ГАЗЕТА ФЕДЭРАЦЫI ПРАФСАЮЗАУ БЕЛАРУСI
41 2104
10 сентября 2025 / Спортпляцоўка

Загартоўка ў пачатку шляху

Праз два гады Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Беларуськалій» адзначыць сваё 55-годдзе. Установа ўсяго на 14 гадоў маладзей за родны Салігорск. Таму фраза «гісторыя школы – гэта гісторыя горада» – у дадзеным выпадку цалкам адпавядае рэчаіснасці.

Горад, улюблёны ў спорт

Прафсаюзная ДЮСШ размяшчаецца ў спартыўным комплексе «Шахцёр» ААТ «Беларуськалій», які адпавядае высокім міжнародным стандартам. Між тым умовы для заняткаў – адзін з асноўных складнікаў паспяховых трэніровак, лічыць дырэктар спартыўнай школы Таццяна Пераяслава.

– Пасля завяршэння рэканструкцыі комплекса спартыўныя паказчыкі растуць, – аргументуе яна. – Штогод мы перадаём сваіх выпускнікоў у вышэйшае звяно падрыхтоўкі спартсменаў. Сёлета падрыхтавалі двух кандыдатаў у майстры спорту па вольнай барацьбе, атрыманы першы разрад па вольнай барацьбе і тэнісу, у складзе зборнай Мінскай вобласці нашы легкаатлеты выязджалі на рэспубліканскія спаборніцтвы.

За ўвесь перыяд існавання школы з яе сцен выйшла цэлая плеяда выдатных спартсменаў, дадае кіраўнік. Сярод іх два ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў, шэсць майстроў спорту міжнароднага класу, прызёры Еўропы і свету.

На сённяшні дзень у спартыўнай школе маюцца тры аддзяленні: вольнай барацьбы, лёгкай атлетыцы і тэнісу. З дзецьмі займаюцца 12 трэнераў, з іх чатыры першай кваліфікацыйнай катэгорыі і сем – другой. Два педагогі з’яўляюцца стыпендыятамі Прэзідэнцкага спартыўнага клубу.

Сама Таццяна Пераяслава ў якасці прафесійнай спартсменкі скончыла гэтую ж школу. Выхаванцам ДЮСШ быў і старшыня прафсаюзнага камітэта «Беларуськалія» Андрэй Рыбак. Салігарчане ўвогуле славяцца асаблівым стаўленнем да спорту. Гэта не проста легендарныя клубы, вядомыя спартсмены, гэта – улюблёнасць у спорт усіх гараджан, ад малога да вялікага.

Спартыўная школа арэндуе ў прадпрыемства стадыён і памяшканні на бязвыплатнай аснове.

– На арганізацыю аздараўленчай кампаніі праз прафкам закупляем спартыўны інвентар, – дадае дырэктар. – Штогод складаем смету на спартыўныя мерапрыемствы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. За кошт прафкама сёлета набылі касцюмы з дзяржаўнай сімволікай. Асноўная сума нашых выдаткаў – выезды на спаборніцтвы.

На адной мове з дзецьмі

Па трох відах спорту тут займаюцца больш за 300 навучэнцаў. Самае масавае аддзяленне – лёгкая атлетыка. У 2021 годзе «Беларуськалій» на тэрыторыі комплексу пабудаваў тэнісны манеж на тры корты, што дазволіла ДЮСШ адкрыць аддзяленне тэнісу. І пакуль у Мінскай вобласці такая спартыўная школа – адзіная.

Тэніс адразу спадабаўся жыхарам Салігорска. Дагэтуль у секцыях на 99% займаюцца тыя, хто прыйшоў чатыры гады таму. Трэнер Ганна Крыватулава прыехала сюды працаваць з Мінску, у тэнісе яна з сямі гадоў, гуляла на прафесійным узроўні, удзельнічала ў рэс­публіканскіх і міжнародных турнірах.

– Тэнiс патрабуе самааддачы, – кажа яна. – Гэта ўдаецца не ўсім. Тут вельмі важная тэхніка, над ёй трэба працаваць шмат гадоў, да бясконцасці. Тыя, хто чакае хуткіх вынікаў, могуць расчаравацца.

Эмілія Вяршэнка вучыцца ў 6-м класе СШ № 10 горада Салігорска і мае першы дарослы разрад па тэнісу.

– Я пакуль ніколі не займала ніжэй за прызавое месца, – па праву ганарыцца дзяўчынка. – Мне падабаецца перамагаць. Але ўмею валодаць сабой і пры пройгрышы, гэтаму навучылі трэнеры.

У Салігорскім раёне чатыры спартыўныя школы, з іх адна – прафсаюзная, і толькі ў ёй ёсць лёгкая атлетыка і тэніс. Усе секцыі ў гэтай школе бясплатныя.

– Чым больш відаў спорту прапануецца дзецям, тым больш з іх знойдзе нешта сваё, – упэўнены трэнер па лёгкай атлетыцы, стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Марат Бараўкоў. – У рабоце з дзецьмі самае галоўнае – знаходзіць агульную мову. Інакш дзіця ў спорце доўга не пратрымаецца, максімум – да падлеткавага ўзросту. Але разам з тым важна заставацца для спарт­смена аўтарытэтам.

Васьмікласніца салігорскай сярэдняй школы № 11 Ніка Кулеш займаецца лёгкай атлетыкай пяць гадоў.

– Мне падабаецца дыстанцыя 400 метраў з-за выбуховага характару, – прызнаецца яна. – Атрымліваю асалоду ад пачуцця свабоды, якое дорыць хуткасць. Маю другі дарослы разрад, часта перамагаю на абласных спаборніцтвах, трапляла на рэспубліканскія сярод школьнікаў. Мае наступныя мэты – першы дарослы разрад, КМС, перамога на рэспубліцы і далей. Хачу прафесійна займацца лёгкай атлетыкай і атрымаць спецыяльнасць спартыўнага менеджара.

Каля 90 дзяцей з 9 да 18 гадоў займаюцца на аддзяленні вольнай барацьбы.

– Ёсць групы пачатковай падрыхтоўкі і спартыўнага ўдасканалення, – расказвае трэнер Максім Казлоў. – Сёлета наша выхаванка Маргарыта Данілевіч выйграла першынства Беларусі U-15 і заняла пятае месца на Чэмпіянаце Еўропы U-15 у Італіі.

Навучэнец Салігорскага дзяржаўнага каледжа кандыдат у майстры спорту 17-гадовы Аляксандр Мартыноўскі спыніўся на вольнай барацьбе пасля валейболу і гандболу.

– Спадабалася авалодваць прыёмамі, кідкамі, – тлумачыць юнак. – Заняткі спортам працягну абавязкова. Спорт вучыць пастаяць за сябе, дае пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах, прывучае да здаровага ладу жыцця.

Прафсаюзная ДЮСШ у Салігорску рыхтуе дакументы ў Міністэрства спорту і турызму для павышэння свайго рангу – надання статусу спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Сёння яна адпавядае ўсім неабходным крытэрыям.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, фота аўтара