымасцю прычынiцца да гісторыі роднага горада. Тым больш што яго многае звязвае з Верхнім замкам.

– На гэтым месцы стаяла бальніца, дзе ў менінгітным аддзяленні працавала медсястрой мая бабуля, – расказвае Арцём. – Побач таксама знаходзіцца Сафійскі сабор, а мой дзядуля рабіў для яго лавы. Я карэнны палачанін, у Полацку нарадзіліся мае маці, цётка, брат. Мне важна дакрануцца да вытокаў малой радзімы.

Скарбы полацкай зямлі

Упершыню археалагічныя работы на тэрыторыі Верхняга замка праводзіў з 1958 па 1961 гады прафесар, доктар гістарычных навук Георгій Штыхаў.

– У наш раскоп часткова ўвайшоў вал горада Полацка, ён даследуецца ўпершыню, – распавядае Марат Клімаў. – Што тычыцца знаходак, то сенсацый пакуль не было. Шчыра кажучы, мы іх і не чакалі. Нам важна зафіксаваць развіццё гэтай часткі Верхняга замка, цікавiць яе забудова.

Археолагі знайшлі кераміку, вырабы з косці, шкляныя бранзалеты, кавалкі скуры, два фрагменты кальчугі. На ўчастку Верхняга замка, дарэчы, не аднойчы трапляліся артэфакты, якія сведчаць пра пісьменнасць старажытных палачан, у прыватнасці, пісалы і кніжная засцёжка. Аднак ніводнай полацкай берасцяной граматы пакуль што не зафіксавана. Марат Клімаў прызнаецца: калі раскопкі падораць такі артэфакт, гэта стане сапраўднай ўдачай.

Усе знаходкі будуць перададзены для вывучэння ў Акадэмію навук, потым яны зноў вернуцца ў Полацк, дзе неўзабаве адкрыецца музей археалогіі. Пад новую ўстанову ўжо выдзелены будынак – былы жылы корпус францысканскага манастыра на Ніжне-Пакроўскай вуліцы. Сваё месца ў музеі таксама зоймуць больш за 20 тысяч прадметаў археалогіі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ, фота аўтара