Чалавек касмiчнай душы
Мінчанін Іван Умінскі не ажыццяўляў касмічных палётаў, але з яго дапамогай узнімаліся ў неба ракеты. Палкоўнік, заслужаны выпрабавальнік касмічнай тэхнікі 22 гады прысвяціў ваеннай службе на знакамiтым касмадроме Байканур. За бездакорнае выкананне задач асаблівай дзяржаўнай важнасці ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікімі медалямі.
Заўсёды ў страi
Зараз Івану Іванавічу 88 гадоў. Але гэтага не скажаш, калі ведаеш, які ён актыўны па жыцці чалавек. Яшчэ ўчора не мог і дня пражыць, каб не сустрэцца з моладдзю, не пабываць у працоўных калектывах, не падзяліцца ўспамінамі. Вельмі ганарыцца тым, што ён – сын сінявокай Беларусі.
Пасля звальнення з арміі ў запас Іван Іванавіч не ўяўляў сябе без грамадскай працы. Выбіраўся намеснікам сакратара партыйнага камітэта Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Займаў пасаду прарэктара па адмiнiстратыўна-гаспадарчай службе Мiжнароднага iнстытута працоўных і сацыяльных зносін. Веў навуковую работу ў ваенна-навуковым таварыстве Беларускага саюза афіцэраў – быў яго сакратаром. Каля 30 гадоў Іван Умінскі ўзначальвае арганізацыю ветэранаў касмадрома Байканур горада Мінска.
Зараз яго жыццёвая актыўнасць трохі запаволілася: вясной Івану Іванавічу зрабiлi аперацыю на адкрытым сэрцы. Але дзякуючы ваенным медыкам і хірургам НПЦ «Кардыялогія» усё прайшло добра. «Гэта сапраўдны баец!» – гавораць медыкі. Ён перамог, бо яшчэ з маленства загортваў характар, каб быць карысным людзям і краіне.
Шлях да касмадрома
Нарадзіўся Іван Умінскі 1 лістапада 1935 года ў вёсцы Гарнастайлава Капыльскага раёна ў сям’і калгаснікаў Івана Васільевіча і Вольгі Іванаўны.
Вучыцца пайшоў толькі ў 9 гадоў, таму што бацька хацеў, каб сын атрымаў адукацыю ў беларускай школе. «Чырвоная Армія пераможа фашыстаў, тады і пойдзеш», – гаварыў Іван Васільевіч.
Пасля сярэдняй школы Іван Умiнскі паступіў у Мінскае ваеннае артылерыйска-мінамётнае вучылішча, якое скончыў з адзнакай. Служыў у Савецкай Арміі.
У 1966 годзе атрымаў дыплом Ваеннай інжынернай акадэміі імя Ф.Э. Дзяржынскага ў Маскве. Мог застацца служыць у сталіцы СССР, аднак выбраў пярэдні край – славуты касмадром Байканур, больш блiзкi да космасу, чым для староннiх людзей. Там быў строгі прапускны рэжым, жудасная спякота пад 50 градусаў летам і люты холад узімку.
Іван Умінскі займаў розныя пасады ў арміі і карыстаўся высокім аўтарытэтам сярод саслужыўцаў і камандавання. Яго памятаюць і сёння – з радасцю сустракаюць як на Байкануры, так і ў Маскве.
Заўсёды побач з iм былі яго самыя верныя і надзейныя людзі – жонка Раіса Ільінічна, а таксама дочкі Святлана і Вольга, якія нарадзіліся на Байкануры, там вучыліся ў школе.
Як чужыя становяцца роднымі
Менавiта на Байкануры я сустрэў гэтага аўтарытэтнага чалавека, які лiтаральна перавярнуў маё жыццё і паказаў прыклад служэння Радзіме, доўгу, людзям, сям’і.
Мы з Іванам Іванавічам пазнаёміліся ў Цэнтральным клінічным ваенным шпіталi касмадрома Байканур летам 1979 года. Даволі хутка і моцна пасябравалі. Ён мне вельмі дапамог. «Нялёгка тут служыць, – казаў. – Але людзі тут надзейныя – кожнаму можна давяраць, як сабе. Інакш нельга. Справу мы робім дзяржаўную і адказную, таму памыляцца ні ў людзях, ні ў ракетах не павінны. Падтрымаем!» І падтрымалі як роднага.
Ніколі не забуду чалавечнасць Умінскіх. Пасля аперацыі мяне ў шпіталі наведала Раіса Ільінічна і прынесла маладую бульбачку, якую яны вырасцілі. І хоць бульбачка тая была меней за курынае яйка, яна – след духоўнай цеплыні Умінскіх.
Яшчэ больш уразіла тое, што Іван Іванавіч пасля выпіскі са шпіталя аддаў мне, амаль незнаёмаму чалавеку, ключы ад сваёй трохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада… «Мы з сям’ёй зараз едзем на радзіму ў Беларусь на адпачынак, таму пажывеш тут адзін, у больш камфортных умовах, чым у гасцініцы!» – падкрэсліў ён.
Іван Іванавіч і Раіса Ільінічна сталі нават называць мяне «наш сынок», прычым прылюдна. Для мяне гэта тады было вялікім гонарам. Удзячна ўспрымаю дарагое прозвiшча і зараз! Гэта як раз той выпадак, калі кажуць, што чужыя людзі становяцца роднымі.
Прыклад дабрынi і чуласцi
Не магу не расказаць яшчэ аб адным выпадку сціпласці і чуткасці. Памятаю, як ужо ў Мінску, куды пераехала на пастаяннае жыхарства сям’я Умінскіх пасля службы, мы з Іванам Іванавічам паехалі ў Гарнастайлава да яго маці, якой тады споўнілася 95 гадоў. Калі на маіх старэнькіх «Жыгулях» мы пад’ехалі да бацькаўскай хаты Умінскіх, то здалёк убачылі, што Вольга Іванаўна носіць колатыя дровы. Не паспеў я спыніць машыну, як 72-гадовы Іван Іванавіч на хаду спрытна выскачыў з яе.
«Мама, мама! Не трэба, не насіце, я ўсё зраблю сам!» – пракрычаў ён. «Сынок, адпачні, ты ж з дарогі», – ласкава адказала Вольга Іванаўна. Яны абняліся, прыселі на старую лаўку і доўга-доўга гаварылі…
Ніколі не забуду гэтую сустрэчу сталых маці і сына. Яна кранае сэрца і мае вельмі вялікі сэнс і прыклад сапраўдных чалавечых адносін. Ты добра разумееш, хто такiя Умінскія і на што яны здольныя.
А здольныя яны на дабро і чуласць, на любоў да Радзімы і роднага краю, на самаадданасць і прыкладнасць ва ўсім! Вось з такіх людзей і мацнее наша дзяржава, наш беларускі народ!
Iх аб’яднаў Байканур
Як яшчэ апiсаць Івана Умінскага? Магчыма, часткова адказаў на гэтае пытанне ён сам у адным са сваіх вершаў, які быў надрукаваны ў кнізе «Байконур объединяет сердца» у 2019 годзе:
- «Судьбе и державе,
Союзу народов
Я благодарен на весь
земной век,
Что был приобщен
к величайшим победам
Крестьянский сын и простой
человек!!!»
Хутчэй зноў стаць у строй Івану Умінскаму жадаюць ветэраны касмадрома Байканур – палкоўнікі ў адстаўцы Васіль Кісялёў, Валянцін Авілаў і Сяргей Капылаў.
Сцяпан КАЛЯНКОВІЧ, падпалкоўнік у адстаўцы
Фота з асабістага архіва Умінскіх