Віталь Карпанаў: «Наш канцэрт – гэта музыка, стэндап і дыялог»
Сёлета гурт «Дразды» выпусціў новы альбом «Беларусь, ты – мая!». Упершыню ўсе 10 песень – на беларускай мове. У іх і любоў да Айчыны, бацькоў, гонар за роднае і вясковае, новая лірыка і стары добры гумар. Спыталіся ў саліста Віталя Карпанава, чаму сёння калектыў збірае аншлагі нават у маленькіх гарадах і ў чым феномен песні «Хата бацькоў», якую заспявала ўся краіна.
- – Віталь, большасць тваіх кампазіцый была напісана на рускай мове, а тут – целы беларускамоўны альбом!
– Так! Гэта была мара, якая з’явілася больш за 17 гадоў таму, калі мы выпусцілі песню «Каханая дзяўчына». Мы адчувалі, грамадству патрэбна нешта сваё, роднае. У нейкім сэнсе нават фундаментальнае – каб адгукалася ў сэрцы. Я доўга марыў і нават прасіў Бога пра песню, якая выстраліць. Ведаеце, як «Фантазёр» Еўдакімава. У 2020-м з’явіўся першы куплет «Хаты бацькоў» – і яе заспявала ўся краіна. Больш за тое: дзякуючы гэтай песне нас запрасілі ў Маскву на шоу. Мне многія расіяне тады прызналіся: яны вельмі сумуюць па беларускай гаворцы, якую палюбілі дзякуючы Уладзіміру Мулявіну. Прыкладна з тых часоў мы пачалі супрацоўнічаць з паэтам Леанідам Пранчаком, вершы якога склалі аснову новага альбома. Нядаўна мы прэзентавалі яго ў Мірскім замку.
- – Ужо абкаталі па гарадах?
– З пачатку года далі больш за 140 канцэртаў па гарадах і вёсках. Быў перыяд, калі мы выступалі кожны дзень! Прыемна тое, што ініцыятыва зыходзіла ад людзей з месцаў. Яны спачатку пісалі нам у сацсетках, а потым самі ішлі ў дамы культуры і прапанавалі кіраўнікам запрасіць ансамбль «Дразды». Мы нікому не адмаўлялі. Везлі свой гук і збіралі аншлагі. Прычым людзі куплялі не самыя танныя білеты.
- – Як у такім тэмпе жыць?
– Мы марылі пра такі вопыт! Таму, калі нас пачалі запрашаць на канцэрты, толькі ўзрадаваліся: нарэшце! Да, было складана. Тым больш што мы не маглі сабе дазволіць паехаць, напрыклад, у Віцебскі рэгіён і там прабыць тыдзень ці два. Кожны раз павінны былі вяртацца ў Мінск. Справа ў тым, што ўсе ўдзельнікі гурта яшчэ і працуюць. Баяніст Ілля Нямыцька – у школе, бас-гітарыст Сяргей Кісялёў – у газеце Мінс-кага трактарнага, ударнік Андрэй Маўрын – у Презідэнтскім аркестры, саксафаніст Канстанцін Цеўрызаў – у аркестры МУС, а гітарыст Раман Гарбацкі – у аркестры Дэпартамента аховы.
- – Твае канцэрты – не проста музыка. Гэта і дыялог з глядачамі, і стэндап…
– Так, я дзялюся з людзьмі гісторыямі з дзяцінства, юнацтва – яны адклікаюцца кожнаму. Таму што амаль усе мы калісьці хадзілі басанож купацца на рэчку, лазілі дамоў праз вокны і трошачкі саромеліся сваёй трасянкі, калі прыязджалі ў горад. Я шмат жартую, траўлю байкі, задаю пытанні, нават запрашаю гледачоў на сцэну. У нейкі момант мы зразумелі, што наш ансамбль становіцца голасам, якому не проста падпяваюць, а які мае шанец данесці да людзей розныя важныя рэчы. Напрыклад, пра тое, як шмат наша дзяржава робіць для народа: дастаткова паглядзець на дарогі, аграгарадкі, умовы працы. Атрымліваецца такі патрыятычны дыялог. Пасля нашых канцэртаў людзі на многія рэчы гатовыя глядзець па-іншаму.
- – У новым альбоме шмат песень пра беларускую мову. Ты нават прапануеш слухачам пераходзіць на яе. Аднак зразумела, што гэтага недастаткова. Што яшчэ, на тваю думку, трэба зрабіць, каб людзі хаця б спрабавалі гаварыць па-беларуску?
– Наш альбом паказаў, што ў грамадстве ёсць попыт на беларускую мову. Аднак размаўляць на ёй павінны не толькі артысты, творчыя людзі. Усе, хто мае дачыненне да ўлады, – дэпутаты, кіраўнікі розных узроўняў, хто выступае ў СМІ – журналісты, спартсмены, прадпрымальнікі, павінны, як могуць, гаварыць на роднай мове. Калі мова загучыць праз два-тры інтэрв’ю, людзі звернуць на гэта ўвагу. І галоўнае: нікога не трэба прымушаць – усё павінна ісці ад сэрца.
- – Шмат выканаўцаў укладваюць у свае кліпы мільёны, а вы можаце ехаць дадому і на прыпынку зняць відэа з аднаго дубля…
– Апошні прыклад: мы вярталіся з канцэрта і дзесьці паміж Маладзечна і Смаргонню прама ў чыстым полі на аматарскую камеру знялі кліп «Апошні танец».
- – І гэта працуе: інтэрнэт-гледачам падабаецца. Як ты гэта патлумачыш?
– Зараз час такі: усё можна зняць на тэлефон, а людзі глядзяць кароткія відэа, па 15 секунд. Ніхто не пераглядае кліпы. Нашым прыхільнікам падабаецца тое, што яны атаясамліваюць сябе з намі. Яны таксама могуць стаць ля хаты ці ў полі, спець і зняць сябе на смартфон. Усё проста і зразумела. Канешне, мы плануем кожны год запісваць прыкладна чатыры прафесійных кліпа, добра прадуманых, з рэжысёрскай работай. Але практыка паказвае, што такія відэа набіраюць значна менш праглядаў і водгукаў.
- – У сваіх ранніх інтэрв’ю ты адзначаў, што ў творчасці арыентаваўся на гурт «Ласкавы май». А зараз?
– Так і было! Памятаю, тата прывёз з Польшчы магнітафон і дзве касеты – з песнямі Сафіі Ратару і «Ласкавым маем». Ратару мне не спадабалася, а вось Юрый Шатуноў – вельмі! Трэба прызнацца, што вялікай музычнай культуры ў маёй вёсцы не было. Depeche Mode, Scorpions, Metallica – ўсё гэта слухалася значна пазней, каб пашырыць кругагляд. І што я зразумеў: многія артысты сільна памыляюцца, калі стараюцца рабіць, як хтосьці, напрыклад, у Расіі ці Еўропе. Або кідаюцца ў кавер-бэнды. Трэба глядзець у сябе, пісаць аўтарскі матэрыял. Можа, праз 10 гадоў ён стане залатым.
- – Зразумела, што быць артыстам і жыць у вёсцы амаль немагчыма. Але ці хацелася б?
– Я злавіў сябе на думцы, што ў падлеткавым узросце кожны хлопец марыць вырвацца з вёскі. Маўляў, я не буду працаваць на трактары, у калгасе! І я са сваімі сябрамі таксама. А зараз, калі мне амаль 42 гады, ужо мару, каб халодным зімнім вечарам сядзець каля цёплай печкі, падкідваць дровы і адчуваць спакой. Гэта мой ідэальны варыянт. Гэта маё беларускае шчасце.
- – Жонка падтрымлівае такія планы?
– Яна не супраць хаты, але каб тая была пад Мінскам!
- – Вобраз вашага калектыву – весялуны-гаваруны. Але мне падаецца, што вы ўжо выраслі з яго. Ці не так?
– Канешне, калі мы выходзілі на сцэну ў 25 гадоў, гэта было зусім іншае. Наш рэпертуар быў заточаны не на зал, а на карпаратывы. Стаяла задача зарабляць грошы. Але з часам мы змяніліся. Цяпер нават фізічна не можам «дрыгацца» на сцэне, як тады! Мы пераацанілі жыццё, наваколле, свае памылкі. І разам змянілася музыка. Гэта не значыць, што мы перасталі рабіць вясёлыя песні, проста зараз шукаем залатую сярэдзіну.
- – Што можаш сказаць хейтэрам, калі яны ёсць?
– Пішыце песні, а не пісьма. Хейтэры будуць заўжды, але мы плануем працаваць для людзей, якія вераць у нас і падтрымліваюць. Іх шмат.
Юлія ЯШЭЎСКАЯ, фота з архіва калектыву